На семинаре-совещании районного Совета депутатов решали задачи по жизнеобеспечению и безопасному проживанию кореличчан (фото)
Чалавек і якасць яго жыцця – галоўная каштоўнасць і першапачатковы клопат сярод шэрагу задач як на рэспубліканскім узроўні, так і на рэгіянальным. Таму і тэма сёлетняга семінара-нарады Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў была абрана адпаведная: “Аб працы органаў мясцовага кіравання і самакіравання, суб’ектаў прафілактыкі, служб раёна, накіраваных на вырашэнне задач па жыццезабеспячэнні і бяспечным пражыванні насельніцтва на тэрыторыі раёна”.
9 лістапада Карэліцкі маладзёжны цэнтр культуры прымаў шматлікіх удзельнікаў семінара-нарады з удзелам органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання і кіраўнікоў арганізацый і служб раёна.
»»» Ва ўступным слове старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Віктаравіч Шкадаў падкрэсліў надзвычайную актуальнасць абранай тэмы. Бо сёння дэмаграфічная сітуацыя, суадносіны нараджальнасці і смяротнасці, міграцыя ў цэлым па рэспубліцы і асобна на Карэліччыне такія, што самы час усім максімальна аб’яднацца і зрабіць усё магчымае, каб гэтыя паказчыкі мелі пазітыўную дынаміку. Бо за лічбамі статыстыкі знаходзяцца жыцці людзей і будучае Беларусі. Безумоўна, кожны чалавек нясе адказнасць за свой лёс, але наладжанае супрацоўніцтва розных структур моцна ўплывае на бяспечныя і належныя ўмовы жыцця грамадзян.
»»» Першыя выступоўцы на семінары-нарадзе – начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Валерый Іванавіч Салаўёў і начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніс Аляксандравіч Стадольнік – якраз і агучылі тэму міжведамаснага ўзаемадзеяння суб’ектаў прафілактыкі па забеспячэнні бяспечнага пражывання насельніцтва раёна. А менавіта, як эфектыўна працаваць разам сельсаветам, старастам, участковым, пажарным і, наогул, розным арганізацыям і службам, каб не проста вырашаць праблемныя сітуацыі жыхароў, а папярэджваць і лепш не дапускаць іх.
»»» У дакладзе Валерыя Іванавіча Салаўёва гаворка ішла пра грамадскую бяспеку, прафілактыку злачынстваў і правапарушэнняў. Як паказала статыстыка, за 10 месяцаў гэтага года ў параўнанні з мінулым большасць паказчыкаў засталіся на ўзроўні 2017-га. У цэлым абстаноўка ў раёне характарызуецца як стабільная, хаця і прысутнічаюць лакальныя негатыўныя моманты і праблемныя сітуацыі: узрасла колькасць крадзяжоў і эканамічных злачынстваў, ёсць пытанні па выкананні антыалкагольнага заканадаўства і дарожна-транспартных здарэннях.
Аляксандр Віктаравіч Шкадаў пацікавіўся, як сёння ідзе справа з участковымі на раёне, бо на пачатак года іх колькасць была недастатковай. Як запэўніў Валерый Іванавіч Салаўёў, зараз гэтая сітуацыя кардынальна змянілася і ў бліжэйшы час штат участковых будзе поўнасцю ўкамплектаваны. Галоўнае, каб кожны з іх змог наладзіць добрыя ўзаемаадносіны з жыхарамі, сельсаветамі і старастамі на сваіх участках.
»»» Важнасць сумеснай працы ў вырашэнні пытанняў пажарнай бяспекі і ў межах назіральных камісій выйшла на першы план і ў выступленні Дзяніса Аляксандравіча Стадольніка.
Аляксандр Віктаравіч Шкадаў адзначыў, што сёння на Карэліччыне ў гэтай сферы ёсць пэўныя поспехі, асабліва калі звярнуцца да сумнага вопыту 2009 года з 38 пажарамі і 12 ахвярамі. Спрыяюць стабілізацыі абстаноўкі і назіральныя камісіі, і сельскія сходы, дзе раз за разам прагаворваюцца элементарныя нормы пажарнай бяспекі. Але старшыня раённага Савета дэпутатаў заклікаў, у першую чаргу, старастаў быць пільнымі да аднавяскоўцаў і пры неабходнасці звязвацца з пажарнымі альбо ўчастковымі, каб не дапусціць трагедый.
»»» А яшчэ лепш, дадаў намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Руслан Юр’евіч Абрамчык, абавязкова наладзіцьць сувязь не толькі паміж старастамі і адпаведнымі службамі, але і паміж самімі пажарнымі, участковымі і іншымі суб’ектамі прафілактыкі, бо гэта “пытанне нашай з вамі бяспекі”.
