Раскопок возле Мирского и Несвижского замков больше не будет?

Савет міністраў Беларусі прызнаў, што страцілі моц пастанова №103 ад 25 лютага 1994 года “Аб арганізацыі унікальных даследчых работ у Нясвіжскім і Мірскім замках” і пастанова ад 26 лiпеня 1996 года №490 “Аб дадатковых мерах па забеспячэнні правядзення даследчых работ у Нясвіжскім і Мірскім замках” . Ці азначае гэта, што тут больш ніколі не будуць праводзіцца раскопкі, і ўсё што можна ўжо знайшлі?

“Навукова-даследчыя работы не спыняюцца, — заявіў Еўрарадыё дырэктар музея Замкавага комплексу «Мір» Аляксандр Лойка. — Як бачна, дакументы тычацца будынка замка, які прызнаны аб’ектам Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. Тут работы завершаныя. Што тычыцца ўсёй тэрыторыі, а гэта 26 гектараў зямлі, працягваюцца раскопкі палаца Святаполк-Мірскіх. Таксама распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя па Італьянскім парку”.

Што ўдалося знайсці за час раскопак на тэрыторыі палаца ў Міры?

Раскопкі на тэрыторыі згаданага палаца вядуцца ўжо тры гады. Дырэктар з гонарам распавядае, што падчас работ навукоўцы выявілі ручкі з вензелямі Святаполк-Мірскіх. Да гэтага ніхто не ведаў, як выглядалі родавыя манаграмы.

Мірскі замак

Сярод іншых знаходак — падмуркі пабудоў XVI стагоддзя, побач з якімі і быў пабудаваны палац. А яшчэ навукоўцы працягваюць «дакопвацца» да вытокаў легенды пра тунэлі паміж Мірскім і Нясвіжскім замкамі.

“Усе, напэўна, чулі гэтую гісторыю, — кажа Аляксандр Лойка. — Падобна на тое, што нейкі акведук мы знайшлі. Далей пакуль не раскопваем. Легенда аб тунэлі прыгожая, але пакуль не знайшла свайго пацвярджэння”.

Раскопак у Нясвіжы няма, затое ёсць падземны ход

У Нясвіжы раскопкі цяпер не вядуцца, хоць, па словах кіраўніцтва, тэма іх неабходнасці перыядычна падымаецца.

Нясвіжскі замак, фота: everest-tour.by

“Яны могуць праходзіць толькі з афіцыйнага дазволу Акадэміі навук, — тлумачыць намеснік дырэктара нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Наталія Жэрка. — Дакументы, якія Саўмін пастанавіў прызнаць несапраўднымі, тычацца вышукальных і рэстаўрацыйных работ, якія ўжо скончыліся. Так, тыя дакументы ўжо даўно страцілі сваю моц, але, мабыць, заляжалася, скасаваць іх трэба было раней”.

А што кіраўніцтва музея ў Нясвіжы думае пра тунэль, які вядзе ў Мір? Ці быў ён на самай справе? Калі навукоўцы знаходзяць нейкія зачэпкі ў ваколіцах аднаго замка, можа быць, і тут адкапалі хоць бы частку загадкавага тунэля?

“Такую легенду нашы экскурсаводы таксама перыядычна распавядаюць наведвальнікам, — кажа намеснік дырэктара музея. — Дакументаў, якія маглі б яе пацвердзіць, у нас, на жаль, няма. Здагадкі пра тое, што падземны ход быў, звязаныя з размахам работ, якія праводзіліся на тэрыторыі замкаў у XVI стагоддзі. На месцы балот выкопвалі сажалкі! Не выключана, што княжых амбіцый хапіла б і на тунэль. Паверыць у гэта, праўда, цяжка. Па-першае, адлегласць паміж замкамі — 30 кіламетраў, занадта многа. Па-другое, чаму ніхто не спрабаваў яго захаваць на працягу чатырох стагоддзяў?”

Наталія Жэрка нагадала, што ў Нясвіжы падземныя хады існуюць у межах замкавага бастыёна. Патрапіць туды цяжка, паколькі яны не разлічаныя на вялікую колькасць наведвальнікаў. Тым не менш, часам іх адкрываюць для гасцей. У музеі раяць ўважліва сачыць за навінамі.

Па інфармацыі EURORADIO.BY