Ад родных ніў – да вучоных вяршынь. У Дзень беларускай навукі знакаміты гісторык Уладзімір Адамушка прызнаўся ў любові роднай Карэліччыне
Гісторыя павінна была атрымацца пра навуку. Але аповед выйшаў пра тое, як, дзякуючы малой радзіме, у сэрцы нашага земляка – вядомага беларускага дзеяча і гісторыка — Уладзіміра Іванавіча Адамушкі нарадзіўся вучоны.
Часта наш лёс вызначаецца месцам, дзе мы прыходзім у гэты свет. Так сталася ў жыцці Уладзіміра Адамушкі. Бо менавіта родная вёска Падгайна абудзіла ў ім цікавасць да гісторыі. Усё тут было напоўнена прыгажосцю і пранізана духам часу. Побач знаходзіліся знакамітыя Туганавічы – месца рамантычных сустрэч Адама Міцкевіча і Марылі Верашчакі, ды і камень філарэтаў спрыяў асаблівай творчай атмасферы зямлі маленства Уладзіміра Іванавіча. Не мінулі тутэйшы край і трагічныя падзеі: праз Падгайну праходзіла лінія фронту падчас Першай сусветнай вайны, няпроста прыйшлося вёсцы і ў гады Вялікай Айчыннай. Усё гэта пакінула ў душы будучага навукоўцы глыбокі адбітак.
– Не было для мяне большай радасці ў дзяцінстве, чым пагаварыць з землякамі. Колькі дзіўных гісторый я пачуў ад іх! Мясцовыя людзі навучылі мяне разумець родную зямлю, сталі своеасаблівым вусным гістарычным часопісам, — з удзячнасцю ўспамінае Уладзімір Адамушка.
Шмат зрабілі для будучыні сына і бацькі: маці Зінаіда Уладзіміраўна і бацька Іван Міхайлавіч, дарэчы, настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Ды і Цырынская сярэдняя школа заклала добры фундамент ведаў. Таму, атрымаўшы атэстат, хлопец смела рушыў у Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт на гістарычны факультэт. І тут лёс паслаў яму сур’ёзнае выпрабаванне: паступіць не атрымалася. Уладзімір Іванавіч вярнуўся на малую радзіму і ўладкаваўся ў паляводчую брыгаду. Але ў хуткім часе прафесійны шлях прывёў яго ў Беражна ў школу працаваць настаўнікам шырокага профілю: выкладаў фізічнае выхаванне, працоўнае навучанне і шэраг іншых прадметаў, пакуль не стаў студэнтам філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вучоба заўжды была ў прыярытэце юнака, але і на актыўнае грамадскае жыццё хапала часу. Уладзімір Іванавіч выконваў абавязкі старасты курса, удзельнічаў у жыцці камсамола і ў дзейнасці студатрадаў. А пасля атрымання дыплома паспеў яшчэ і паслужыць у Ракетных войсках стратэгічнага прызначэння Узброеных сіл СССР.
Пасля дэмабілізацыі не прайшло і двух тыдняў, як дыпламаванаму спецыялісту прапанавалі месца настаўніка ў Карэліцкім раёне. Але адначасова маладога чалавека запрасілі працаваць рэферэнтам у Бюро міжнароднага турызму «Спадарожнік», а затым і адказным сакратаром Камітэта моладзевых арганізацый БССР. 13 год аддаў Уладзімір Іванавіч гэтай цікавай і важнай справе, дзе было месца арганізацыі міжнародных мерапрыемстваў, сустрэчам з замежнымі дэлегацыямі, падарожжам і незабыўным знаёмствам з выбітнымі асобамі – са старшынёй Дзяржаўнага савета ГДР Эганам Крэнцам, цяперашнім кіраўніком Федэральнага архіўнага агенцтва Расіі Андрэем Артызавым і шматлікімі беларускімі і замежнымі навукоўцамі. З падзей асабліва запомніліся сумесныя лагеры дружбы з французамі, балгарамі і фінамі, XII Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў у Маскве ў 1985 годзе.
Таксама важную частку працы складалі лекцыі перад моладдзю. Уладзімір Іванавіч надзвычай сур’ёзна ставіўся да такіх сустрэч, у сваіх выступленнях надаваў асаблівую ўвагу экскурсам у мінулае. Такі падыход дапамог яму ў 1988 годзе паспяхова абараніць дысертацыю і атрымаць навуковую ступень кандыдата гістарычных навук. Пасля чаго яго чакала пасада старшага выкладчыка кафедры сусветнай палітыкі Мінскай вышэйшай партыйнай школы.
Настаў перыяд кардынальных зменаў у грамадстве: распаўся Савецкі Саюз. Але Уладзімір Іванавіч у няпросты час перабудовы цвёрда і ўпэўнена ішоў шляхам навукоўцы. З 1991 года ён паступіў на працу ў Дзяржаўны камітэт па архівах і справаводстве Беларусі, дзе з 1995 года па 2001 займаў пасаду намесніка старшыні. Менавіта ў гэты прамежак часу выйшлі яго асабістыя і ў сааўтарстве з іншымі навукоўцамі кнігі «Помилуйте… Документы по репрессиям 1939-1941 гг. в Вилейской области» і «Палітычныя рэпрэсіі 20-50 гадоў на Беларусі», зборы дакументаў і матэрыялаў «Белорусские остарбайтеры» і «Нацистское золото» из Беларуси».
Пачынаючы з 2002 года, Уладзімір Адамушка працаваў у Міністэрстве юстыцыі Беларусі. Пасада дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве давала выдатныя магчымасці для цікавых навуковых даследаванняў. Гэтаму спрыяла і назначэнне намеснікам старшыні Геральдычнага савета пры Прэзідэнце Беларусі. Гады выдаліся плённымі, і свет пабачылі наступныя выданні: “Гербы и флаги Беларуси”, “Геральдычны вянок Віцебшчыны”, “Лагерь смерти Тростенец”, “Освобожденная Беларусь”, “Хатынь. Трагедия и память”, “Ты з Заходняй, Я з Усходняй нашай Беларусі…”, “Чернобыльская катастрофа 1986—1991” і іншыя.
Зараз гісторык ужо 2 гады знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Але сувязі з навукай не губляе: цікавіцца тэмамі палітычных рэпрэсій і геральдыкай, выступае ў якасці навуковага рэдактара шматтомнага выдання па гісторыі органаў дзяржаўнага кіравання Беларусі.
– Кніг выдадзена, сапраўды, шмат – каля 60 работ. Але кожная з іх для мяне аднолькава каштоўная, – шчыра дзеліцца Уладзімір Іванавіч. – Бо гэта гісторыя нашага народа і краіны, рэальнае жыццё мільёнаў людзей. Калі ўсё ж такі паспрабаваць вылучыць нейкія тры асноўныя выданні, то, напэўна, гэта мая першая манаграфія пра палітычныя рэпрэсіі 20-50-х гадоў мінулага стагоддзя, пяцітомнік пра беларускіх остарбайтэраў і сумеснае выданне з Марынай Ялінскай пра беларускую геральдыку.
Грунтоўная навуковая праца Уладзіміра Адамушкі адзначана на самым высокім узроўні шэрагам узнагарод, сярод якіх – ордэн Дружбы народаў, Ганаровыя граматы Савета Міністраў Беларусі, нагрудныя знакі Міністэрства юстыцыі, званне “Ганаровы архiвicт Беларусi”, ордэн Францыска Cкарыны і нават Дзяржаўная прэмія нашай краіны за 2002 год у галіне навукі.
– Галоўнае для вучонага ў любых абставінах захоўваць цікавасць да свайго прадмета даследавання, дасканала ведаць і разумець матэрыял, умець яго ўдала распрацаваць і пры першых цяжкасцях і сумненнях не кінуць усё, а давесці да канца, – так вызначае галоўныя фактары поспеху наш знакаміты зямляк. – Зразумела, што займацца навукай няпроста. Таму так важна верыць у тое, што ты робіш. Асабіста мне дапамагае любоў да радзімы. Наша зямля – лепшая крыніца натхнення. Не ўяўляю навуковае жыццё і без працы з дакументамі. Часта мяне пытаюць, дзе знайсці сенсацыю. Якраз у старых паперах. Правільна кажуць, што без архіва няма гісторыі. А яе ў сваю чаргу ствараюць людзі. Часам выпадковая размова з цікавай асобай можа стаць стартам для ўнікальнага даследавання.
Родны край, землякі – да гэтых тэм падчас размовы Уладзімір Іванавіч звяртаецца неаднойчы:
– Колькі бы не прайшло год і куды бы лёс мяне не накіраваў, я заўжды ў думках, у сэрцы – з карэліцкай зямлёй. Яна валодае для мяне непаўторнай магнетычнай сілай. Цяжка перадаць словамі тое пачуццё, якое звязвае мяне з малой радзімай. Колькі буду жыць, столькі і вяртацца сюды.
? У Карэліцкай раённай бібліятэцы:
? В.И. Адамушко, М.М. Елинская – “Современная геральдика Беларуси”.
? В.И. Адамушко, М.М. Елинская – “Гербы и флаги Беларуси”.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара і з адкрытых інтэрнэт-крыніц
Дзякуем за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыяла Карэліцкаму краязнаўчаму музею і Карэліцкай раённай бібліятэцы.