Глава Государственного таможенного комитета Юрий Сенько привез 1 сентября в родную Ворончанскую школу необычный подарок (фото)
1 верасня ўрачыстую лінейку ў роднай Варанчанскай школе наведаў з сяброўскім візітам старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь Юрый Аляксеевіч Сянько разам з калегамі.
Вялікае пачынаецца з малога. Так і шлях старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрыя Аляксеевіча Сянько пачаўся з малой радзімы – вёскі Даўгінава Карэліцкага раёна.
І хоць роднай хаты на былым месцы ўжо няма, застаўся другі дом – Варанчанская базавая школа, якую і скончыў некалі паспяхова Юрый Аляксеевіч. Менавіта тут ён атрымаў тыя каштоўныя веды, што сталі надзейным падмуркам для яго жыцця.
Нават у віхуры дзяржаўных спраў наш славуты зямляк заўжды знаходзіць час для малой радзімы. Сёлета ўвесну ён працаваў на добраўпарадкаванні аздараўленчага лагера “Вясёлка”, каб карэліцкія дзеці змаглі добра правесці лета.
А ўжо 1 верасня на ўрачыстай лінейцы, прысвечанай Дню ведаў, Юрый Аляксеевіч сустракаў адпачыўшых хлопчыкаў і дзяўчынак на парозе роднай школы ў Варончы. Шмат цёплых слоў ён адрасаваў гэтаму месцу, успомніў былыя школьныя гады, настаўнікаў і аднакласнікаў, пажадаў школьнікам і педагагічнаму калектыву поспехаў у вучобе, мэтанакіраванасці і любові да роднай зямлі.
А лепшым падарункам для ўсіх прысутных ад мытнага камітэта стала паказальнае выступленне кінолагаў разам са службовымі сабакамі. Дзеці былі на сёмым небе ад шчасця. Ім не толькі прадэманстравалі цуды дрэсіроўкі, але і ўладкавалі фотасесію.
Пасля лінейкі ўсе дружна рушылі на адкрыты ўрок, прысвечаны Году малой радзімы і знакамітым ураджэнцам Карэліччыны. Юрый Аляксеевіч Сянько з вялікім інтарэсам далучыўся да размовы, а напрыканцы яшчэ раз падзякаваў роднай зямлі за добры старт жыцця і выразіў упэўненасць у тым, што ў кожнага прысутнага ў зале школьніка ёсць усе магчымасці дасягнуць самых высокіх мэтаў. Галоўнае – зразумець, хто ты і чаго жадаеш ад лёсу.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара і Дзяржаўнага мытнага камітэта