СПК «Маяк-Заполье» первый на Кореличчине по урожайности рапса
Рапс – алейная сельскагаспадарчая культура, выдатны ўраджай якой у бягучым годзе дазволіў СВК “Маяк-Заполле” ўзняцца на абласны і раённы п’едэсталы. Атрымаўшы 42,9 цэнтнеры алеенасення з кожнага гектара, гаспадарка заняла першае месца на Карэліччыне. У цэлым раён з’яўляецца лідарам Гродзенскай вобласці па ўраджайнасці рапсу.
Рапс з’яўляецца выгаднай культурай ва ўсіх адносінах. Па-першае, у 2018 годзе рэнтабельнасць рапсу склала 139%. Да таго ж няма ніякіх праблем са збытам. Па-другое, алейная культура з’яўляецца выдатным папярэднікам для пшаніцы. Убраўшы рапс у чэрвені, аграрыі маюць дастаткова часу, каб апрацаваць глебу, унесці неабходныя ўгнаенні і пасеяць азімыя зерневыя.
– Сёння карыстаемся добра адпрацаванай тэхналогіяй вырошчвання алейнай культуры, – расказвае галоўны аграном “Маяка”. – Аднойчы зрабіўшы стаўку на азімы рапс, ніколькі не расчараваліся. Таму паступова павялічвалі плошчы пад пасевы культуры і на сённяшні дзень маем 250 га пад рапс. Спрабавалі высяваць гібрыды розных гатункаў, але спынілася на двух: “Рохан” і “Мінерва”, якія даюць найвышэйшую ўраджайнасць у нашых кліматычных умовах.
Строгае выкананне тэхналогіі вырошчвання рапсу – асноўная ўмова для поспеху. Перад пасевам алейнай культуры ў глебу ўносіцца фосфар і калій. У планах на наступную восень – дадатак у выглядзе сольсульфатамонія ў невялікіх дозах. Адной з неабходных умоў атрымання высокага ўраджаю алейнай культуры з’яўляецца абавязковае выкананне нормаў пасеву. Напрыклад, каб засеяць плошчу 250 га, неабходна 83 пасяўныя адзінкі. Калі гаварыць больш дакладна, то на адзін квадратны метр патрабуецца алеенасенне ў колькасці 50 штук. Рапс мае расцягнуты перыяд квітнення. Для таго, каб усе расліны паспявалі адначасова, абавязкова ўносіцца рэгулятар росту.
– Пры тых складаных умовах надвор’я, якія назіраліся сёлета ў канцы вясны і пачатку лета, мы атрымалі, бясспрэчна, добры ўраджай. Валавы намалот склаў 1049 тон рапсу. Вільготнасць алеенасення пры ўборцы была ідэальнай – 12%, – падзяліўся Андрэй Казлоўскі. – У жніўні бягучага года ў сціслыя тэрміны, а менавіта за тыдзень, прайшла сяўба азімага рапсу. Зрабіць гэта дазволіла новая сеялка Lemken Solitair-12 з захватам 12 метраў.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара