Невозможное возможно. Анна и Василий Лагута из Малюшичей: У любви нет инвалидности

? Васіль і Ганна Лагута з Малюшыч лічаць сябе звычайнай вясковай сям’ёй. Для аднавяскоўцаў яны добрыя сябры і суседзі, для мяне ж — надзвычай моцныя духам людзі, якія амаль трыццаць гадоў таму, сустрэўшыся, вырашылі пажаніцца, пры гэтым абодва былі ў інвалідных калясках.

У кватэры Васіля і Ганны вельмі чыста, утульна і па-сучаснаму. Модныя шпалеры на сценах выбірала дачка Ірына, мэблю — усе разам. Гутарым у пакоі Ірыны: дзяўчына працуе ў Мінску, яе чакаюць дамоў ужо ў гэтыя выхадныя.

? — Васіль, Ганна, раскажыце пра сваё дзяцінства.

Ганна: — Нягледзячы на тое, што мае бацькі былі рэпрэсіраваны як зажытачныя (хаця яны былі звычайныя сяляне) і высланы з роднай Малдавіі ў Забайкалле, дзяцінства маё было шчаслівым. Пасля рэабілітацыі яны вярнуліся на Радзіму. Нас у сям’і было трое: я, брат і сястра. Клопатаў у нас ніякіх не было, бацькі былі вельмі добрымі людзьмі.

Васіль: — Я мясцовы, з Зарэчча. Але нарадзіўся ў Карэліі: мама з татам нейкі час там працавалі. У сям’і было сямёра дзяцей: шэсць хлопцаў і дзяўчынка. Зараз сястра Марына вельмі блізкі нашай сям’і чалавек.

? — Як аказаліся ў калясцы?

Ганна: — Пасля аварыі на матацыкле аказаўся пашкоджаны пазваночнік. Мне быў 21 год.

? — Вы так спакойна пра гэта расказваеце…

— Шмат часу прайшло… Ды і многа чаго добрага за 40 гадоў адбылося: з’явіліся ў маім жыцці Ірына, Васіль…

Васіль: — А я “паламаўся” ў 1972-м. На Дзень моладзі ў Лузінаўцы былі спартыўныя спаборніцтвы. Я праходзіў паласу перашкод з 15-кілаграмовым рукзаком за плячыма. Вельмі спяшаўся і сарваўся з абрыва. Падаў у Нёман галавой уніз, заблытаўся ў шлейках рукзака. Мяне панесла цячэннем, добра, што Саша Багушэвіч выцягнуў.

? — Хто падтрымаў больш за ўсіх у той момант?

Ганна: — Родныя, знаёмыя, калегі па працы. Кожны дзень у бальніцы хтосьці быў. Карацей, дабрыня людская. Аднаму чалавеку з бядой не справіцца.

Васіль: — Сям’я ў першую чаргу. Супрацоўнікі таксама. Кіраўнік калгаса, дзе я на той момант працаваў, Аляксандр Мікалаевіч Кулініч дапамог у судзе адстаяць паложаную пенсію.

? — Як гэта — жыць у інваліднай калясцы?

Ганна: — Нічым не горш жывём, чым іншыя. Напрыклад, не магу я бялізну развесіць ці яшчэ што… Дык у мяне памочнікаў шмат. Ёсць кнігі, газеты, інтэрнэт. Сяброў у мяне шмат, радні. Нядаўна “падсела” на гульню “Касынка”. Вельмі захоплівае, ведаеце. У маёй камандзе людзі з Італіі, Ізраіля, Германіі, Украіны. Такая выдатная віртуальная сям’я! З удзельнікаў я адна на калясцы, таму мяне часта шкадуюць, прапануюць адпачынак.

Васіль: — У мяне з камп’ютарам не вельмі: рука не можа трымаць мышку, як мы не спрабавалі. Затое газеты чытаю: “Советскую Белоруссию”, “Полымя”, “АіФ”, “Вместе”. Электронныя кнігі таксама люблю.

? — Што такое самастойнасць? Як яе набылі пасля траўмы?

Ганна: — Галоўнае — рабіць як мага больш самому, не станавіцца для кагосьці абузай. Памятаю, як мы з сястрой, узяўшы маю дачку, вырашылі з’ехаць у горад.

Бацькі былі супраць, але я настойвала. Сястра была на рабоце, а я з дачкой дома, гатавала, мыла посуд, шмат вязала. Дарэчы, за тыя надзвычай модныя швэдары мая радня літаральна білася (смяецца).

Васіль: — Паехаў у санаторый, адарваўся ад бацькоў і сам навучыўся ўсё рабіць: і апранацца, і ў каляску садзіцца. Бачыў і такіх, што могуць самі сябе абслугоўваць, але не хочуць. Усё ад чалавека залежыць, ад таго, ёсць у яго стрыжань ці не.

? — Патрэбна чакаць падтрымкі ад дзяржавы ці разлічваць толькі на сябе?

Ганна: — Вядома, у першую чаргу трэба разлічваць на падтрымку дзяржавы. У нас і пенсіі добрыя, і льготы ёсць. Каляскі бясплатныя. Медработнікі пра нас добра клапоцяцца. Нашы райцаўскія ўрачы цудоўныя, Клімко Мікалай Іванавіч і Марына Анатольеўна, фельчар Наталля Іванаўна Карсека. Дзякуючы ім мы трымаемся малайцамі. Неўрапатолаг Ларыса Мікалаеўна Малінковіч, эндакрынолаг Алена Уладзіміраўна Хілімон, сацыяльныя работнікі Наталля Чубса і Людміла Канановіч. Старшыня ДП “Малюшычы” Сяргей Міхайлавіч Барыскін дапамагае. Кіраўнік раённага таварыства інвалідаў Вера Міхайлаўна Сашко таксама ўважліва да нас ставіцца. Я ў захапленні ад дабрыні беларусаў, хаця і ў Малдавіі людзі таксама харошыя.

Васіль: — Так, дзяржава пра нас не забываецца. І мясцовая ўлада, і медыцынскія работнікі. Я, бывае, летам па абочыне еду, старшыня райвыканкама Віктар Леанідавіч Шайбак заўсёды спыніцца, пагутарыць. Гэта таксама прыемна.

? — Адкуль чэрпаеце жыццёвыя сілы?

Ганна: — Ад людзей, якія побач, ад іх дабрыні. Родныя вельмі падтрымліваюць, нават на адлегласці. Ад дачкі Ірыны. У 2013 годзе мне ампуціравалі правую нагу з-за наступстваў цукровага дыябету. Не думала, што выкарабкаюся тады. Словы дачкі: “Мама, ты мне патрэбная” вярнулі да жыцця.

Васіль: — А я ад Ганны. Ад яе жыццялюбства, жыццястойкасці. А яшчэ ад яе кухні (усміхаецца). Баршчы яе вельмі люблю, бліны-наліснікі з салам.

? — Цікава, як вы знайшлі адзін аднаго?

Ганна: — Мая сяброўка ў санаторыі з Васем пазнаёмілася. Ён сказаў, што хацеў бы жаніцца, але пакуль не спаткаў жанчыну. Яна расказала пра мяне, дала мой нумар тэлефона.

Васіль: — Так, я ёй патэфанаваў. Кажу: “Бяры дачку, прыязджайце да мяне. Пабудзеш госцяй. Спадабаецца — застанешся, распішамся”. Праз некалькі месяцаў мы пажаніліся.

Муж і жонка паказваюць мне вясельныя фотаздымкі і ўспамінаюць, як у той дзень надышла навальніца. У народзе кажуць, што дождж на вяселле — добры знак. Гляджу на твары Ганны і Васіля на старых фотаздымках і разумею, што сёння яны такія ж шчаслівыя, як і амаль 30 гадоў таму. Толькі яшчэ бліжэй сталі адзін да аднаго, даражэй.

? — Многія людзі з інваліднасцю баяцца ўступаць у адносіны. Што ім парадзіце?

Ганна: — Не баяцца! Адзіноцтва — вось што страшна. Сям’я — гэта выратаванне, падтрымка. Памятаю, Вася ў бальніцы ляжаў, Ірына вучылася, дык я мышам была радая (усміхаецца).

Васіль: — Вядома, трэба спрабаваць шукаць сваю палавінку. Толькі часта бывае, што здаровы муж ці жонка пасля трагедыі кідаюць сям’ю. Не кожны можа такое вытрымаць, на жаль, так часцей за ўсё і бывае.

? — Наш праект называецца “Немагчымае магчыма”. Што для вас значыць гэтая фраза?

Ганна: — Жыць не як набяжыць, а дастойна. Многія ламаюцца, упадаюць у дэпрэсію, пачынаюць ужываць спіртное альбо наркотыкі. Жыць трэба па-чалавечы нават у калясцы.

Васіль: — Ніколі не апускаць рукі! З любой сітуацыі заўсёды ёсць выйсце. Трэба цаніць жыццё і кожную раніцу быць удзячным Богу за магчымасць пражыць яшчэ адзін дзень.

Іна ЛЕЙКА
Фота Іны ЛЕЙКІ і з архіва сям’і ЛАГУТА