В Кореличском районе продолжается сев озимых и началась уборка сахарной свеклы и кукурузы
Прыказку “Увосень – работ больш за восем” у поўнай ступені апраўдваюць карэліцкія аграрыі, якія сёння адначасова занятыя на разнастайных сельскагаспадарчых работах: ворыве глебы, сяўбе азімых культур, нарыхтоўцы кармоў з траў другога ўкосу, уборцы цукровых буракоў і здрабненні кукурузы на сілас.
Сабраўшы выдатны каравай бягучага года, хлебаробы раёна глядзяць далёка наперад і добра разумеюць, што, згубіўшы час восенню, наўрад ці атрымаецца навярстаць яго вясной. Менавіта таму на першы план у працаўнікоў Карэліччыны выйшла сяўба азімых зерневых культур, да якой на сённяшні дзень прыступілі амаль усе карэліцкія гаспадаркі. Усяго ў раёне запланавана пасеяць 12840 га азімых. Па стану на раніцу 4 верасня лідарамі асенняй сяўбы з’яўляюцца СВК “Маяк-Заполле”, дзе ў глебу закладзены будучы ўраджай на 526 га, альбо 33% ад запланаваных 1600 га, і СВК “Жухавічы”, дзе азімыя пасеяны на плошчы 444 га.
Не так даўно ў раёне адкрыта самая салодкая старонка ўборачнай кампаніі – капанне цукровых буракоў. 4 буйнейшыя гаспадаркі Карэліччыны – СВК “Маяк-Заполле”, СВК “Свіцязянка-2003”, ДП “Лукі-Агра” і СВК “Жухавічы”, першымі пачалі ўбіраць і здаваць салодкія карані на Гарадзейскі цукровы камбінат, дзе з 1 па 10 верасня ўстаноўлена найвышэйшая надбаўка да закупачнай цаны – у памеры 20%. Ураджайнасць цукровых буракоў у пачатку ўборачнай радуе працаўнікоў Карэліччыны: яе сярэдні паказчык складае 484 ц/га, што значна перавышае лічбу мінулага года ў 392 ц/га. Увогуле аграрыям раёна сёлета неабходна ўбраць 3503 га салодкіх каранёў.
Да кукурузнай эпапеі бягучага года карэліцкія працаўнікі прыступілі літаральна на днях. Але ў працэс здрабнення кукурузы на сілас гаспадаркі раёна ўключыліся масава: з 10 сельгаспрадпрыемстваў 7 ужо могуць гаварыць аб першых сотнях і тысячах тон закладзенага корму для буйной рагатай жывёлы. Агульнараённы ж план па ўборцы кукурузы на сілас сёлета складае 4687 га, на зерне – 775 га.
Карэліцкі раён працягвае ўтрымліваць першую пазіцыю ў нарыхтоўцы кармоў з траў другога ўкосу. Па стану на раніцу 4 верасня скошана 10128 га, альбо 90% ад запланаванай лічбы 11220 га, нарыхтавана 133383 тоны сенажу, што складае 85% ад неабходнага паказчыка 157250 тон. На найвышэйшым у вобласці ўзроўні застаецца колькасць кармавых цэнтнераў на ўмоўную галаву жывёлы, якую атрымалі карэліцкія працаўнікі – 16,6 кармавых цэнтнераў пры агульнаабласной лічбе 11,6.
Аксана ЯНУШ
*Фота мае ілюстратыўны характар