К 220-летию Адама Мицкевича газета «Полымя» посетила литературно-музыкальную гостиную в Кореличской библиотеке и дом-музей поэта в Новогрудке (фото+видео)

Слова Адамава на карэліцкай зямлі

Калі ты нарадзіўся ў Навагрудку, то першымі словамі ў сэрцы пасля “мама” і “тата” будуць “Вялікае Княства Літоўскае”, “Міндоўг”, “Арханёл Міхал” і “Адам Міцкевіч”. Імя апошняга цесна звязана і з натхняючым многіх творцаў сваёй прыгажосцю Карэліцкім краем. Таму напрыканцы снежня літаратурна-музычная кампазіцыя “Светлым ценем Адама Міцкевіча” з нагоды юбілею – 220-годдзя з дня нараджэння сусветна вядомага паэта – сабрала ў раённай бібліятэцы багата яго прыхільнікаў.

Спасцігаючы Паэта

Здаецца, што немагчыма за гадзіну расказаць пра жыццё і творчасць Адама Міцкевіча. Але супрацоўнікі бібліятэкі Валянціна Кошур, Міхаіл Лагута, Алена Лісоўская разам з дырэктарам Ліліяй Арцюх падчас сустрэчы здолелі перанесці прысутных у мінулае, дзе кожны змог спазнаць глыбіню талента паэта, зразумець атмасферу тых часоў і, магчыма, у сэрцы адчуць прысутнасць творцы.

Валянціна Кошур

Лілія Арцюх

Міхаіл Лагута

Алена Лісоўская

Асабліва непаўторнай зрабілі імпрэзу выступленні гасцей. Марыя Касцюкевіч падарыла ўсім выключную магчымасць паслухаць баладу “Свіцязянка” на польскай мове, а на беларускай – лірычны настрой падхапіў Аляксандр Абадзінскі, прадэкламаваўшы верш “Два словы”.

Марыя Касцюкевіч

Аляксандр Абадзінскі

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, краязнаўца Святлана Кошур правяла ўдзельнікаў сустрэчы па маляўнічых мясцінах Карэліччыны і Навагрудчыны, якія ў сваіх творах на ўвесь свет праславіў Адам Міцкевіч. Маёнтак Чамброў, сядзіба Рута, возера Свіцязь, мястэчка Мір, вёскі Мядзвядка, Варонча, Горбатавічы і Цырын паўсталі перад слухачамі ва ўсёй прыгажосці паэтычнага слова.

Святлана Кошур

Вольга Несцер | Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў

Напрыканцы сустрэчы госці літаратурнага свята мелі выдатную магчымасць пазнаёміцца з кнігамі і публікацыямі на тэматычнай выставе “Майго сэрца любая Айчына”.

Таямніцы Адама

Імпрэза ў раённай бібліятэцы натхніла нас на сустрэчу з дырэктарам дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку Мікалаем Гайбай – чалавекам, які дасканала ведае біяграфію паэта і, як ніхто іншы, умее праўдзіва, маляўніча і ў дэталях распавесці пра яго жыццёвы і творчы лёс.

Мікалай Гайба

? – Колькі часу патрэбна, каб спасцігнуць Міцкевіча?

– Няма такой меры. Мой агульны музейны стаж складае 27 гадоў, з іх 18 я працую ў доме-музеі Адама Міцкевіча. За гэты час у мяне надрукавана шмат публікацый пра паэта, навуковае выданне “Сэрцу мілая Айчына: Вобраз Радзімы ў жыцці і творчасці Адама Міцкевіча”. Я меў багата сустрэч з дасведчанымі людзьмі, прачытаў па тэме дзясяткі кніг, але і зараз адкрываю для сябе нешта новае і захапляльнае.

? – Некаторыя моманты жыцця паэта даволі супярэчлівыя. Дапамажыце размежаваць міф і рэальнасць. І пачнем з даты і месца нараджэння.

– Адам нарадзіўся 24 снежня 1798 года ў Расійскай імперыі, дзе быў адрозны ад еўрапейскага каляндар, адсюль і супярэчнасці з датай. Месца нараджэння звязваюць з Навагрудкам альбо з фальваркам Завоссе (зараз – Баранавіцкі раён). Больш таго, у тыя часы ў Навагрудскім павеце было яшчэ два Завоссі. Але калі скласці ў адно цэлае геаграфічныя дадзеныя, апісанне мясцовасці, малюнкі Напалеона Орды і Эдварда Паўловіча, то стае зразумелым, што гаворка ідзе пра баранавіцкае Завоссе. Тут і з’явіўся на свет у Мікалая Міцкевіча і Барбары Маеўскай будучы паэт. Дарэчы, калі вы пачуеце, што маці Адама была другой жонкай у яго бацькі, то ведайце – гэта міф.

Адам Міцкевіч

? – Які твор Міцкевіча можна лічыць першым?

– У 1810 годзе ў Навагрудку згарэла драўляная Мікалаеўская царква. Падзея ўзрушыла Адама, і ён напісаў оду аб пажары, паказаў яе настаўнікам – яны не паверылі і нават пакаралі за падман. Але ў рэшце педагогі разабраліся і прадказалі хлопцу добрую паэтычную будучыню. На жаль, ода не захавалася. Таму літаратуразнаўцы лічаць першым творам Міцкевіча апублікаваны ў віленскім часопісе ў 1818 годзе верш “Гарадская зіма”.

