Кореличские школьники привезли грамоты с областного слета пионеров
13 верасня ў нашай краіне адзначылі Дзень Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. З нагоды свята адбылася ўрачыстая сустрэча ў Гродне, куды з’ехаліся больш за два дзясяткі актыўных удзельнікаў піянерскага руху.
Злёт праходзіў у Палацы творчасці дзяцей і моладзі, куды былі запрошаны лепшыя піянеры Гродзенскай вобласці. Не абышлося на абласной сустрэчы і без рабят з Карэліччыны. За сваімі заслужанымі ўзнагародамі ў абласны цэнтр накіраваліся Яна Бабанская з сярэдняй школы №1 г.п. Карэлічы, Дар’я Карвіга з Лукскай сярэдняй школы і Вераніка Моніч з Міра. Дзяўчаты атрымалі Ганаровыя граматы абласнога Савета ГА “БРПА” за актыўную дзейнасць на працягу мінулага года, а педагог Лукскай сярэдняй школы – Алена Уладзіміраўна Анікій – Грамату Гродзенскага абласнога Савета ГА “БРПА”. Таксама ўзнагарода дасталася і Карэліцкаму раённаму Савету ГА “БРПА” за плённую працу і развіццё піянерскага руху раёна.
– Яна Бабанская наша выдатніца. Вельмі актыўная дзяўчына, якая з’яўляецца нязменнай вядучай усіх мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў школе. Наведвае школу мастацтваў, ходзіць на аб’яднанне па інтарэсах “Тэатральная творчасць” і займаецца харэаграфіяй. Карацей гаворачы, вельмі рознабаковая дзяўчынка, – расказвае дырэктар СШ №1 Алена Аляксандраўна Вярбіцкая.
– Вераніка Моніч па сваёй натуры – лідар. Вельмі актыўны чалавек, які да ўсяго займаецца і валанцёрскай дзейнасцю. Кожны чацвер на працягу лета яна разам з удзельнікамі валанцёрскага атрада “Міласэрнасць” наведвала ветэранаў і адзінокіх людзей, а нядаўна ўвогуле стала лепшым валанцёрам школы. Таксама вучаніца прымае актыўны ўдзел у КВЗ, наведвае гурток па валейболе, – дзеліцца педагог-арганізатар СШ г.п. Мір Таццяна Андрэеўна Пілецкая.
– Цікаўная і старанная дзяўчынка – менавіта так можна ахарактарызаваць Дашу Карвігу. Яна вучыцца добра, а калі атрымлівае не тую адзнаку, якую б хацела, заўсёды імкнецца яе выправіць. Я не памылюся, калі скажу, што яна самая добрая ў класе. Таксама Даша займаецца ваеннай падрыхтоўкай і валейболам, актыўна ўдзельнічае ў спартыўных спаборніцтвах, іграе на баяне, – распавядае класны кіраўнік Аліна Юр’еўна Дзьячэнка.
Спадзяёмся, што гэтыя ўзнагароды стануць для дзяўчат пачаткам іншага, яшчэ больш актыўнага і творчага жыцця.
Вікторыя КАСЦЮК
Фота карэліцкіх удзельнікаў злёту ў Гродне