Кореличская поликлиника и государственные аптеки переходят на электронные рецепты

Якім будзе будучае Беларусі, вызначаюць шмат фактараў і дакументаў, у тым ліку і стратэгія развіцця інфармацыйнага грамадства да 2022 года. Згодна з ёй ужо ў 2020 годзе ўся медыцынская дакументацыя павінна быць прадстаўлена ў электронным выглядзе. І тут адным з важных этапаў у працэсе інфарматызацыі сістэмы аховы здароўя з’яўляецца замена папяровых рэцэптаў пластыкавымі карткамі. Першыя электронныя рэцэпты з’явіліся яшчэ ў 2016 годзе ў Мінску, а ў верасні бягучага года чарга дайшла і да раённай паліклінікі Карэліцкай ЦРБ. І мы разам з яе загадчыкам Вольгай Іванаўнай Баршчэўскай праверылі, як працуе сістэма электронных рэцэптаў на ўсіх этапах – ад атрымання пластыкавай карткі да набыцця па ёй у аптэцы неабходных лекаў.

Але найперш, каб у вас была матывацыя хутчэй займець такую картку, акрэслім, чаму яна вам так неабходна. Па-першае, гэта зніжка на лекі: айчынныя – 5%, замежныя – 2%. Праўда, пакуль такая схема дзейнічае толькі ў дзяржаўных аптэках, але, як запэўнілі нас прадстаўнікі камерцыйных фармацэўтычных устаноў у Карэлічах, хутка і яны стануць удзельнікамі праграмы. Па-другое, вы патраціце менш часу на прыёме ва ўрача, бо ў сістэме захоўваюцца ўсе вашы дадзеныя. Па-трэцяе, працэдура і сама картка нічога для вас не будуць каштаваць, але значна палегчаць жыццё.

Навошта нам электронны рэцэпт, цяпер зразумела, таму мы з Вольгай Іванаўнай і пашпартам накіроўваемся ў рэгістратуру. Увага: абавязкова вазьміце менавіта гэты дакумент, бо за вашым ідэнтыфікацыйным нумарам будзе замацавана індывідуальная картка для медыцынскага абслугоўвання.

Затым усяго некалькі хвілін – і вуаля, пасля падпісання інфармацыйнай згоды аб выкарыстанні пластыкавай карткі вы шчаслівы ўладальнік светла-зялёнага “цуда”, своеасаблівага допуску ў свет прагрэсіўнай медыцыны. І не хвалюйцеся, картак хопіць усім: толькі ў першай партыі іх заказалі 10 тысяч адзінак.

А калі раптам вы згубіце картку, адзначае Вольга Іванаўна, вы заўжды зможаце звярнуцца ў рэгістратуру за новай. Абслугоўваюцца па інавацыйнай сістэме і іншагароднія, напрыклад, маладыя спецыялісты на адпрацоўцы. Адносна электронных рэцэптаў для дзетак, яны таксама выдаюцца. Праўда, для гэтай мэты патрэбныя пашпарт аднаго з бацькоў і пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці. Калі ж юнаму пацыенту споўнілася 14 гадоў і ён мае пашпарт, то для набыцця карткі дастаткова толькі гэтага дакумента.

Ідзём далей, на чарзе – прыём ва ўрача. “Усе нашы спецыялісты – і з вышэйшай, і сярэдняй адукацыяй – на сёння прайшлі навучанне па выпісцы электронных рэцэптаў”, – супакойвае дапытлівых пацыентаў Вольга Іванаўна і на ўласным прыкладзе паказвае, як усё працуе. Пасля агляду пацыента памочнік урача ўносіць дадзеныя ў спецыяльную праграму, яны адразу захоўваюцца на картцы, і затым раздрукоўваецца рэцэпт для пацыента.

А вось калі вы рушыце за прапісанымі лекамі ў аптэку (гэта заключны этап нашага з Вольгай Іванаўнай “тэст-драйву” новай сістэмы), адным папяровым рэцэптам не абыйдзецеся. Абавязкова бярыце з сабой картку, атрымоўвайце зніжку і хуткае абслугоўванне.

І галоўнае, шаноўнае спадарства, памятайце, сістэма электронных рэцэптаў толькі пачала ўводзіцца ў Карэліцкім раёне, таму неабходны пэўны час для яе адаптацыі пад нашы ўмовы. Але ў любым выпадку хутка праграма запрацуе ўпэўнена, і вы не губляйце часу, бярыце пашпарт і пераходзьце ў эру новай медыцыны. Да слова, аналагічныя “электронныя” змены чакаюць і традыцыйную амбулаторную картку.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара

Добавить комментарий