17 декабря — День белорусского кино. Рассказываем его историю от 1924 года до оскароносного 2018-го
З’яўленне кіно яшчэ ў антычныя часы прадказаў філосаф Платон. Найбольш дасканала ўвасобілі яго ідэю ў жыццё 28 снежня 1895 года на бульвары Капуцынаў у парыжскім “Гран-кафэ” браты Луі і Агюст Люм’еры. І калі напачатку кіно ўспрымалі, як атракцыён, то зусім хутка, дзякуючы дзясяткам смелых у сваіх эксперыментах таленавітых творцаў, яно стала мастацтвам. Такі высокі статус мае і шэраг айчынных фільмаў. Таму 17 снежня мы і адзначаем з асаблівым пачуццём Дзень беларускага кіно.
? Крыху кінахронікі
У кожнай выключнай з’явы ёсць гучная дата – дзень нараджэння. Для беларускага кінематографа гэта 17 снежня 1924 года, калі выйшла пастанова Савета Народных Камісараў “Аб кінавытворчасці ў БССР” і было створана Дзяржаўнае ўпраўленне па справах кінематаграфіі і фатаграфіі — “Белдзяржкіно”.
Пачыналася ўсё з хранікальна-дакументальных стужак ды культурфільмаў.
На той час была пры “Белдзяржкіно” і мультыплікацыйная майстэрня, дзе ствараліся кінаплакаты для дарослых і пазнавальныя фільмы для дзетак.
А першую айчынную мастацкую стужку «Лясная быль» рэжысёра Юрыя Тарыча беларусы ўбачылі ў 1926-м.
Вялікае значэнне для станаўлення беларускага кіно мела творчасць Уладзіміра Гардзіна, Уладзіміра Корш-Сабліна, Эдуарда Аршанскага.
А выдатнай стартавай пляцоўкай для многіх творцаў стала з’яўленне ў 1928 годзе кінастудыі «Савецкая Беларусь», якая ў 1946-м была перайменавана ў «Беларусьфільм».
Як асобны магутны пласт вылучаецца ў нашых фільмах тэма Вялікай Айчыннай вайны. У першую чаргу ўзгадваюцца карціны: “Гадзіннік спыніўся апоўначы” Мікалая Фігуроўскага, “Альпійская балада” Барыса Сцяпанава і геніяльны фільм “Праз могілкі” Віктара Турава (да яго знакамітых прац належаць таксама “Людзі на балоце”, “Подых навальніцы”, “Я родам з дзяцінства”, “Сыны ідуць у бой”).
Сярод стужак пра вайну таксама выдзяляюцца: “Паланэз Агінскага” і “Дзяўчынка шукае бацьку” Льва Голуба, “Ідзі і глядзі” Элема Клімава, “Руіны страляюць“ Віталія Чацверыкова, “Снайпер” Аляксандра Яфрэмава, “Дняпроўскі рубеж” Дзяніса Скварцова, “Брэсцкая крэпасць” Аляксандра Кота, “Знак бяды”, “Час абраў нас” і “У жніўні 1944-га” Міхаіла Пташука (дарэчы, яму належыць і адзін з самых загадкавых і яскравых айчынных фільмаў “Чорны замак Альшанскі”).
Але не толькі ваеннымі стужкамі знакамітае наша кіно. Любяць беларусы і такія карціны, як “Дзікае паляванне караля Стаха” Валерыя Рубінчыка, “Белыя Росы” Ігара Дабралюбава, “Мяне завуць Арлекіна” Валерыя Рыбарава, “На цябе спадзяюся” Алены Цыпляковай, “Масакра” Андрэя Кудзіненкі, “ГараШ” Андрэя Курэйчыка, “На ростанях” і “Кадэт” Віталія Дудзіна, “Інсайт” Рэнаты Грыцковай, дзіцячыя – “Прыгоды Бураціна” і “Пра Чырвоны Капялюшык” Леаніда Нячаева, “Рыжык у Залюстроўі” і “Кіндэрвілейскі прывід” Алены Туравай.
Не супыняюць здзіўляць цікавымі кіназнаходкамі студыя дакументальнага кіно “Летапіс” і майстэрня мультыплікацыйных фільмаў, што ўваходзяць у склад “Беларусьфільма”. Сярод дакументалістаў варта ведаць Галіну Адамовіч, Міхаіла Жданоўскага, Віктара Аслюка, Юрыя Гарулёва, Мікалая Князева, Вольгу Дашук, Юрыя Цімафеева, Кацярыну Махаву, сярод мультыплікатараў – Яўгена Ларчанка, Ігара Волчака, Міхаіла Тумелю, Ірыну Кадзюкову, Аляксандра Ленкіна, Таццяну Кубліцкую і, наогул, чым больш, тым лепш, бо ў нас дастаткова таленавітых людзей.
? Оскараносны 2018-ы
Гэты год надоўга запомніцца беларускім кінаманам.
Адразу два айчынныя фільмы заўважаны ў гонцы за “Оскарам”: дакументальная карціна “Дарога” прадзюсера Волі Чайкоўскай і мастацкая стужка “Крышталь” рэжысёра Дар’і Жук. Дарэчы, 5 снежня “Дарога” атрымала ў ЗША прэстыжную ўзнагароду Нацыянальнай прэміі тэлебачання і кіно.