Дом-музей Адама Міцкевіча ў Навагрудку

? – Ці валодаў Адам беларускай мовай?

– Ён вучыўся ў польскамоўнай школе, але шмат часу бавіў з тутэйшымі дзецьмі з навакольных вёсак, а значыць і размаўляў з імі на мясцовай гаворцы. Да таго ж, разам з сябрам, ураджэнцам Карэліччыны Янам Чачотам спяваў песні па-беларуску, цікавіўся фальклорам, наведваў народныя святы.

? – Наконт дзіцячых гадоў. А што за хатні звярынец быў у сям’і Міцкевічаў?

– Прыручаныя лісянё, ваўчанё. А яшчэ былі адразу два “крумкачы” — птушка і пад такой мянушкай чорны сабака (па-польску Крук).

? – Звернемся да асабістага жыцця паэта. Міцкевіч карыстаўся любоўю не толькі аматараў літаратуры, але, ходзяць чуткі, што і вядомых жанчын свайго часу.

– У звычайным жыцці Адам быў даволі замкнёным чалавекам, але ж падчас салонаў, дэкламуючы свае творы, пад час імправізацыі ён пераўвасабляўся. Таму такія знакамітыя свецкія асобы, як Караліна Сабаньская, Караліна Яніш, княгіня Зінаіда Валконская, піяністка Марыя Шыманоўская, шчыра захапляліся Міцкевічам. Але музай паэта і крыніцай яго натхнення з’яўлялася Марыля Верашчака, пасму валасоў якой ён захоўваў усё жыццё. Дарэчы, з яе мужам графам Путкамерам Адам знаходзіўся ў неблагіх адносінах і нават гасцяваў у яго маёнтку. І, безумоўна, самыя цёплыя пачуцці звязвалі яго з жонкай Цэлінай Шыманоўскай, пра якую ён пісаў: “Гэта той чалавек, якога я доўга чакаў”.

Марыя і Цэліна Шыманоўскія, Караліна Сабаньская, Марыля Верашчака, Зінаіда Валконская, Караліна Яніш

? – Кажуць, што род Міцкевічаў паходзіць ад літоўскага баярына Рымвіда, які, дарэчы, узгадваецца ў “Гражыне”. Гэта праўда?

– Ёсць такая версія. І сам Адам Міцкевіч у творах піша пра гэты род і іх герб «Порай». Але ж даследчыкі не знайшлі дакументальных пацверджанняў. Яшчэ адзін міф – яўрэйскія карані маці Адама Барбары, якая нібы была з франкістаў. Больш таго, Міцкевіч так удала напісаў “Крымскія санеты”, што некаторыя вырашылі знайсці ў яго радаводзе і татарскі след.

? – Дык якому народу належыць Адам Міцкевіч – беларускаму, польскаму, літоўскаму? Альбо ён – сусветная славутасць?

– Большасць даследчыкаў творчасці паэта ўжо даўно прыйшла да думкі, што ўсе народы былой Рэчы Паспалітай маюць права на ўласнага Адама Міцкевіча. Паэт сваёй літаратурнай спадчынай аб’яднаў многія землі і людзей. Гэта датычыцца і нашых раёнаў – Навагрудскага і Карэліцкага. Бо калі ўзяць “Пана Тадэвуша”, то на яго старонках мы знойдзем нямала апісанняў знаёмых мясцін.

? – У нашай літаратуры ёсць яшчэ адзін знакаміты Міцкевіч – Якуб Колас. Ды і “Пана Тадэвуша” часам параўноўваюць з “Новай зямлёй”. Ці не родзічы творцы?

– А яшчэ ў нас ёсць цэлая вёска пад назвай Міцкевічы. Ды і калі глянуць у тэлефонны даведнік, мы знойдзем людзей з такім прозвішчам. Але гэта не гарантуе, што ўсе яны родзічы з Адамам. Таму Міцкевіча і Коласа аб’ядноўваюць не кроўныя сувязі, а творчыя. Бо калі “Пан Тадэвуш” – гэта эпапея шляхецкага жыцця XIX стагоддзя, то “Новая зямля” – сялянскага жыцця пачатку ХХ стагоддзя.

? – Што дапаможа нам, людзям трэцяга тысячагоддзя, зразумець Міцкевіча?

– Кнігі. Перш чым дабрацца да такіх твораў, як “Пан Тадэвуш” і “Дзяды”, трэба, на маю думку, звярнуцца да лірыкі кахання і заснаваных на мясцовым фальклоры баладаў Міцкевіча. І, натуральна, звярнуцца да перапіскі паэта з роднымі і сябрамі, даследаванняў Кастуся Цвіркі, Алега Лойкі і Уладзіміра Мархеля, выдання “Адам Міцкевіч і Беларусь” альбо кнігі з савецкай серыі “Жизнь замечательных людей”.

? – Якія радкі лепш за ўсё характарызуюць творцу?

– Міцкевіч быў розным. Для Віктара Гюго – вестуном свабоды, для Аляксандра Пушкіна – “он вдохновлён был свыше и свысока взирал на жизнь”, для гісторыі і чалавецтва – больш, чым паэтам.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара і з адкрытых інтэрнэт-рэсурсаў
Відэа аўтара