Библиобус Кореличской библиотеки отправился за новогодними приключениями (+видео)

?? На зімовыя святы ў казках чакаюць Дзеда Мароза альбо Санта-Клауса. А ў рэальным жыцці ўжо другі год запар жыхары карэліцкіх вёсак з радасцю сустракаюць навагодні дэсант бібліобуса Карэліцкай раённай бібліятэкі.

Святочная акцыя пачынаецца ў снежні за некалькі тыдняў да Новага года і працягваецца да Калядаў у студзені. Сёлета першым населеным пунктам у навагоднім маршруце бібліобуса стала вёска Вялікая Мядзвядка. У госці да тутэйшых жыхароў прыехала з падарункамі і віншаваннямі ды яшчэ ў вобразах Дзеда Мароза, Снягуркі, Зімы і Скамароха дэлегацыя супрацоўнікаў бібліятэкі – Ксенія Баранчык, Таццяна Мулярчык, Галіна Крывапуст і Таццяна Рахманька. За лагістыку і музыку ў казачным падарожжы адказвалі адпаведна вадзіцель Аляксандр Ціхановіч і выкладчык Мірскай дзіцячай школы мастацтваў Віталій Нячай.

Чакаючыя на пляцоўцы каля магазіна чытачы былі прыемна ўражаны такім незвычайным пераўвасабленнем бібліятэкараў. Жыхарка Вялікай Мядзвядкі Галіна Хіневіч у адказ на душэўныя віншаванні каманды бібліобуса таксама шчыра пажадала ўсім прысутным здароўя і дабрабыту ў надыходзячым годзе і падзякавала за тое, што стварылі выдатны святочны настрой і парадавалі такой цудоўнай акцыяй.

Але адным прыпынкам справа не скончылася. Навагодні дэсант завітаў у хаты да самых актыўных чытачоў: Галіны Аляшкевіч, Ганны Шыманскай, Валянціны Мацко, Таццяны Яраш, Ірыны Асацыяні, Тамары і Вячаслава Крупко. Усім прыйшліся даспадобы такія незвычайныя і творчыя госці.

Апроч песняў ды танцаў, кніг ды сувеніраў, цукерак ды пажаданняў супрацоўнікі бібліятэкі прывезлі зробленыя юнымі выхаванцамі Карэліцкага маладзёжнага цэнтра культуры і Дома рамёстваў кранальныя паштоўкі.

Удалы пачатак навагодняй акцыі раённай бібліятэкі пакладзены. І казачны дэсант бібліобуса ўжо з нецярпеннем чакае новых сустрэч з любімымі чытачамі.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота і відэа аўтара