Кореличчанин Анатолий Полуян: «Найти свое место в жизни и любить малую родину»
Імя Анатолія Сямёнавіча Палуяна добра вядома на Карэліччыне. Сорак сем гадоў ён прысвяціў хлебаробскай справе — выконваў абавязкі шчыра і самааддана. За добрасумленную працу ўдастоены медаля «За працоўную адзнаку», ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, многіх узнагарод і падзяк. Займаў актыўную жыццёвую пазіцыю — выбіраўся дэпутатам абласнога, раённага, мясцовага Савета дэпутатаў, старастам вёскі. Журналіст гутарыць са славутым земляком аб сэнсе жыцця, нястомнай працы, чалавечых каштоўнасцях.
?? — Анатолій Сямёнавіч, Ваша жыццё, як на далоні. У вёсцы тым больш нічога і ад нікога не схаваеш. Нагадайце, калі ласка, асноўныя штрыхі з аўтабіяграфіі.
— Нарадзіўся ў вёсцы Некрашэвічы. Закончыў Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Працаваў брыгадзірам у калгасе імя Суворава, затым — начальнікам, загадчыкам, упраўляючым участка. Гэтай справе прысвяціў сорак сем гадоў, і ўсе яны — на роднай зямлі і ў роднай мясцовасці.
?? — Бясспрэчна, зямля — аснова асноў. Чаму менавіта яна стала для Вас сэнсам жыцця? Чым кіраваліся Вы пры выбары жыццёвага шляху?
— Я марыў быць шафёрам. Давялося паруліць да арміі, падчас службы, яшчэ паўгода ў роднай гаспадарцы. Лёс распарадзіўся па-іншаму — быў прызначаны на праўленні калгаса на пасаду брыгадзіра вытворчай брыгады № 1 калгаса імя Суворава. Праца зацягвала ўсё больш і больш. Гэта была работа з людзьмі і для людзей.
?? — І што ўсё-такі было галоўным у штодзённай карпатлівай працы? Які асноўны сакрэт Вашага поспеху і людской павагі?
— Клопат пра людзей — пытанне нумар адзін. Яны былі маімі землякамі, сваякамі, проста шчырымі, сумленнымі, добрымі людзьмі. Іх трэба было накіроўваць у правільнае рэчышча, падтрымліваць, дапамагаць. Я гэта стараўся рабіць ад душы, і справа ад гэтага толькі выйгравала. Людзі верылі ў мяне, і разам дабіваліся добрых вынікаў у працы, у вяскоўцаў на стале былі хлеб і да хлеба.
?? — «Адзін у полі не воін», — сцвярджаецца ў народнай прымаўцы. Ці проста было працаваць, як прынята зараз гаварыць, у адной камандзе?
— З людзьмі заўсёды было працаваць няпроста. Хаця ў мяне з імі мелася поўнае ўзаемапаразуменне. Нічога і нікому не быў павінен, паступаў па справядлівасці. Стараўся ва ўсім падтрымліваць парадак, поўнасцю гэта зрабіць было немагчымым, але я заўсёды да гэтага імкнуўся. Вяскоўцы падзялялі мой пункт погляду і падтрымлівалі ў добрых пачынаннях, і праца спорылася.
?? — Вы маеце высокія ўрадавыя ўзнагароды, якія атрымалі за плённую працу. Якія з дасягненняў памятаеце і сёння?
— У адзін з гадоў вытворчы ўчастак заняў першае месца ў сацыялістычным спаборніцтве ў раёне. Мы атрымалі 56 цэнтнераў збожжавых з гектара — на той час гэта быў высокі паказчык у раёне. Вытворчаму ўчастку № 3 неаднаразова прысвойвалася ганаровае званне «Участак высокай культуры земляробства». Гэта была не толькі мая заслуга, але і паляводаў і механізатараў. Дарэчы, у калгасе імя Суворава да аб’яднання ў 1983г. налічвалася 38 трактароў, 22 грузавыя машыны, розная сельскагаспадарчая тэхніка.
?? — Вяскоўцы ў тыя далёкія часы працавалі шмат і шчыра ў калгасе і дома. Як удавалася Вам выбраць арыенцір і накіраваць работу ў правільнае рэчышча?
— Трэба быць і бачыць, што людзі робяць, і ўсё будзе ў парадку. Я быў заўсёды поруч з вяскоўцамі, і ведаў, чым жыве кожны з іх. Матэрыяльна стараўся іх не наказваць, а ў большасці сваёй пераканаць словам, каб чалавек пачуў цябе, зразумеў і ўсё рабіў правільна. Я стараўся ўсё і заўсёды рабіць для людзей.
?? — Акрамя асноўнай працы Вы заўсёды шмат займаліся і грамадскай дзейнасцю. Што Вам гэта давала?
— Я імкнуўся выконваць людскія просьбы. Іх было шмат, і ні адну не мінаў. Іншы раз даводзілася працаваць да васямнаццаці гадзін у суткі, але стомленасці не адчуваў. Галоўнае: я быў у курсе абласных і раённых спраў, у мяне ладзіліся зносіны з людзьмі, разам вырашалі справы.
?? — Вы прадаўжаеце працаваць. Што для Вас азначае ўвогуле праца?
— Адчуваеш сваю патрэбнасць — табе тэлефануюць і цікавяцца тваімі справамі. На душы становіцца лагодней і цяплей. Калі ты знаходзішся ў руху, то жыццё праходзіць весялей і карысней. Мой бацька таксама працаваў да глыбокай старасці. Прыемна адзначыць і той факт, што мая дачка Алена працуе намеснікам старшыні СВК імя Чарняхоўскага па ідэалагічнай рабоце.
?? — Вашы пажаданні маладым.
— Здароўя, поспехаў, дабрабыту. Каб кожны знайшоў сваё месца ў жыцці і любіў сваю маленькую радзіму.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Вікторыі КАСЦЮК