Рукодельницы Ираида Смолик и Галина Новогран провели мастер-класс для кореличчан
У Карэліцкай раённай бібліятэцы адбылася творчая сустрэча з народнымі майстрамі, аматарамі рукадзелля Іраідай Вячаславаўнай Смолік і Галінай Рыгораўнай Навагран з райцэнтра.
Як знайсці любімы занятак на заслужаным адпачынку, каб і вольны час быў заняты, і справа радавала душу? Адказ на гэтае пытанне ў нейкай ступені прысутным давялося атрымаць на сустрэчы з народнымі майстрамі, якая была арганізавана ў Карэліцкай раённай бібліятэцы. Як адзначыла вядучая, бібліятэкар Валянціна Іванаўна Кошур, Карэліцкі край багаты на таленавітых людзей, і многія з іх свайму майстэрству нідзе не вучыліся, а ў народзе іх называюць самародкамі і майстрамі на ўсе рукі.
У жыхарак райцэнтра Іраіды Вячаславаўны Смолік і Галіны Рыгораўны Навагран — розныя лёсы і розныя характары, а вось жаданне адно: ствараць прыгажосць сваімі рукамі.
У Іраіды Вячаславаўны многія з твораў на праваслаўную тэматыку, з выявамі Ісуса Хрыста і Боскай Маці, на іх стварэнне даў благаслаўленне святар. Майстрыха ўдзяляе ўвагу і прыгажосці роднага краю. «Мне падабаецца гэтая справа, да яе цягнецца душа», — прызнаецца жанчына. Яе самабытнай творчасцю цікавяцца ўнукі і спрабуюць пераняць захапленне бабулі.
Галіна Рыгораўна пачала вышываць на пенсіі, і ёй таксама гэтая справа па душы. «Я не адчуваю стомленасці вачэй, а галоўнае, што рукі занятыя», — прызнаецца майстрыха і дадае, што некаторыя карціны вышывае паўгода, а іншым аддае больш часу.
Атрымліваюцца цудоўныя творы, у іх — разнастайнасць і шмат адценняў. Як ні кажыце, сапраўдныя шэдэўры кранаюць да глыбіні душы, і міжволі з’яўляецца жаданне паспрабаваць сябе ў гэтай справе.
Падчас правядзення сустрэчы ўвазе прысутных быў прадстаўлены фільм «Гісторыя рукадзелля вышыўкі золатам». Майстрыхам у якасці падарунка былі ўручаны кнігі аб вышыўцы. Дырэктар ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка» Лілія Канстанцінаўна Арцюх пажадала ім натхнення і творчасці, а ўсіх удзельнікаў сустрэчы запрасіла і ў далейшым збірацца разам.
«Вельмі прыемна, што чалавек, які жыве побач з намі ў адным населеным пункце, валодае такім непаўторным талентам. Гэта як эліксір для душы. Не менш важна і тое, што дзень прайшоў недарэмна, штосьці карыснае адкрыла для сябе», — адзначыла ўдзельніца сустрэчы, жыхарка г.п. Карэлічы Святлана Віктараўна Раманюк.
Падрыхтавала Галіна СМАЛЯНКА
Фота Лізаветы МУЦІЛОВІЧ