Житель Кореличского района Александр Бенецкий выращивает более 40 сортов винограда
У вёсцы Лядкі Ярэміцкага сельсавета Аляксандр Арсеньевіч Бянецкі сапраўдная знакамітасць. Стары бацькоўскі дом ён ператварыў у маленькую Італію, амаль 15 гадоў таму пасадзіўшы 2 соткі вінаграду. І зараз самы час здымаць заморскую ягаду, якую яшчэ любоўна называюць сонечнай, бо ў холадзе яна не расце.
— Аб тым, чым буду займацца на пенсіі, я падумаў загадзя, калі яшчэ працаваў, — расказвае 64-гадовы вінаградар. — Я працаваў у Мінскім аблвыканкаме ў аддзеле інфармацыйных тэхналогій, увес час за камп’ютарам сядзеў. Моцна сапсаваў вочы, пачаліся праблемы, таму пасля 20 гадоў выслугі выйшаў на адпачынак. Пенсіі атрымліваў толькі 50 адсоткаў, таму што не дасягнуў пенсійнага ўзросту. Вось тут маё хобі мяне і выратавала. Пачаў прадаваць саджанцы, на якія напачатку быў, можна сказаць, ажыятаж.
А пачалося ўсё са сталічнага клуба вінаградараў, куды Аляксандр хадзіў як на работу. Лекцыі прафесара Рамуальда Лойкі пра вінаград былі цікавымі і насілі добры практычны накірунак. Так у Аляксандра Бянецкага сталі з’яўляцца першыя лозы, якія ён як натура надзвычай дзейсная пасадзіў не толькі на бацькоўскай сядзібе, але і на дачы пад Мінскам.
Лядкаўская вінаградная «плантацыя» пачынаецца літаральна з самой гаспадарскай хаты, а дакладней з яе паўднёвай сцяны, дзе надзвычай камфортна дачуваюць сябе два гатункі — «Агат Данскі» і «Алёшанькін«. Першы — вельмі салодкі, з буйнымі сінімі ягадамі, другі — сакавіты і зялёны. Гэтыя гатункі вінаградар любіць больш за ўсіх, хаця ягада з пяшчотнай назвай «Алёшанькін» вельмі капрызлівая і патрабуе дадатковай апрацоўкі. Затое вельмі смачная! Затым расце «Супага» — прыбалтыйскі гатунак, смак якога ўтрымлівае ноткі землянікі і агрэсту.
— А вось «Маскоўскі ўстойлівы», — наша экскурсія працягваецца, — ён вельмі добры для прыгатавання віна. Хутка, прыкладна праз тыдзень, ён набярэ неабходную цукрыстасць у 20-22%, і можна будзе рабіць віно.
Дарэчы, кожны вопытны вінаградар ведае, што сапраўднае вінаграднае віно робіцца без цукру. Аляксандр робіць толькі сухі напой, не больш за 10-12 градусаў. Колер атрымліваецца янтарны!
Сапраўды, на ўчастку Бянецкага вінаград усіх колераў вясёлкі: ад звычайнага зялёнага і сіняга да бела-бэзавага і ружовага. Ёсць нават невялікі кусцік, які Аляксандр прывёз з Іспаніі, куды ездзіў з жонкай адпачываць.
— Я не столькі на адпачынак ездзіў, колькі на іх плантацыі паглядзець, — кажа няўрымслівы пенсіянер, — і ведаеце, расчараваўся. У Іспаніі вінаград апрацоўваюць кожны тыдзень, а ў Беларусі — 2-3 апрацоўкі за сезон дастаткова.
Нядаўна пенсіянер пасадзіў новы тэхнічны гатунак «Крышталь», які плануецца масава высаджваць у Гомельскай вобласці. На радасць аматарам сонечнай ягады, клімат у Беларусі апошнія гады стаў спрыяльным для вінаграду. Шмат сонца і мала дажджоў — і лаза адчувае сябе не горш, чым на поўдні!
У цяпліцы замест звыклых памідораў у Аляксандра таксама расце вінаград. Надзея Азос, памяці Гаварухіна, Антэк, Кадранка, Лора, Аркадзія, кіш-міш Міраж, Красотка — усё гэта вінаградныя гатункі, якія добра зарэкамендавалі сябе на беларускай глебе.
— Свежы вінаград у мяне захоўваецца да Новага года, — расказвае Аляксандр, — падвешваю гронкі пад столь веранды, дзе ягады адчуваюць сябе камфортна. Потым з іх атрымліваюцца разынкі.
Мужчына ўпэўнены, што Беларусь — вельмі перспектыўная краіна для вырошчвання паўднёвых ягад і садавіны. Тут паспяхова растуць не толькі вінаград, але і гарбузы, персікі, дыні.
Для таго, каб весці невялікі бізнес і есці дамашнюю ягаду, Аляксандр працуе з канца лютага і да канца кастрычніка.
— Саджанцы вінаграду лепш садзіць каля паўднёвага боку будынка. Калі будынка няма, можна зрабіць штучную сцяну, галоўнае, каб не было скразнякоў, — вінаградар сакрэтаў вырошчвання не тоіць, — пажаданы навес, каб не залівала дажджом. Першы год саджанцы трэба паліваць, а вось на другі сезон патрэбен дрэнаж з труб або 5-літровых пластыкавых бутэлек. Паліў ажыццяўляецца ўсяго раз на месяц. Вінаград лепш недапаіць, чым перапаіць.
Пра сваё дзецішча Аляксандр можа расказваць суткамі. Вось для сваіх пакупнікоў, якія прыязджаюць да яго сядзібы па саджанцы, ён праводзіць не толькі экскурсію, але і сапраўдную навуковую лекцыю па вырошчванні сонечнай ягады прачытвае.
— Дзіўлюся, калі людзі, купіўшы саджанцы, імкнуцца хутчэй аддаць грошы і паехаць, — гаворыць вінаградар, — чаму б не паслухаць з паўгадзіны? Я маю вопыт, назапашаны гадамі, і гатовы дзяліцца з усімі.
І гэта так. Працуючы на рынках у Карэлічах і Міры, пенсіянер пазнаёміўся амаль з усімі садаводамі-агароднікамі раёна. Яго добра ведаюць у ваколіцах, і ён ведае ўсіх, хто нераўнадушны да зямлі. А вечарам Аляксандр Бянецкі адкрывае папулярны сёння «Вайбер» і пачынае перапіску з пакупнікамі, якія набылі яго саджанцы. Дае парады, на дасланых фота адсочвае, ці правільна гаспадар даглядае лазу.
— Гэтую справу трэба любіць, — падагульняе вінаградар, — інакш нічога не атрымаецца. Напэўна, гэта ў генах чалавечых. Мой бацька як толькі з фронту прыйшоў, адразу 50 антонавак пасадзіў. Побач з лазою я адпачываю. Нават у цяпліцу тэлефон перанёс, бо цэлы дзень працую на вінаградніку. Ведаеце, калі на двары дождж і слота, так прыемна сядзець пад навесам і любавацца на вінаградныя сонечныя кроплі.
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара