Дрессированный зоопарк, шкатулка с секретом и танцы до упаду. На Кореличчине стартовала республиканская новогодняя акция «Наши дети» (фото + видео)

10 снежня па ўсёй краіне пачалася штогадовая дабрачынная акцыя «Нашы дзеці», прысвечаная самаму чароўнаму святу – Новаму году. Карэліцкі маладзёжны Цэнтр культуры сабраў мноства школьнікаў, якія з задавальненнем прынялі ўдзел у гульнях і тэатралізаваных прадстаўленнях.

Мерапрыемства пачалося з інтэрактыўнай гульні, дзе асноўнай дзеючай асобай была Маша з мультфільма “Маша і ммядзведзь”. Дзяўчынка задавала хлопчыкам і дзяўчынкам пытанні, спрабавала даведацца каго ў зале больш і што любяць маленькія гледачы.

Павіншаваць дзяцей прыйшоў намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама, старшыня РА РГА “Белая Русь”, дэпутат раённага Савета дэпутаў Руслан Юр’евіч Абрамчык, які адзначыў важнасць акцыі і заклікаў дзяцей ўдзельнічаць ва ўсіх пераднавагодніх мерапрыемствах, якія будуць для іх арганізаваны.

– Акцыя “Нашы дзеці” праходзіць ужо не першы год і ўключае ў сабе вялікую колькасць розных сустрэч, канцэртаў і ранішнікаў. Гэта робіцца дзеля таго, каб падоўжыць чароўную атмасферу свята і цудаў, каб Новы год не праляцеў у адно імгненне, – сказаў Р. Ю. Абрамчык. – У гэтым годзе супрацоўнікамі адукацыі і культуры падрыхтаваны шматлікія мерапрыемствы, наведаць якія я заклікаю кожнага з вас.

Таксама намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама адзначыў, што перад Новым годам ніхто не павінен быць адзін, таму трэба не забываць пра пажылых людзей і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

Начальнік ўпраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Валер’еўна Асташэвіч падкрэсліла важнасць духоўнага адзінства і сям’і.

– Назва акцыі гаворыць сама за сябе, таму што чужых дзяцей не бывае… Дзякуючы райвыканкаму 772 дзіцяці атрымаюць салодкія падарункі. Гэта вучні 1-4 класаў, 43 дзіцяці з інваліднасцю і 54 – з апякунскіх і прыёмных сем’яў, – зазначыла І. В. Асташэвіч.

Таксама яна падкрэсліла, што Новы год – самае прыгожае свята, таму і мары павінны абавязкова здзяйсняцца.

Пасля віншаванняў прадстаўнікоў улады дзяцей чакаў канцэрт і тэатралізаванае прадстаўленне ад аматарскага аб’яднання “Закрытыя твары” з Ярэміцкага ЦСДК. Радасныя ўсмешкі і шчырае захапленне ў маленькіх гледачоў выклікалі малпа, заяц, прыгажуня-кошка і іншыя жывёлы.

Завяршылася мерапрыемства вясёлымі танцамі, дзякуючы якім дзясяткі хлопчыкаў і дзяўчынак адчулі набліжэнне самага добрага і ўтульнага свята.

Вікторыя КАСЦЮК

Фота Іны ЛЕЙКА

Відэа Лізаветы МУЦІЛОВІЧ