Подписка-2018. Газета «Полымя» приветствует новых подписчиков

Падпісная кампанія ў поўным разгары — ідзе падпіска на перыядычныя выданні на чацвёрты квартал бягучага года. З гэтай нагоды ўстанова «Рэдакцыя газеты «Полымя» штотыднёва ў пятніцу на рынку райцэнтра праводзіць Дзень падпісчыка — сустрэчы са сваімі будучымі чытачамі.

31 жніўня праведзены чарговы Дзень падпісчыка на раённую газету «Полымя». На сустрэчу з будучымі чытачамі раёнкі прыйшлі журналіст Галіна Смалянка і прадстаўнік мясцовага аддзялення паштовай сувязі Вольга Канстанцінаўна Стасевіч. І мы рады вітаць 8 новых падпісчыкаў!

Жыхарка г.п. Карэлічы Галіна Зігмундаўна Сянько першай у Дзень падпісчыка 31 жніўня выпісала раёнку. Як адзначыла падпісчыца, яна з задавальненнем чытае «Полымя» і газета ёй падабаецца. Любіць матэрыялы на розныя тэмы, не прапускае рэкламу, усё задавальняе ў мясцовым выданні. Да журналістаў у чытачкі асаблівыя адносіны: зычыць ім поспехаў у пошуку цікавых і змястоўных матэрыялаў. Да таго ж жанчына паведаміла, што ўнучка Дар’я выбрала гэтую прафесію, і першыя крокі ёю былі зроблены на Карэліччыне.

Наведвальнікі рынка ахвотна падыходзяць да банера, на якім ярка адлюстравана выява газеты «Полымя». Большасць з-за цікавасці, але знаходзяцца і тыя, хто ахвотна выпісвае раёнку. Вольга Канстанцінаўна Стасевіч, якая толькі асвойвае прафесію паштальёна, працуе хутка, не шкадуе для людзей добрых слоў і падарунка — і ў газеты з’яўляюцца новыя падпісчыкі.

Хто ж яны, сённяшнія сябры «Полымя»? Да прыкладу, дырэктар ДУА «СПЦ Карэліцкага раёна» Лідзія Віктараўна Сакалова з газетай падтрымлівае творчае супрацоўніцтва. Журналісты асвятляюць падзеі ва ўзначальваемай установе, супрацоўнікі ахвотна выпісваюць і чытаюць любімае выданне.

Пенсіянер Анатолій Антонавіч Бабровіч з гарпасёлка расказаў, што пастаянна выпісвае раённую газету, любіць чытаць навіны пра сельскую гаспадарку, аддае перавагу рэкламным звесткам. «Полымя» захапляе падпісчыка: у ім расказваецца пра падзеі Карэліцкага краю і яго людзей. У газеце можна знайсці патрэбнае ў рубрыцы «Куплю— прадам». Не мінае падзякі і віншаванні, каб парадавацца за іншых з нагоды важнай падзеі.

Жыхарка г.п. Карэлічы Ганна Фёдараўна Козел не толькі з’яўляецца пастаянным падпісчыкам раёнкі, але актыўным пазаштатным аўтарам — піша артыкулы і вершы. «Мне цікавы падзеі, якія адбываюцца ў нашым раёне. Чытаю публікацыі на розныя тэмы, асабліва прыцягваюць замалёўкі пра людзей вёсак», — адзначыла Ганна Фёдараўна. Паабяцала, што і далей будзе падтрымліваць творчае супрацоўніцтва з выданнем.

Мы рады нашым надзейным сябрам і спадзяёмся, што іх кола будзе павялічвацца. Прыходзьце на Дзень падпісчыка і выпісвайце раённую газету «Полымя»!

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Вікторыі КАСЦЮК

P.S.

7 верасня, у пятніцу, на тэрыторыі рынка г.п. Карэлічы з 9.00 да 11.00 пройдзе Дзень падпісчыка на раённую газету «Полымя». Кожнаму нашаму падпісчыку дарым падарунак! Шукайце на рынку банер з надпісам «Полымя», нашага журналіста Галіну Смалянку i паштальёна!

Дарэчы, сябры, кошт падпіскі на газету «Полымя» на месяц складае 3 руб. 40 кап., на квартал — 10 руб. 20 кап. Мы падлічылі: за 3 рублі 40 капеек можна купіць літр малака і кефіру, бохан хлеба. Умоўна гэта адна вячэра на сям’ю. За гэты ж кошт «Полымя» можна чытаць цэлы месяц! Далучайцеся да нас, абяцаем — будзе цікава!

Добавить комментарий