Учащийся Мирского художественного колледжа Евгений Черник удостоен премии имени А. Дубко

У гэтым годзе прэмія таленавітай моладзі ўручаецца ў 21-ы раз, за гэты час яе лаўрэатамі сталі больш за 600 чалавек — навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі і студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі.

DPP_37497.JPG

— Кіраўніцтва вобласці заўсёды імкнецца падтрымаць моладзь, асабліва таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак. Вельмі важна даць ім магчымасць праявіць сябе, каб яны былі максімальна карысныя і запатрабаваныя ў нашым грамадстве, — адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Лісковіч.

У маі бягучага года рэзчык па дрэве Яўгеній Чэрнік заваяваў на III Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus сярэбраны медаль: ён стаў другім у кампетэнцыі «Вытворчасць мэблі». У хлопцы гарманічна спалучаецца талент сапраўднага майстра і ўменне слухаць свайго настаўніка Івана Лясько.

— Любоў да працы з дрэвам у мяне яшчэ са школы, — расказвае Яўгеній, — а бацькі ўпэўнены, што гэта ў крыві. Амаль усе мае продкі былі добрымі цеслярамі. Думаю, што цяга да рамяства перадалася мне ад маіх прадзедаў.

Умовы ў конкурсе, успамінае хлопец, былі строгія. Трэба было за 11 гадзін зрабіць тумбачку з высоўнай скрыняй. Прычым у зазоры паміж дэталямі не павінна было прайсці лязо дыяметрам 0,3 мм, інакш работа не залічвалася.

— Яўгеній надзвычай захоплены сваёй справай, — расказвае намеснік дырэктара каледжа Канстанцін Петрыман, — ён літаральна жыве любімай справай, увесь час нешта стругае, з заплюшчанымі вачыма па адным толькі паху можа вызначыць пароду драўніны.

На ўручэнне стыпендыі ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт Яўгеній прыехаць не змог. Зараз ён у складзе нацыянальнай каманды знаходзіцца ў Віцебску на стажыроўцы, рыхтуецца да ўдзелу ў фінале Міжнароднага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus, які пройдзе ў Казані. Упэўнены, што ўдзел у конкурсе для юнака стане паспяховым, бо, як вядома, справа майстра баіцца.

Іна ЛЕЙКА
Фота з архіва газеты «Полымя» і grodnonews.by