Жители Райцевского сельсовета получили компетентную помощь районной комиссии по содействию занятости населения
Аграгарадок Райца стаў трэцім месцам, куды пасля Карэліч і Міра наведалася пастаянна дзеючая раённая камісія па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва. У будынку Райцаўскага сельсавета сустрэліся мясцовыя жыхары, якія шукаюць працу, з дэпутатамі, кіраўнікамі і спецыялістамі, якія эфектыўна і аператыўна дапамагаюць карэліччанам вырашаць такія пытанні.
Напачатку паседжання старшыня раённага Савета дэпутатаў і камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва Аляксандр Віктаравіч Шкадаў акцэнтаваў увагу на тым, што задача ўсіх прысутных не прымусіць чалавека працаваць, а аказаць садзейнічанне ў вырашэнні гэтага пытання, зразумець усе абставіны, даць практычныя парады і дапамагчы знайсці правільнае выйсце з сітуацыі.
За дапамогай у працаўладкаванні звярнуліся 5 чалавек. Як зазначыў старшыня Райцаўскага сельсавета Валерый Фёдаравіч Бабко, такая колькасць звязана з тым, што на вёсцы людзі, калі працуюць на ўласным надзеле, не трапляюць пад дзеянне Дэкрэта №3.
Безумоўна, свая зямля – гэта выдатна, але пастаянны заробак – яшчэ лепш. Такой думкі прытрымліваліся ўсе завітаўшыя на сустрэчу з камісіяй жыхары Райцаўскага сельсавета.
⇨⇨ Гісторыі 58-гадовага Вячаслава і 44-гадовага Валерыя – падобныя. Абодва мужчыны ўжо каля шасці гадоў задзейнічаны на сезонных работах і, як правіла, на зіму застаюцца без працы. Камісія вырашыла наконт гэтых выпадкаў звярнуцца да кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, каб тыя на некалькі месяцаў працаўладкавалі грамадзян.
⇨⇨ Пытанне аб занятасці для 30-гадовага Аляксандра запатрабавала ад камісіі больш дэтальнага разгледжання. Малады хлопец меў за плячыма толькі базавую школу, працаваў рознарабочым у індывідуальнага прадпрымальніка, але ж на дадзены момант застаўся і без гэтага заробка. Як растлумачыла намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Наталля Сцяпанаўна Гоцка, варыянт з перанавучаннем тут вельмі актуальны, бо ў чалавека няма прафесіі. Таму пры звароце ў аддзел дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Аляксандр будзе накіраваны на прафесійную падрыхтоўку.
⇨⇨ 57-гадовы Уладзімір працаваў на трактары, затым пастухом, але ж праз пэўныя абставіны, у тым ліку і здароўе, ужо амаль 2 гады знаходзіцца ў пастаянным пошуку вакансій. Мужчына вельмі хацеў працаваць вартаўніком. Але ж каб атрымаць такое месца, трэба адпавядаць шэрагу сур’ёзных патрабаванняў. Таму камісія прапанавала Уладзіміру альтэрнатывы.
Напрыканцы сустрэчы начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Іна Аляксандраўна Богуш выказала ўпэўненасць, што пры належным жаданні прысутных іх пытанні з працаўладкаваннем будуць паспяхова вырашаны. А чытачам газеты «Полымя» нагадала, што прыём грамадзян камісіяй ажыццяўляецца двойчы ў месяц: кожную другую і чацвёртую сераду ў 15.00 у памяшканні Карэліцкага райвыканкама і, пры неабходнасці, дадаткова на выездзе (час і месца, калі ласка, удакладняйце).
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара