На катке в агрогородке Луки катаются целыми семьями
Разам з Новым годам да нас прыйшла доўгачаканая зіма са снегам і маразамі. Надзвычай узрадаваліся гэтаму карэліцкая дзетвара і аматары актыўнага адпачынку на свежым паветры, якія пачалі актыўна даставаць спартыўны інвентар.
Усе прыхільнікі хакея і катання на каньках ужо змаглі выйсці на карэліцкі лёд: на мінулых выхадных у раёне пачалі з’яўляцца лядовыя пляцоўкі. Усіх аматараў зімовых відаў спорту чакаюць каткі, залітыя на базах сярэдніх школ раёна, а таксама на стадыёне “Юнацтва” г.п. Карэлічы.
Скрыгат лёду пад канькамі, чырвоны румянец на тварах юных хакеістаў, неймаверны спартыўны азарт – менавіта так праходзяць трэніроўкі па хакеі вучняў Лукскай сярэдняй школы.
Хакейную каробку пачалі заліваць падчас калядных святаў.
– Лёд атрымаўся выдатны, – адзначыў настаўнік фізічнай культуры Лукскай сярэдняй школы Уладзімір Грэмяка. – Вы толькі паглядзіце з якім задавальненнем хлопцы гуляюць у хакей. А якая карысць для іх здароўя: выпрацоўваецца пачуццё раўнавагі, хуткасць рэакцыі, умацоўваецца вестыбулярны апарат і арганізм у цэлым. Да таго ж камандная гульня дысцыплінуе юнакоў.
10 юнакоў, якія ўваходзяць у раённую зборную па хакеі з шайбай, рассякаюць марознае паветра хуткай яздой па раўнюткім лёдзе і па-майстэрску валодаюць клюшкамі. А інакш і быць не можа, бо за плячыма хлопцаў удзел і перамогі ў шматлікіх раённых, абласных і нават рэспубліканскіх спаборніцтвах па хакеі.
– Упершыню выйшаў на лёд у чацвёртым класе. Вельмі спадабалася. Сёння для мяне хакей не проста гульня, а частка жыцця, – падзяліўся вучань 9 класа Лукскай сярэдняй школы Вадзім Купрыянчык. – Некалькі гадоў таму прыняў удзел у рэспубліканскім турніры па хакеі, які праходзіў у горадзе Горкі. Наша каманда заняла другое месца. Атрымаў выдатны вопыт.
Каток у аграгарадку Лукі карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод мясцовых жыхароў, якія з задавальненнем увечары цэлымі сем’ямі катаюцца на каньках.
Кожны вечар з 18 да 20 гадзін праводзім трэніроўкі па хакеі, з 20.00 да 21.00 – масавае катанне.
«Вы б толькі бачылі, колькі людзей збіраецца на катку: і маленькія дзеці, і моладзь, і дарослыя», – расказаў Уладзімір Грэмяка.
Менавіта на лукскім лёдзе каторы год запар праводзяцца раённыя спаборніцтвы па хакеі на прыз клуба “Залатая шайба”. Зімовы сезон 2019 года не стане выключэннем. Турнір запланавана правесці ў бягучым месяцы. Да таго ж раённая каманда прыме ўдзел у абласных спаборніцтвах па хакеі з шайбай.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара