СПК «Маяк-Заполье» собирает урожайные трофеи осени (фото+видео)
Услед за летнімі месяцамі асеннія дні працягваюць весці рахунак працоўным будням карэліцкіх аграрыяў. Менавіта на палях раёна сёння сканцэнтравана большасць аграрыяў і тэхнікі гаспадарак. Зусім нядзіўна: на Карэліччыне распачалася масавая ўборка кукурузы і цукровых буракоў.
Адным з першых, а дакладней, 29 жніўня, да капання салодкіх караняплодаў прыступіў бясспрэчны лідар жніва-2018 – СВК “Маяк-Заполле”. Гледзячы на велізарныя бурты буракоў ва ўрочышчы Маяк і ўлічваючы пачатковую ўраджайнасць салодкіх каранёў у 532 ц/га, становіцца зразумелым, што паспяховых тэмпаў гаспадарка збаўляць не збіраецца.
– Да ўборкі цукровых буракоў прыступілі дастаткова рана па дзвюх прычынах: па-першае, спачатку імкнёмся ўбраць тыя палі, з якіх у выпадку дажджлівага надвор’я тэхніка не зможа вывезці ўраджай. Па-другое, надбаўка да закупачнай цаны ў памеры 20% працуе толькі на фінансавую карысць гаспадаркі, – расказвае аграном участка №2 СВК “Маяк-Заполле” Яўгеній Сяргеевіч Варановіч, дэманструючы сёлетні салодкі трафей – бурак вагой каля 6 кг.– Цукрыстасць буракоў на сённяшні дзень складае 15,5%. Арыфметыка сёлетняга добрага ўраджаю дастаткова простая: насенне паклалі ў глебу ў неабходныя тэрміны, унеслі комплекс угнаенняў, выканалі тэхналогію. Таму і ўраджаем не можам быць не задаволены.
Літаральна ў некалькіх дзясятках метраў ад цукровых палеткаў пад жаткай “Ягуара” схіляецца амаль трохметровая царыца палёў. Адным словам, кампактнае размяшчэнне.
– Сёлета пад кукурузу ў гаспадарцы адведзена 500 га, з якіх 450 га плануем здрабніць на сілас, астатнія 50 га будзем малаціць на зерне. Асаблівасцю ўборачнай гэтага года з’яўляецца ранняе паспяванне пачаткаў, – дзеліцца малады аграном Яўгеній Варановіч, які, скончыўшы Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, трэці год працуе ў родным “Маяку”.
Усяго пару хвілін – і тэхніка на адвозцы імчыць здробненую кукурузную масу на МТФ “Паланая”, дзе адбываецца яе закладка ў сіласную траншэю.
– Для атрымання якаснага корму тэмпература кукурузнай масы не павінна перавышаць 37 градусаў, вільготнасць – 65-70%. Тэхналогія павінна выконвацца, – упэўнена адзначае галоўны ветурач СВК “Маяк-Заполле” Віктар Іванавіч Пранкевіч.
Гледзячы на зладжаную працу аграрыяў гаспадаркі, можна з лёгкасцю вывесці формулу поспеху па-маякоўску: якасна робіцца тое, што робіцца ахвотна, сумленна і з добрым настроем.
Увогуле, па стану на 7 верасня 5 гаспадарак Карэліччыны прыступілі да ўборкі цукровых буракоў. Агульнараённыя паказчыкі выглядаюць наступным чынам: з агульнага плана 3503 га ўбрана 327 га, альбо 9%, накапана 17434 тоны пры ўраджайнасці 533 ц/га. У адрозненні ад салодкіх каранёў, да здрабнення кукурузы на сілас прыступілі ўсе без выключэння гаспадаркі раёна, якімі ўжо ўбрана 597 га, альбо 13% ад запланаваных 4687 га. Валавы збор на раніцу пятніцы складае 22848 тон, ураджайнасць – 383 ц/га.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара і відэа