Кореличчанка Мария Судник: «Все вместе работали на одно общее дело»
Ва ўсе часы праца работнікаў сацыяльнай службы была патрэбнай. Яе прадстаўнікі абаранялі інтарэсы людзей, рабілі гэта з пачуццём вялікай адказнасці — і маючыя патрэбу ў дапамозе і падтрымцы заставаліся задаволены. Сёння сваімі ўспамінамі дзеліцца жыхарка райцэнтра Марыя Сяргееўна СУДНІК, якая была ля вытокаў стварэння сацзабеспячэння на Карэліччыне і тры дзесяцігоддзі аддала гэтай важнай справе.
— Марыя Сяргееўна, што б Вы маглі нагадаць са свайго ваеннага дзяцінства? Як гэта ўспрымаецца зараз?
— Я памятаю пастаянны страх. Ваенныя фільмы не гляджу. Давялося шмат перажыць і вярнуцца дамоў, дзе чакала не менш цяжкасцяў: дзеці не прымалі ў кампаніі з-за майго мінулага, спачатку жылі ў зямлянках… Адным словам, дзяцінства не было, з гадамі мацнела жаданне выйсці ў людзі і расло імкненне жыць далей.
— Вы прайшлі доўгі працоўны шлях у сацыяльным забеспячэнні. Якім ён быў?
— Шчыра гаворачы, нялёгкім. Да 1965 года былі толькі дзяржаўныя пенсіі. З 1 студзеня 1965 года ўвялі Закон аб калгасных пенсіях. У штаце Карэліцкага райзабеса працавалі вопытныя работнікі, якія стаялі ля яго вытокаў: загадчык Яўгеній Уладзіміравіч Друцька, галоўны інспектар Віктар Паўлавіч Мігуноў, галоўны бухгалтар Мікалай Пратасавіч Еўлашэўскі. Асаблівую дапамогу ў рабоце аказваў Віктар Паўлавіч Мігуноў, як быў удзельнікам вайны, а таксама — работнікі аблзабеса, Міністэрства сацыяльнага забеспячэння. Яны давалі неабходныя кансультацыі, і гэта была істотная дапамога ў працы. Мы вучыліся на курсах павышэння кваліфікацыі пры Міністэрстве сацзабеспячэння.
Праца наша была нялёгкай, але патрэбнай. Да нас звярталіся людзі са сваімі пытаннямі, і мы стараліся ім дапамагчы. Пастаянна праводзіліся пераразлікі пенсій для ўсіх катэгорый пенсіянераў. У нас для работы былі толькі лічыльнікі, разлікі рабілі на паперы. За два гады да майго выхаду на пенсію была ўведзена камп’ютарызацыя.
— Ваша працоўнае жыццё было прысвечана справе служэння людзям. Які быў асноўны крытэрый у працы?
— Павага да наведвальнікаў, імі ў пераважнай большасці з’яўляліся старыя і хворыя. Да кожнага трэба было знайсці індывідуальны падыход. Разам з тым прысутнічала адказнасць за сваю працу, якую выконвалі годна. Памяталі аб тым, што за кожным разлікам — лёс чалавека, а мы з’яўляемся абаронцамі яго інтарэсаў, і гэтая справа нам даверана дзяржавай.
— На працягу працоўнай дзейнасці Вам давялося быць і выканаўцам, і кіраўніком. Каго з калег па працы Вы найчасцей успамінаеце?
— Мне давялося працаваць старшым інспектарам з 1 красавіка 1971 года па 5 жніўня 1995 года, іншы раз замяняць загадчыка райзабеса. Хочацца добрым словам успомніць Уладзіміра Мікалаевіча Кушаля, граматнага спецыяліста, уважлівага да людзей і супрацоўнікаў, а таксама — інспектара Надзею Уладзіміраўну Фадзееву. Шмат сіл і старанняў аддалі працы ў сацзабеспячэнні Валянціна Станіславаўна Арцюх, Алена Уладзіміраўна Голас, Лідзія Іванаўна Гіга, Ніна Аляксандраўна Данько, Галіна Аляксандраўна Камейка і іншыя.
— Падтрымку якіх арганізацый і ўстаноў раёна адчувалі?
— Карэліцкага райвыканкама, сельскіх Саветаў, райваенкамата, кіраўнікоў калгасаў раёна. З усімі стараліся працаваць, як гаворыцца, у адной звязцы. Вялікую дапамогу аказвалі ЗАГСы: выдавалі пасведчанні аб нараджэнні. Усе разам мы рабілі адну агульную справу.
— Як зараз успрымаецца жыццё на заслужаным адпачынку?
— З 1995 года — на пенсіі. У мяне ёсць агарод і кветнік. Займаюся рукадзеллем. Люблю прыроду, хаджу ў лес па грыбы. Лічу, што чалавек павінен мець занятак для душы, тады жыццё ідзе па-іншаму.
— У чым сакрэт даўгалецця?
— Я дзялюся з людзьмі тым, што яны просяць, імкнуся дапамагчы чалавеку. Не жадаю нікому нядобрага, не люблю сварыцца. Жыццё такое кароткае, і яго трэба берагчы. У мяне бацькі прытрымліваліся гэтых накірункаў у жыцці.
— Што б Вы пажадалі сённяшнім супрацоўнікам сацыяльнай службы?
— Каб дзень быў усім у радасць, а дрэнны настрой пакідалі за парогам установы, куды прыходзяць на працу. Няхай усё і заўсёды ў іх жыцці ладзіцца.
З АЎТАБІЯГРАФІІ
Марыя Сяргееўна Суднік нарадзілася 6 жніўня 1940 года ў вёсцы Ярэмічы. У трохгадовым узросце яе прымусова вывезлі ў Германію, дамоў вярнулася ў лістападзе 1945 года. Закончыла Турэцкую сярэднюю школу і Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Агульны працоўны стаж — сорак гадоў, у сацзабеспячэнні — з 1 жніўня 1964 па 5 жніўня 1995 года. Узнагароджана медалём «За працоўную адзнаку», нагрудным знакам «Вязень фашызму», юбілейнымі медалямі да 60-, 65-70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота з архіва Марыі СУДНІК