В Кореличском районе убрано 63% зерновых
Хлебаробы Карэліччыны пераступілі экватар уборачнай кампаніі. Але зніжаць тэмпы збожжавай страды працаўнікі раёна не збіраюцца. Пакуль надвор’е радуе сонечнымі днямі, штораніцу максімальная колькасць камбайнавых экіпажаў кожнай гаспадаркі накіроўваецца на хлебныя палеткі раёна, каб павялічваць агульны каравай Карэліччыны.
63% убраных збожжавых палёў – выдатны агульнараённы паказчык, якога дасягнулі аграрыі па стану на раніцу 3 жніўня. Калі параўноўваць з мінулым годам, то сёлетняя лічба пераўзыходзіць леташнюю ў 10 разоў. У 2017 годзе на пачатак апошняга месяца лета было ўбрана 6% ад агульных плошчаў.
Па тэмпах уборачнай кампаніі першынства належыць СВК “Свіцязянка-2003”, дзе хлебаробы абмалацілі зерневыя на 1515 га, альбо 72% ад агульных 2104 га. Такія гаспадаркі, як ДП “Лукі-Агра”, ДП “Царука”, СВК “Маяк-Заполле”, ДП “Племзавод “Карэлічы” усяго на некалькі працэнтаў саступаюць лідару і кожная з іх ужо ўбрала больш за 65% ад запланаваных плошчаў.
Найвышэйшы ўраджай з аднаго гектара атрымалі хлебаробы СВК “Маяк-Заполле” – 63,8 ц/га. Такі вынік з’яўляецца прыкладам не толькі для гаспадарак раёна, але і вобласці. На вышэйшай прыступцы абласной зводкі на сённяшні дзень знаходзіцца Гродзенскі раён, дзе з аднаго гектара збіраюць 46,8 цэнтнераў зерня. Ганаровае другое месца па ўраджайнасці мае Карэліччына — 44,9 ц/га.
Па агульнаму намалоту на першы план выйшлі маякоўцы, якія на раніцу 3 жніўня сабралі 9010 тон зерня. СВК “Свіцязянка-2003” і СВК “Жухавічы” ўтрымліваюць другую і трэцюю пазіцыі, намалаціўшы 7588 тон і 7350 тон збожжа адпаведна.
На сённяшні дзень большасць гаспадарак падыходзіць да завяршэння ўборкі азімай пшаніцы. Усяго сельгаспрадпрыемствамі Карэліччыны намалочана 29050 тон зерня. Абмалочваюць таксама яравы ячмень, азімае трыцікале, пасля чаго яно адвозіцца на зернесушыльныя комплексы для далейшых ачысткі і сушкі.
Пад’язджаючы да КЗС “Даўгінава”, дзе дапрацоўваецца зерневы ўраджай ДП “Малюшычы”, здалёк заўважаю залатыя горы збожжа, якія не могуць не радаваць вока. На зернесушылках комплексу працуюць 12 чалавек, ад працы якіх залежыць якасць канчатковага зерневага запасу гаспадаркі.
Менавіта тут зарабляе свой першы хлеб моладзь ДП “Малюшычы”. Андрэй і Алег Блакіцкія, а таксама іх стрыечны брат Аляксандр Андрэйчык на працягу дзесяці дзён, з 11 па 21 ліпеня, працавалі на зернесушыльным комплексе ў якасці студатрадаўцаў. Спадабалася. Таму сёння малады сямейны падрад з в. Баранавічы з’яўляецца паляводамі на зернетаку “Даўгінава”.
– Ад працы ў студатрадзе засталіся толькі станоўчыя ўражанні. Вырашылі надалей не сядзець дома, а займацца карыснай справай, – падзяліўся студэнт другога курса Мінскага дзяржаўнага палітэхнічнага каледжа Андрэй Блакіцкі. – Умовамі працы вельмі задаволены: з в. Баранавічы, дзе мы жывём, даязджаем на калгасным транспарце, па прыемным кошце ў 60 капеек атрымліваем паўнацэнны абед. Да таго ж уласныя грошы зарабляем, якія можна патраціць на штосьці карыснае. Асабіста я збіраю на ноўтбук.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара