Пункт погляду журналіста: Букет вяргінь
Дзень ведаў чакаюць і дзеці, і дарослыя. Для ўсіх першы вераснёўскі дзень ператвараецца ў сапраўднае свята. І гэта не выпадкова: мы калісьці таксама былі вучнямі і рады яму.
З задавальненнем успамінаю школьныя гады. Гэта было даўно — чатыры дзесяцігоддзі таму, а здаецца, што нядаўна спяшалася ў школу. А з якім хваляваннем чакала 1 верасня! Збірала кветкі для букета, найбольш любіла вяргіні, — і ён атрымліваўся прыгожым.
З гадамі ўсё часцей успамінаю школу, настаўнікаў, аднакласнікаў. Памятаю да драбніц цікавыя выпадкі са школьнага жыцця. Калі сустракаюся з сябрамі, то ўспамінаем многае. Няпроста паверыць, што больш не буду вучаніцай, не зайду ў любімы клас, настаўнік не выкліча да дошкі адказваць…
Зараз радуюся кожнай новай сустрэчы з установай адукацыі раёна, куды прыязджаю па прафесійным абавязку. Пра што б ні даводзілася пісаць — Дзень ведаў, апошні званок, юбілей школы — ахоплівае светлае пачуццё. «Я зноў у школе і дакранаюся да яе таямніц!»— хочацца ўсклікнуць.
Сапраўды, школа дала многае, і за гэта вялікая ўдзячнасць настаўнікам. Тут навучылася грамаце, пазнала сапраўднае сяброўства. Яна была астраўком дзяцінства, на якім бесклапотна жылося. Настаўнікі вялі нас, вучняў, у Краіну ведаў і ў кожным стараліся раскрыць асобу. Многія апраўдалі іх спадзяванні — знайшлі свае накірункі.
Хутка бяжыць час. Не заўважыла, калі выраслі дзеці і знайшлі свае дарогі ў жыцці. Яны больш напорыстыя, дасканала валодаюць сучаснай тэхнікай, маюць свае погляды. Радуюся і адначасова хвалююся, бо заўтра перад імі жыццё паставіць новыя задачы, і хочацца, каб у іх усё атрымалася.
Бытуе меркаванне, што дарогу адолее ідучы. Чалавек ставіць мэту і ўпэўнена ідзе па вызначаным шляху. Мэтанакіраваным і працавітым спрыяе поспех. Шлях да яго многія пракладваюць яшчэ падчас вучобы ў школе. Пацвярджэнне таму — шматлікія пераможцы алімпіяд, конкурсаў, спаборніцтваў. У школьныя гады дзяўчынкі і хлопчыкі вучацца працаваць над сабой і дасягаць вяршынь.
У кожнага свая формула поспеху. І як добра, калі ў юнацтве мы вызначылі, чаму будзем служыць усё свядомае жыццё. Пераканана, што ўлюбёныя ў сваю справу дадуць большую аддачу, чым тыя, хто прыходзіць на працу выпадкова. Ну, скажыце, якая прафесія можа быць лепшай за тую, якая стала сэнсам твайго жыцця? Любімы занятак падштурхоўвае — і з’яўляецца вялізарнае жаданне тварыць, дыхаць на поўныя грудзі і проста быць шчаслівым.
Хутка верасень пакліча дзетвару за парты. Дзяўчынкі і хлопчыкі будуць старацца вучыцца, і гэту добрую звычку многія пранясуць праз усё жыццё. Адукаванаму чалавеку лягчэй крочыць па зямлі — веды былі і застануцца надзейнай апорай. Тым падмуркам, на аснове чаго дзень за днём мы імкнёмся зрабіць нашы будні лепшымі, светлымі, насычанымі. Каб не было больш у іх пахмурных дзён і нязбытых мар. Калі сустрэнуцца на шляху цяжкасці, то будуць старацца іх пераадолець. Улюбёным у жыццё і моцным духам усё пад сілу.
Галіна СМАЛЯНКА