Кореличская райветстанция: прививка является самым надежным способом защитить домашнего питомца от бешенства
? У Карэліцкім раёне з пачатку 2018 года зарэгістравана 8 выпадкаў захворвання шаленствам, сярод якіх 6 выпадкаў захворвання дзікіх ліс і 2 – хатніх жывёл. На сённяшні дзень гэтая праблема з’яўляецца надзвычай актуальнай. Аб тым, хто становіцца ахвярай хворых ліс і як распазнаць захворванне хатніх жывёл, расказвае начальнік эпізаатычнага аддзела Карэліцкай райветстанцыі Віктар КРЫВАНОС.
? – Віктар Іванавіч, што ўяўляе сабой шаленства?
– Шаленства – гэта вострае інфекцыйнае захворванне, якое выклікаецца спецыфічным вірусам. Існуе два тыпы шаленства: лясное прыроднае, якое распаўсюджваецца дзікімі жывёламі, і гарадское, якое назіраецца сярод бадзяжных сабак, катоў і іншых хатніх жывёл.
? – Як вядома, галоўнай крыніцай распаўсюджвання шаленства з’яўляюцца дзікія лісы. Хто можа стаць іх ахвярамі?
– Хворыя лісы ўяўляюць сабой небяспеку для сабак і кошак – як хатніх, так і бадзяжных. Лісы, хворыя на шаленства, губляюць інстынкт самазахавання і выходзяць на аўтатрасы, трапляюць у населеныя пункты, без страху нападаюць на людзей і хатніх жывёл. Менавіта ў гэтым выпадку праз укус альбо абсліненне хворай жывёлай адбываецца заражэнне смяротным захворваннем.
? – Як змяняюцца паводзіны хатніх жывёл пры шаленстве?
– Калі вы заўважылі, напрыклад, у сабакі прыкметы агрэсіі, гідрафобіі, нехарактэрныя паводзіны, слінавылучэнне – у гэтым выпадку высокая рызыка таго, што ён захварэў. Да таго ж захворванне можа праяўляцца ў дзвюх формах: буйнай альбо ціхай. Пры буйнай форме сабака можа кідацца на людзей альбо бегчы, не разбіраючы дарогі, хрыпла брэшучы. Пры захворванні ў ціхай форме сабака можа лашчыцца да гаспадара, а потым як бы выпадкова ўкусіць яго. Заўважыўшы такія незвычайныя паводзіны, неабходна як мага хутчэй звярнуцца да спецыялістаў райветстанцыі для своечасовага лячэння альбо высвятлення дыягназу, калі жывёла загінула.
? – Віктар Іванавіч, якія парады дапамогуць абараніцца ад шаленства?
– Не дапускайце камунікавання хатніх жывёл з дзікімі і бадзяжнымі, а таксама неабходна выключыць свабоднае пранікненне лясных жывёл на жывёлагадоўчыя аб’екты. Хатнім сабакам і кошкам абавязкова зрабіце прышчэпку супраць шаленства. Асабліва гэта датычыцца паляўнічых сабак. З пачатку бягучага года ў Карэліцкім раёне былі прышчэплены 624 сабакі, што складае 39% ад агульнай колькасці зарэгістраваных сабак, 570 катоў, альбо 18%, 8907 галоў буйной рагатай жывёлы. За сабакам альбо катом, які пакусаў чалавека, павінна быць устаноўлена 10-дзённае назіранне. Пры выяўленні трупаў жывёл, ні ў якім разе не чапайце іх і не здымайце скуру. Абавязкова паведаміце ў ветэрынарную службу. У выпадку, калі вас пакусала ліса альбо сабака, неадкладна звярніцеся ў медыцынскую ўстанову.
? МЕРКАВАННЕ
Уладзімір Іванавіч Сап’янік, начальнік участка Карэліцкага РУП ЖКГ:
— Упэўнены ў тым, што папярэдзіць такое смяротнае захворванне хатніх жывёл, як шаленства, можна пры дапамозе вакцынацыі. Таму трэці год запар абавязкова раблю прышчэпку свайму сабаку Барону, з якім амаль кожныя выхадныя хаджу на паляванне. У гэтым годзе зноў выкарыстоўвалі прышчэпку, якая з’яўляецца прафілактычным прэпаратам супраць некалькіх захворванняў жывёл.
Гутарыла Аксана ЯНУШ