В Кореличском районе взялись за тотальную генеральную уборку крупных населенных пунктов (фото)
Чысціня, дагледжанасць, прыгажосць – гэтыя словы даўно сталі для замежных турыстаў сінонімамі Беларусі, своеасаблівым брэндам нашай краіны. А ў Год малой радзімы пытанне добраўпарадкавання гучыць асабліва востра. У тым ліку і для Карэліцкага раёна, які жыве на скрыжаванні дарог рэспубліканскага значэння і прыцягвае ўвагу многіх.
Да таго ж, зараз Карэліччына паспяхова завяршае ўборку зерневых па традыцыі ў ліку першых у Гродзенскай вобласці. Таму самы час брацца за ўборку тэрыторый, каб зелле і смецце не парушылі заробленыя цяжкай працай аўтарытэт і статус Карэліцкага раёна ў рэгіёне. Бо добры гаспадар той, у каго не толькі ў гумне ўсяго багата, але і ў хаце і на двары – парадак.
Ці адпавядае гэта нашай рэчаіснасці, даведаўся журналіст газеты “Полымя” падчас рэйду па Карэліччыне разам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Аляксандрам Віктаравічам Шкадавым і галоўным урачом раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Аляксандрам Уладзіміравічам Германюком.
Бягучы тыдзень пачаўся з татальнай праверкі сельскіх выканаўчых камітэтаў і аграгарадкоў на пытанне добраўпарадкавання і належнага выгляду. У панядзелак, 13 жніўня, маршрут рэйда прайшоў практычна праз усе цэнтральныя сядзібы Карэліцкага раёна – аграгарадкі Турэц, Цырын, Райца, Малюшычы, Машэвічы, Палужжа, Лукі, Ярэмічы і Краснае.
Кароткае рэзюме паездкі змясцілася ў адно слова, якое неаднаразова гучала ў дарозе, — “цярпіма”. Згадзіцеся, што гэта хоць і не дрэнная, але ж і не самая добрая адзнака дзейнасці ў сферы добраўпарадкавання.
Пачнем з пазітыўнага. І тут самых шчырых слоў падзякі за клопат пра сваю зямлю заслугоўваюць кіраўнікі і жыхары аграгарадкоў Райца і Ярэмічы. Менавіта так павінны выглядаць цэнтральныя сядзібы.
Таксама, у цэлым, парадавалі знешнім выглядам і дагледжанасцю тэрыторый Лукі, Цырын, Малюшычы, Палужжа і Машэвічы.
Прыемна здзівілі ў Турцы. Калі мы зазірнулі туды раніцай, мясцовасць ля сельвыканкама была неабкошанай. Але ўжо праз некалькі гадзін гэтае пытанне кіраўніцтва паспяхова вырашыла. Засталося толькі падрамантаваць летнюю танцпляцоўку насупраць мясцовага Дома культуры, прывесці ў парадак тратуары ў цэнтры аграгарадка, каб яны не нагадвалі сцежкі ў траве ды прайсціся касой абапал дарог і вакол будынкаў.
Больш намаганняў патрабуе дабраўпарадкаванне аграгарадка Краснае. Тут адной касой альбо трымерам не абыдзешся. Патрэбна разабрацца і са смеццем у цэнтры і на аўтобусным прыпынку, і хаця бы з касметычным рамонтам цэнтральных будынкаў, бо чаго вартая адна толькі разбітая лесвіца, што вядзе ў сельвыканкам і праўленне СВК. Зразумела, тутэйшая гаспадарка – адна з перадавых у раёне і большасць працоўных рэсурсаў задзейнічаны на ўборцы ўраджаю. Але ж гарачая пара для аграрыяў паступова завяршаецца, таму самы час заняцца навядзеннем прыгажосці і парадку.
Таксама ў большасці аграгарадкоў не самым лепшым чынам выглядаюць гандлёвыя кропкі. Гэта датычыцца як аб’ектаў раённага спажывецкага таварыства, так і прыватных. Кветнікі, якія больш нагадваюць зараслі зелля, буйныя травы замест газонаў – наўрад ці каму спадабаюцца такія пейзажы вакол магазінаў.