»»» Важным пунктам семінара-нарады стала абмеркаванне пытанняў, звязаных з добраўпарадкаваннем населеных пунктаў Карэліччыны.
»»» Галоўны ўрач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Аляксандр Уладзіміравіч Германюк звярнуў увагу прысутных на стан палігонаў і кантэйнераў для смецця і несанкцыянаваныя звалкі.
»»» Яны трапілі ў поле зроку і начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Васілія Аляксандравіча Ляўковіча.
“Згодны, агучанае патрабуе нашай пільнай увагі, – пракаментаваў Аляксандр Віктаравіч Шкадаў. – Але ў гэтым накірунку мы рухаемся ўпэўнена. Яшчэ нядаўна на тэрыторыі раёна было 40 палігонаў, што з’яўлялася адмоўным паказчыкам. Сёння гэтая лічба паменшылася ў 2 разы. У ідэале павінен быць адзін палігон на раён. Да таго ж, мы будзем працаваць не толькі над колькасцю палігонаў, але і над іх якасцю. Таксама сфарміраваны заказ на новыя кантэйнеры для смецця. А значыць паступова палепшым сітуацыю і тут. Яшчэ хачу звярнуцца да прадстаўнікоў сельсаветаў і актываў населеных пунктаў, бо без вашай падтрымкі нічога не атрымаецца. Тыя ж дагаворы на аказанне паслугі па вывазе адходаў самі па сабе не заключацца. Трэба даводзіць людзям, што сёння, згодна закону, гэта абавязаны зрабіць усе”.
»»» Галоўны інжынер РУП ЖКГ Мікалай Мікалаевіч Лукашкоў адзначыў, што на дадзены момант дагаворы заключаны з 14320 чалавекамі ў 91 населеным пункце раёна, і праца працягваецца.
Разбіраючы пытанне добраўпарадкавання, закранулі і тэму баршчэўніка Сасноўскага разам з залатарнікам (ці як кажуць на Беларусі – сумнікам). Дарэчы, сёлета план па знішчэнні баршчэўніка ў раёне выкананы на 105%, але праблемнай застаецца тэрыторыя ў пойме ракі Рутка. “Усе праінфармаваны, будзем дзейнічаць”, — запэўніў Васілій Аляксандравіч Ляўковіч.
»»» Яшчэ адной хвалюючай карэлліччан тэмай стала пытанне аб выяўленні пустуючых і старых дамоў на тэрыторыі сельсаветаў. У хуткім часе на сайце райвыканкама з’явіцца рэестр такіх будынкаў, пакуль іх прыкладная колькасць – каля 4 тысяч. Таксама начальнік аддзела ЖКГ, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Ірына Казіміраўна Малышава нагадала прысутным аб сёлетнім Указе Прэзідэнта Беларусі №357 ад 4 верасня, які значна спрошчвае і паскарае працу з пустуючымі і старымі дамамі.
Праблемнымі з’яўляюцца такія будынкі не толькі ў прыватным сектары, удакладніў Руслан Юр’евіч Абрамчык. Сёння ў раёне праца вядзецца і на 45 аб’ектах, што належылі прадпрыемствам і арганізацыям, а зараз праз аварыйны стан прадстаўляюць пагрозу для здароўя карэліччан, асабліва – дзяцей.
»»» Звярнуліся на семінары-нарадзе і да рэалізацыі Дэкрэта №3 на тэрыторыі раёна і арганізацыі працы камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Як падкрэсліў Аляксандр Віктаравіч Шкадаў, у гэтым накірунку нямала ўжо зроблена, але існуе шэраг задач, якія неабходна яшчэ рэалізаваць дзеля сацыяльнай справядлівасці і эканамічнай стабільнасці ў грамадстве. Тым больш, усе магчымасці для гэтага існуюць, запэўніла начальнік аддзела дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва Наталля Сцяпанаўна Гоцка. Па стану на 1 лістапада 2018 года, афіцыйна ў раёне зарэгістраваны 46 чалавек, якія звярнуліся за садзейнічаннем у працаўладкаванні, з іх – 43 беспрацоўных. Між тым, у службу занятасці арганізацыямі накіраваны звесткі аб наяўнасці 208 вакансій.
»»» Працягам семінара-нарады стаў “круглы стол”, дзе, у асноўным ад старастаў, гучалі пытанні па абслугоўванні і стану дарог і прыпынкаў, наяўнасці акцый і зніжак у аўтамагазінах, добраўпарадкаванні могілак, арганізацыі вольнага часу ў выглядзе экскурсій для старэйшага пакалення і іншыя.
Завяршылася знакавая падзея ў сацыяльна-культурным жыцці раёна яркім і запамінальным канцэртам народнага ансамбля песні “Вечарынка” аддзела культуры і дасуга “Жухавіцкі ДК”.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара