Председатель Кореличской объединенной организации Вера Сошко в честь юбилея раскрывает основные вехи истории «Белорусского общества инвалидов»
З нагоды 30-годдзя з дня ўтварэння грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў» старшыня Карэліцкай аб’яднанай арганізацыі Вера Міхайлаўна Сашко ўзнагароджана Ганаровай граматай Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта за шматгадовую добрасумленную працу і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна. Журналіст раённай газеты «Полымя» гутарыць аб справах арганізацыі і яе членах, якія займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю, жывуць змястоўным і цікавым жыццём.
❔ — Вера Міхайлаўна, давайце ўзгадаем гісторыю стварэння арганізацыі, успомнім тых, хто стаяў ля яе вытокаў.
— Трыццаць гадоў таму ўтварылася грамадскае аб’яднанне «Беларускае таварыства інвалідаў». У нашым раёне 18 сакавіка 1988 года адбыўся сход інвалідаў раёна з павесткай дня: «Выбары ініцыятыўнай групы для стварэння таварыства інвалідаў.» На сходзе прысутнічала 167 чалавек, у састаў ініцыятыўнай групы былі выбраны 7 актывістаў.
8 ліпеня 1988 года прадстаўнікі Гродзеншчыны паехалі ў сталіцу на ўстаноўчую канферэнцыю. Затым былі створаны Гродзенская абласная арганізацыя і раённыя таварыствы інвалідаў. Так, 23 лістапада 1988 года адбылася ўстаноўчая канферэнцыя інвалідаў нашага раёна па стварэнні раённага аддзялення «Беларускае таварыства інвалідаў». Прысутнічала 65 дэлегатаў, у састаў праўлення ўвайшло 5 членаў.
Першым старшынёй быў выбраны Сцяпан Несцеравіч Кунаш, які працаваў з 23 лістапада 1988 года па 28 жніўня 1991 года. Яго прадаўжальнікі — Павел Канстанцінавіч Каламійцаў і Уладзімір Навумавіч Хартановіч. На жаль, тых людзей, якія былі арганізатарамі і членамі першага праўлення і старшынямі, ужо няма сярод нас.
❔ — Чым сёння жыве раённая арганізацыя ГА «Беларускае таварыства інвалідаў»?
— У нашай арганізацыі стаіць на ўліку 281 чалавек. Гэта людзі розныя па ўзросту і інтарэсах, але разам здольныя на многае. Праводзім спартыўныя спаборніцтвы, наведваем гістарычныя мясціны, выставы ў раённым музеі і іншыя мерапрыемствы.
Да прыкладу, з 3 па 6 верасня ў Гродна праходзіў злёт маладых інвалідаў з нагоды юбілею арганізацыі. У яго правядзенні прынялі ўдзел Руслан Ганчароў, Андрэй Камкоў, Юрый Нянашаў, Віктар Ігнацік, Ліна Танковіч, Дзмітрый Хмурчык, Аксана Хвасько.
Сустрэчы дапамагаюць інвалідам не адчуваць сябе адзінокімі — жыць паўнацэнным жыццём, прыносіць карысць грамадству, людзям, сабе.
❔ — Хацелася б даведацца пра актывістаў арганізацыі.
— Сапраўды, мы любім збірацца разам, абменьвацца навінамі, гуляць у шашкі і шахматы, спаборнічаць на стадыёне. Лічым, калі мы разам, то мы мацней. Не сакрэт, што многім інвалідам гэта прадаўжае жыццё і ўзнімае настрой. Штогод члены нашай арганізацыі прымаюць удзел у раённых мерапрыемствах і па месцы жыхарства.
Хачу адзначыць нашых актывістаў, якія займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю: з Варанчанскай пярвічнай арганізацыі Галіну Мікалаеўну Мяць, Лідзію Аляксееўну Жыліну, Тэадора Георгіевіча Хадарожу, з Лукскай — Наталлю Яўгеньеўну Непагода, Віктара Мікалаевіча Ігнаціка, з Жухавіцкай — Лідзію Аляксееўну Крупко, Веру Паўлаўну Ярмола, Галіну Канстанцінаўну Бурак, з Цырынскай — Аляксандру Васільеўну Алексіевіч, Паўла Андрэевіча Макарэвіча, Ганну Міхайлаўну Палуянскую, з Карэліцкай — Віталія Васільевіча Шэўку (майго намесніка), Мікалая Ягоравіча Гагарына (сакратара), актывістаў Галіну Паўлаўну Калтунову, Леанілу Васільеўну Дзянькевіч і іншых.
❔ — Хто дапамагае і падтрымлівае Вас у пачынаннях і справах?
— Разам з зацікаўленымі ў гэтай патрэбнай справе шукаем магчымасці зрабіць жыццё людзей з інваліднасцю больш разнастайным і цікавым, дапамагаем вырашаць злабадзённыя пытанні, аказваем розную дапамогу, падтрымліваем маральна. У аснове нашай работы закладзены прынцыпы гуманізму, міласэрнасці, спачування.
Наша грамадская арганізацыя пастаянна адчувае дапамогу і падтрымку кіраўніцтва райвыканкама, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. У нас цесная сувязь з Цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Мы маем адну мэту: дапамагаць людзям з абмежаванымі магчымасцямі, у тым ліку ў арганізацыі даступнага бар’ернага асяроддзя і вольнага часу. Культурна-масавыя мерапрыемствы дапамагаюць ладзіць супрацоўнікі раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.
❔ — Бытуе меркаванне, што быць добрым нямодна. Ваша стаўленне да гэтага?
— Гэта гледзячы якая дабрыня. Калі ад душы робіш справу, то гэта вельмі добра. Да цябе цягнуцца людзі — чаму б не рабіць дабро? У асаблівасці інвалідам: сказаць ім добрае слова і падтрымаць у складанай жыццёвай сітуацыі. Хочацца падарыць ім кропельку дабра і надзею на простае чалавечае шчасце.
❔ — Якія планы ў Вас асабіста?
— Дапамагаць людзям. Бачыць усмешку на твары, і каб вочы свяціліся радасцю. Гэта азначае, што чалавек паверыў у сябе. Мы павінны быць разам — і нашы будні будуць больш змястоўнымі, карыснымі, радаснымі.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота з архіва Карэліцкай аб’яднанай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў”