Новые дома, озеленение поселка, газификация деревень. События Кореличчины, про которые газета «Полымя» писала в 1965 году

Новыя дамы, азеляненне пасёлка, газіфікацыя вёсак. Падзеі раёна, аб якіх пісала газета «Полымя» ў 1965 годзе.

? 13 красавіка

Разгледзеўшы вынікі сацыялістычнага спаборніцтва калгасаў раёна за павелічэнне вытворчасці і продажу прадуктаў жывёлагадоўлі за першы квартал 1965 года, бюро райкама партыі і выканкам райсавета дэпутатаў працоўных пастанаўляюць: прызнаць пераможцам калгас «Зара» (старшыня т. Шчарбакоў П. М., сакратар партарганізацыі т. Жытко Е. Д.). За першы квартал калгас атрымаў па 61,1 цэнтнера малака на 100 гектараў сельгасугоддзяў (+64%), надоена малака ад каровы па 366 кг, або на 139 кілаграмаў больш мінулагодняга.

? 1 мая

Напярэдадні Першамая адкрыўся новы аўтобусны маршрут Карэлічы-Турэц-Ярэмічы-Мір. Пасажыраў гэтых населеных пунктаў будуць абслугоўваць аўтобусы Мірскай аўтабазы.

? 6 мая

У сялянскія хаты калгаса «Маяк» на змену печцы ды лучыне прыйшоў газ. Намнога зручней стала гаспадыням. Лёгкі паварот краніка — і запыхкала блакітнае полымя. І хутка, і чыста.

? 5 чэрвеня

У Карэлічах асвоілі вытворчасць чатырох відаў цукерак. Каб выканаць гадавую праграму, карамельнаму цэху трэба вырабіць 150 тон салодкіх пачастункаў.

? 8 ліпеня

Хаця зараз у поўным разгары летнія канікулы, але навучэнцы дзевятага, дзясятых, адзінаццатага класаў Ярэміцкай сярэдняй школы не адпачываюць. Яны праходзяць вытворчую практыку на палях калгаса імя Ул. Царука і будаўніцтва.

? 20 ліпеня

Прыгожы калгасны клуб пабудаваны ў сельгасарцелі «Сцяг Леніна». У памяшканні ёсць глядзельная зала, пакоі для гульняў і гуртковай работы.

? 12 жніўня

Маслазавод перапрацоўвае штодзённа звыш 100 тон малака. За 7 месяцаў выдадзена прадукцыі на 1715 тысяч рублёў.

? 7 верасня

У раёне налічваецца каля 7 тысяч укладчыкаў, якія захоўваюць у ашчадных касах больш 2300 тысяч рублёў.

? 11 верасня

Не паскупілася сёлета карэліцкая зямля. Многія брыгады, вытворчыя ўчасткі і гаспадаркі намалочваюць з гектара па 20-25 цэнтнераў жыта, па 30 і больш цэнтнераў ячменю і пшаніцы.

? 12 кастрычніка

Другі год працуе крухмальны цэх Мірскага спіртзавода. У мінулым годзе ім было выраблена 154 тоны крухмалу. Сёлета штодзённа тут вырабляецца ад 2,5 да 3 тон прадукцыі.

? 2 лістапада

Актыўна ўключылася ў месячнік па азеляненню райцэнтра грамадскасць Карэліч. Яе сіламі абапал вуліцы Савецкай і 17 Верасня высаджана сто саджанцаў каштану.

? 7 снежня

У райцэнтры здадзены ў эксплуатацыю 16-кватэрны жылы дом. Пачата будаўніцтва 12-ці і 8-кватэрных дамоў. У гарпасёлку Мір узведзены сталовая, лазня, 8-кватэрны дом. Такія ж дамы пабудаваны ў арцелях «Новае жыццё» і «Зара».

Газеты гартала Іна ЛЕЙКА
Фотаздымкі з фондаў Карэліцкага раённага краязнаўчага музея

Працяг будзе…