Яшчэ адна наша перамога: беларускі рэжысёр Андрэй Куціла зняў лепшы дакументальны фільм пад назвай “Сума” па версіі міжнароднага конкурсу IDFA, па аўтарытэту параўнальнага з Канскім кінафестывалем.
Адзначаны бягучы год і Нацыянальнай кінапрэміяй Беларусі, якая пройдзе ўпершыню 17 снежня ў Доме кіно ў Мінску. Беларускім “Оскарам” будуць ушанаваны 20 лаўрэатаў.
Да таго ж, сёлета Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” адзначыў 25-годдзе пад слоганам “Пазнаючы белы свет”.
Апроч таго, беларускія кінафорумы пакараюць і анлайн-прастору: пачыналася ўсё з праектаў “КиноVarka” (альтэрнатыўныя карціны) і Smartfilm (мабільныя фільмы), а зараз у гэтым фармаце робіцца фестываль беларускага дакументальнага кіно BelarusDocs.
Больш таго, ёсць сайт kinakong.by – адзіны айчынны праект, які займаецца прафесійнай агучкай кіно на беларускую мову і ладзіць паказы гэтых фільмаў у кінатэатрах.
? Гродзеншчына ў кіно
Маляўнічы Прынёманскі край не мог абыйсці кінематаграфічны лёс. Нездарма ў Гродна ёсць нават свая Алея кіно, дзе на плітах увекавечаны знятыя на нашай зямлі фільмы “Мiколка-паравоз”, “Белыя росы”, “Сын за бацьку”, “Раскiданае гняздо”, “У жніўні 44-га”, “Я родам з дзяцiнства”.
Таксама ў абласным цэнтры ладзяць унікальныя кінапаказы. Нядаўна ў медыцынскім каледжы карціну “Дзікае паляванне караля Стаха” прадэманстравалі з аўдыёдэскрыпцыяй для людзей з парушэннямі зроку.
Багата кінагісторый звязана і з Карэліччынай, а менавіта – з Мірскім замкам. Пачалося ўсё ў 1928 годзе з фільма “Пан Тадэвуш” Рычарда Ардынскага. Любіў гэтыя мясціны Віктар Тураў і здымаў тут “Праз могілкі”, “Гора баяцца – шчасця не бачыць”, “Шляхціц Завальня”. Таксама мірскія краявіды вы пазнаеце ў фільмах іншых беларускіх і расійскіх рэжысёраў: “Усходні калідор”, “Пяцёрка адважных”, “Тры вясёлыя змены”, “Пані Марыя”, “Ярмолавы”, “Снайпер”, “1812: Уланская балада”, “Каханне па-за конкурсам”. А сёлета ў замку здымалі шматсерыйную мастацкую стужку “Гадуноў”.
Прыгажосць – лепшая крыніца натхнення. Нядзіўна, што ўжо 94 гады чароўная Беларусь з’яўляецца кінапавільёнам для мноства адметных фільмаў. І ёсць усе падставы спадзявацца, што поспехі 2018-га стануць традыцыйнымі для нашага кіно.
? Кнігі пра беларускае кіно ў Карэліцкай раённай бібліятэцы
? 1. Уладзімір Арлоў. Магія белага экрана.
? 2. Николай Еременко. А свет не погас… Очерки, монологи, воспоминания.
? 3. Михаил Пташук. Исповедь кинорежиссера.
? 4. Кино Советской Белоруссии.
? 5. Григорий Александров. Эпоха и кино.
? 6. История белорусского кино.
? 7. Алег Астапенка. З жураўлінай чарады (пра актрысу Галіну Макараву).
? Людзі мастацтва гавораць…
Аляксандр Калагрыў,
акцёр Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра:
— Наконт беларускага кіно… Лічу, што ў творчасці, у мастацтва няма нацыянальнасці! Так і наша кіно належыць усяму свету. Нельга абмяжоўваць сябе! У Беларусі вельмі шмат таленавітых рэжысёраў і акцёраў. Галоўнае — імкнуцца ствараць не проста нейкае «сваё» кіно, а, наогул, рабіць любы фільм шчыра, ад сэрца, якасна і цікава. Што датычыцца маёй любімай карціны, то гэта знятая ў горадзе Гродна камедыя «Белыя Росы».
Таццяна Мацюшонак,
журналіст, сцэнарыст,
выпускнік Усерасійскага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі:
— Першае, што ўзнікае перад вачыма, калі я чую пра беларускае кіно, гэта два творы: «Выцiнанка-выразанка» Міхаіла Тумелі і «Знак бяды» Міхаіла Пташука. Таксама сёння вельмі актуальныя дакументальныя фільмы рэжысёра Андрэя Куцілы. Адносна жанра, які мог бы стаць папулярным у нас, то гэта нешта новае і незвычыйнае, напрыклад, «драмедзі». Наконт асноўных рысаў беларускага кінематографа, то тут я вылучу спачуванне да чалавека і глыбіню адлюстравання жыцця. Калі бы я здымала фільм, то таксама абавязкова паказала гэта ў ім. А яшчэ мая карціна была бы пра вёску, як яна памiрае на нашых вачах, а мы нiчога не можам зрабiць. Знiкае эпоха… Магчыма, для здымак я бы абрала Палессе — адно з самых кінематаграфічных і прыгожых месцаў Беларусі.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц
«Беларусьфільм» на YouTube
Спіс кніг падрыхтаваў загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Карэліцкай раённай бібліятэкі Міхаіл Лагута