Газета «Полымя» объявляет книгопад сентября!
Восень – залатая пара для чытання. За кубкам гарбаты, пад шум дажджу няма нічога лепшага за вечар у кампаніі з цікавай кнігай. І сёння мы пагартаем старонкі навінак, якія з’явіліся ў Карэліцкай раённай бібліятэцы.
Рускі пісьменнік Сяргей Аляксееў запрашае карэліччан у захапляльнае падарожжа на мяжы рэальнасці і містыкі ў кнізе “Скарбы Валькірыі. Птушыны шлях”. Гісторыя пачынаецца ў 1990-я і знаёміць нас са шведска-расійскай кампаніяй “Валькірыя”, якая займаецца пошукам міфічных багаццяў на Урале. Гады ідуць, фірма знікае, а разам з ёй і база дадзеных па месцазнаходжанні скарбаў за апошнія 100 год. Але ж нечакана ў наш час да аналітыкаў інавацыйнага тэхнапарку Асколкава трапляе архіў, згодна якому таямнічыя ахоўнікі ўральскіх багаццяў стварылі новую магутную крыніцу энергіі пад назвай “саларыс”. А, між іншым, наперадзе – выбары прэзідэнта, алігархі змагаюцца за сферы ўплыву – і “саларыс” патрэбны ўсім. І толькі сыну Маманта, які паспрабаваў соль ведаў на Трох Тарыгах, вядома страшная таямніца крыніцы энергіі. Востры і напружаны сюжэт, цікавыя персанажы і нечаканы фінал падарыць чытачу незабыўныя эмоцыі.
Адзін з самых папулярных амерыканскіх аўтараў раманістка Джыл Шэлвіс у чарговы раз кідае чытачоў ў віхуру палымяных пачуццяў. Яе кніга “Сіла запалу” прыйдзецца даспадобы чароўным спадарыням. Перад намі разгортваецца жыццё медсястры Мэлары Куін. Маладая жанчына клапоціцца пра іншых, зусім не думае пра сябе і марыць сустракацца з добрымі і “правільнымі” мужчынамі. Але аднойчы ўсё мяняецца, бо ў горад прыязджае “дрэнны хлопец” – рызыкоўны і шыкоўны Тай Гарысан. Між маладымі людзьмі ўспыхвае каханне. Ці здолее пара перамагчы ўсе абставіны і быць разам, вы даведаецеся, калі зойдзеце за кнігай у нашу бібліятэку.
Белетрыстычныя раманы прафесійнага літаратуразнаўцы Ганны Берсеневай – сапраўдны падарунак для тых, хто любіць разбавіць сур’ёзныя кнігі лёгкай і якаснай гісторыяй. Твор “Варажба пры свечках” зачаруе містычнымі хітраспляценнямі сюжэту. Галоўная гераіня Марына Стэніч працуе звычайнай медсястрой. Але яе жыццё нельга назваць трывіяльным, бо жанчына валодае экстрасэнсорнымі здольнасцямі і праз гэта павінна адмовіцца ад каханага чалавека. У хуткім часе пошукі роднай душы прыводзяць Марыну да ведзьмакоў Масквы, дзе гаспадыня вядомага магічнага салона сталіцы спрабуе выкарыстаць дар жанчыны дзеля ўласнай карысці. А наперадзе Марыне, наогул, наканавана раскрыць сваю галоўную здольнасць ды яшчэ, магчыма, знайсці каханне. А так усё атрымаецца ці не, пакажа прабіраючы да мурашкаў фінал.
Майстра гістарычных дэтэктываў і сентыментальных раманаў Ірына Мельнікава ўмее поўнасцю завалодаць увагай чытача. На гэты раз яна парадуе жыхароў Карэліч прыгодамі пісьменніцы Дар’і Княгічавай у кнізе “Іржавы Рыцар і Пісталетаў”. За кароткі час галоўная гераіня гісторыі страціла шмат блізкіх людзей, загінулых пры незвычайных абставінах. Кампетэнтныя органы палічылі ўсе смерці выпадковымі, але Дар’я не згодная з такім меркаваннем і вырашае, што зло павінна быць пакарана. Небяспечная гульня са злачынным светам пачынаецца…
Дэтэктыўная меладрама Галіны Раманавай “Шчасце з трэцяй спробы” пераносіць нас у свет следчага па асоба важных справах Ларысы Усавай. Напачатку гісторыі мы бачым бязмерна шчаслівую жанчыну, паспяховую і на працы, і ў асабістым жыцці. І раптам усё рушыцца: цела Ларысы знаходзяць недалёка ад дому сведкі па справе буйной крымінальнай групіроўкі. Ці ўдасца злавіць забойцу, і хто адкажа за крывавую расправу? Галоўным героям раману прыйдзецца пераадолець шмат цяжкасцей, каб дазнацца праўду.
Біяграфічная аповесць Марыны Краўцовай і Алены Янкоўскай “Царскі вянец” створана на аснове мемуараў і гістарычных дакументаў і распавядае пра лёс імператара Мікалая II і яго жонкі імператрыцы Аляксандры Фёдараўны, пра іх каханне, якое нарадзілася яшчэ ў юнацтве і было пранесена праз усе выпрабаванні, што выпалі на іх долю ў страшнае рускае ліхалецце, пра іх чароўных дзяцей. Кніга ўжо мела шырокі рэзананс у Расіі, спадзяёмся, што і ў Карэлічах аповесць знойдзе сваіх чытачоў.
Падрыхтавала Марына КАЗЛОВІЧ
(сумесна з Карэліцкай раённай бібліятэкай)