Для директора Барановичской школы Галины Чубрик математика стала профессией, хобби и эликсиром для души
Алгарытм жыцця Галіны Яўгеньеўны Чубрык, дырэктара Баранавіцкай сярэдняй школы, зусім просты: на працягу 36 гадоў яна шторанак спяшаецца ў школу, каб разам з вучнямі акунуцца ў свет лічбаў і вылічэнняў.
– Нарадзілася я на карэліцкай зямлі. З дзяцінства марыла аб прафесіі педагога, які заўсёды быў у маіх вачах абсалютным ідэалам, – дзеліцца Галіна Чубрык. – Другім складаемым майго жыцця можна лічыць неймавернае захапленне матэматыкай. Нават сёння, калі мне цяжка на душы, я заўсёды бяру падручнік па матэматыцы і рашаю прыклады, задачы, ураўненні. Гэта мая аддушына, маё выратаванне і эліксір. Так і атрымалася агульная сума – настаўнік матэматыкі, якая стала прафесіяй і сэнсам майго жыцця.
У 1982 годзе пасля заканчэння Брэсцкага педагагічнага інстытута сённяшні дырэктар школы вярнулася на малую радзіму і пачала працаваць у Машэвіцкай васьмігадовай школе.
– У той час школа была зусім не перспектыўная. Да яе нават дарогі добрай не было, – успамінае пачатак працоўнага стажу Галіна Чубрык. – Але я не расчаравалася. Наадварот, маё жаданне быць настаўнікам толькі мацнела. Педагагічны калектыў сустрэў мяне вельмі добра і дапамог зрабіць першыя крокі ў прафесію. Увогуле, мне заўсёды шанцавала на людзей, адкрытых, шчырых, ветлівых.
Таму і сёння, памятаючы сябе ў якасці маладога спецыяліста, Галіна Яўгеньеўна стараецца стварыць моладзі, якая прыходзіць на працу ў Баранавіцкую СШ, добрыя бытавыя ўмовы і атмасферу даверу і дабрыні.
– Які ён, сапраўдны педагог? Па-першае, ён павінен любіць дзяцей і тую прафесію, якую абраў, быць пунктуальным і добрасумленным. Выпадковых людзей тут быць не можа, – запэўнівае дырэктар школы. – Па-другое, справядлівым. Ведаеце, мне давялося выкладаць матэматыку ў малодшай дачкі, але ў школе для яе я заўсёды была настаўніцай Галінай Яўгеньеўнай. Слова “мама” ўжывалася толькі дома.
Прафесійная кар’ера і сямейны дабрабыт. Ці могуць гэтыя паняцці суіснаваць? Несумненна могуць.
– Галоўнае ў сям’і – павага родных да той справы, якой ты займаешся. І зноў мне пашанцавала. Муж і дзеці заўсёды мяне падтрымлівалі і дапамагалі. За гэта я ім вельмі ўдзячна, – шчыра адзначае Галіна Чубрык. – І дзеці ў нашай школе самыя лепшыя. Сёлета іх 35. У кожным класе па 5-6 вучняў. Але ў гэтай сітуацыі ёсць вялікі плюс: індывідуальны падыход да кожнага вучня. Таму і большая палова нашых выпускнікоў паступае ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.
На тую справу, якую любіш, заўсёды знойдуцца час, сілы і жаданне. Таму, нягледзячы на напружаны распарадак дня дырэктара школы, Галіна Яўгеньеўна абавязкова знойдзе гадзіну-другую, каб папрацаваць на агародзе.
– Я вельмі люблю назіраць, як маленькі парастак набірае сілы, расце і ў хуткім часе ўжо радуе ўраджаем, – дзеліцца жанчына. – Так і нашы вучні, здаецца, толькі прыйшлі ў першы класс, а вось яны ўжо выпускнікі. Я вельмі радуюся іх поспехам. Бо за гады вучобы кожны з іх становіцца сваім, родным.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара