Бал в Доме-музее Адама Мицкевича в Новогрудке научил танцам 19-го столетия жителей Беларуси, Германии и Польши (фото+видео)
Шлях Адама Міцкевіча, які распачаўся ў Навагрудку, прайшоў праз многія землі, і праз карэліцую — таксама. Таму ўсе падзеі, звязаныя з жыццём сусветна вядомага Паэта, знаходзяць водгук у сэрцах жыхароў нашага краю. А калі гаворка ідзе яшчэ і пра баль у лепшых шляхецкіх традыцыях, прымеркаваны да 80-годдзя з часу адкрыцця Дома-музея Адама Міцкевіча і да 220-годдзя з дня нараджэння Творцы, то захапленню і рамантычнаму настрою няма межаў.
Толькі ўслухайцеся ў меладычнасць слоў: кантраданс, катыльён, вальс, кадрыля, грасфатар. Ад аднаго іх гучання душа танцуе. А віцебскі клуб культурна-гістарычнай рэканструкцыі “Паўночная вежа” і мінская школа танцаў “Капітэль” зрабілі ўсё магчымае, каб не толькі душа, але і кожны госць балю ў Доме-музеі Адама Міцкевіча паспрабаваў сябе ў ролі танцора ды асвоіў некалькі фігур.
Пад гукі фартэпіяна, гаспадыняй якога на вечар была прызначана музыкант Алена Лаўрэнава, пары нібы плылі над паркетам, і за імі і стагоддзі міналі перад вачыма. З першых тактаў было адчуванне, што ўсе мы перанесліся ў пачатак XIX стагоддзя. Здавалася, што яшчэ крыху – і адчыняцца дзверы, да нас завітаюць Адам Міцкевіч разам з Янам Чачотам ды сябрамі-філарэтамі, накіруюцца да паненак у шаўковых сукенках з карункамі, і сярод мілых твараў дзяўчат Паэт абавязкова знойдзе сваю каханую Марылю.
Дадалі містычнасці танцавальнаму вечару і размылі межы часу паланэз і вальс Тадэвуша Касцюшкі, а кампазіцыя “Пташка вандроўная” на словы Яна Чачота і музыку Станіслава Манюшкі ў выкананні Анастасіі Казаровец (арфа і вакал) і Багданы Куталоўскай (флейта) вярнула кожнага прысутнага да вытокаў.
Вясёлым сюрпрызам для прысутных стала гульня ў карціны – нешта накшталт сучаснага “кракадзіла”, дзе ўсім прапанавалася адгадаць творы Рубенса, Рафаэля, Ван Дэйка.
А прыемную музычную хвілінку для гасцей свята зладзіла вакальная група “Свіцязянка” клуба аматараў польскай песні і паэзіі з Навагрудка.
Па словах дырэктара Дома-музея Адама Міцкевіча Мікалая Гайбы, такія падзеі даўно сталі візітоўкай месца, у асабістасці баль з нязменным поспехам праходзіць тут ужо ў чацвёрты раз. А мяркуючы па палымяных водгуках і шчаслівых тварах гасцей свята, сярод якіх былі заўважаны і турысты з Польшчы і Германіі, падзея з кожным годам будзе збіраць усё больш людзей і добрых эмоцый.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота і відэа аўтара
?⚜ ІМГНЕННІ ВЕРАСНЁЎСКАГА БАЛЮ ?⚜
? ВІДЭАГАЛЕРЭЯ ?