Яшчэ адна “карціна алеем”, што паўтаралася ад аднаго месца да другога, а свайго апагею дасягнула не дзе-небудзь, а ў цэнтры нашага раёна – у Карэлічах на вуліцы Пушкіна, умоўна названа “кантраст”. Гэта калі ля аднаго і таго ж будынка палова тэрыторыі просіцца на вокладку ландшафтнага часопіса, а другая – лаўрэат прэміі “Бур’ян года”. Неверагодна, але факт.
А хочацца, каб такіх “фактаў” у нашым раёне было як мага менш. І хоць на сёння пытанняў у сферы добраўпарадкавання больш, чым адказаў, вера ў лепшае застаецца нязменнай. Паказальнымі ў гэтым плане былі падчас рэйда рэакцыі кіраўнікоў гаспадарак і арганізацый на тэлефонныя і асабістыя размовы са старшынёй раённага Савета дэпутатаў А. В. Шкадавым і галоўным урачом раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі А. У. Германюком. Усе агучылі гатоўнасць да пазітыўных зменаў.
Да таго ж, як трапна сказаў Аляксандр Віктаравіч Шкадаў: “У справе добраўпарадкавання ўсё залежыць ад чалавека і галоўнае – ад яго сумлення”. А пачуццё гэтае ў жыхароў Карэліцкага краю было і застаецца моцным і вырашальным у прыняцці важных рашэнняў.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара
Это правда, парк и стадион совершенно заброшены. Место очень красивое, живописное, но состояние оставляет желать лучшего. Спортивная зона с турниками практически пришла в негодность ( что не удивительно, там ничего не ремонтировалось лет 25) . Все детские развлечения ( качели, лабиринт, горка) уже давно снесены или не пригодны к использованию. Беговые дорожки стадиона в ямах и трещинах. Даже если кто-то и хотел бы выйти на пробежку, в Кореличах это сделать проблематично. А ведь спорт и активность напрямую влияют на качество жизни. Но, видимо, это мало интересует руководство , к сожалению.
Рейтинг комментария:+2-1
Дзякуй за такі важны і змястоўны каментарый, за шчырыя думкі! Сапраўды, добраўпарадкаваны і прыгожы гарадскі парк надае кожнаму месцу асаблівы выгляд, а жыхарам — добры настрой. Спадзяёмся, што адказ на Вашы пытанні будзе не толькі словам, але і справай.
Рейтинг комментария:+10
А чаму, цікава правяраючыя не зазірнулі ў гарадскі парк Карэліч?
Тэрыторыю парка, што прылягае да СШ 1, відаць, што абкошваюць работнікі школы, тую тэрыторыю, што прылягае да стадыёна, абкошваюць работнікі стадыёна, а сам парк (цэнтральная яго частка) патанае ў высокай траве. Нядзіва, што мясцовыя жыхары абралі гарадскі парк добрым месцам для выпасу хатняй жывёлы. Козы, коні знаходзяць у парку шмат добрай сакавітай травы… Дарожкі, а іх усяго дзве у нашым парку, не бачылі рамонту, бадай, з тых пор, як былі пракладзены дзесяткі гадоў таму… З дзіцячай каляскай прайсці складана — ламаюцца колы… Не кажучы пра тое, каб дазволіць дзіцяці самому прайсці па рытвінах старога асфальту…
Што і казаць пра танцпляцоўку ў гарадскім парку? Проста напаўразбураны стан, адарваны лісты даху, фарба выцвіла… Што апісваць? Прыдзіце, самі паглядзіце.
Але ведаеце, сама мэта — навесці парадак на зямлі, усё абкасіць і пафарбаваць — пахвальная, аднак, мяркую, што і гэта не самае галоўнае! Важна, каб у гарадскім парку аднавілася культурнае жыццё. Раней многія раённыя мерапрыемствы ладзіліся менавіта ў парку. Чаму б не аднавіць даўнюю традыцыю?
І чаму б не ўсталяваць у парку хоць самую сціплую дзіцячую пляцоўку? Няўжо ў бюджэце Карэліцкага раёна не знойдзецца сродкаў на некалькі качэляў, горку ды пясочніцу?
Памятаеце, Карл Маркс пісаў: «Бытие определяет сознание». І аб ім патрэбна паклапаціцца ўжо сёння.
Рейтинг комментария:+80