Трудовые победы, поле имени Яна Фогеля, встречи со столичными поэтами и артистами. События Кореличчины, про которые газета «Полымя» писала в 1969-1977 годах
⌚ Працоўныя поспехі, поле імя Яна Фогеля, сустрэчы са сталічнымі паэтамі і артыстамі. Цікавыя падзеі раёна, аб якіх пісала раённая газета «Полымя» ў 1969-1977 гадах.
? 13 лютага 1969 года
Дастойную сустрэчу знамянальнай даце — 100-годдзю з дня нараджэння У. І. Леніна — рыхтуюць птушкаводы саўгаса «Чырвонаармейскі». Кожны дзень яны прадаюць дзяржаве па некалькі соцен штук яек. Квартальнае заданне па іх продажу яны выканалі больш як на 40 працэнтаў. Паўгадавы план вырашана выканаць да 1 красавіка.
? 24 чэрвеня 1969 года
Хлебаробы калгаса «Сцяг працы» мелі магчымасць пазнаёміцца са спектаклем Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра БССР імя М. Горкага. Сталічныя артысты прыехалі ў калгас і паказалі сваю пастаноўку «Усяго адно жыццё». Гэта расказ пра наша сучаснае жыццё, таму спектакль моцна ўсхваляваў усіх, калгасны клуб быў перапоўнены.
? 18 красавіка 1970 года
За высокія паказчыкі ў працы, паспяховае выкананне сацыялістычных абавязацельстваў 68 перадавікоў калгаснай вытворчасці ўзнагароджаны медалём «За доблесную працу» ў азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна.
? 8 ліпеня 1971 года
Самыя маленькія жыхары райцэнтра атрымалі добры падарунак — новыя яслі-сад. Яны гасцінна прынялі 140 дзяцей. Пакоі прасторныя, светлыя, у двары абсталяваны пляцоўкі для гульняў.
? 2 сакавіка 1972 года
У Карэліцкай музычнай школе праведзены конкурс па напісанню музыкі дзецьмі. Усяго было прадстаўлена 13 твораў. Гэта невялікія п’есы і эцюды, песні для баяна і фартэп’яна.
? 27 студзеня 1973 года
За ўзорнае вядзенне будаўніцтва і добраўпарадкаванне вёска Жухавічы калгаса «Перамога» ўзнагароджана дыпломам ВДНГ ІІІ ступені.
? 19 студзеня 1974 года
Пры раённым аб’яднанні «Сельгастэхніка» пачалі работу курсы па павышэнню кваліфікацыі механізатараў зернятокаў і механізатараў па абслугоўванню абсталявання жывёлагадоўчых ферм. Лекцыі для слухачоў чытаюць інжынеры аб’яднання «Сельгастэхніка» і ўпраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама. Вучобай ахоплена 46 чалавек.
? 20 мая 1975 года
На беразе Нёмана праводзіліся раённыя спаборніцтвы па пажарна-прыкладному спорту сярод калгасных, саўгасных і школьных дружын. Усяго ў спаборніцтвах прынялі ўдзел 34 каманды. Першае месца заваявала дружына калгаса імя Дзімітрава, імя Жалезняковіча — другое, каманда калгаса «Ленінскі шлях» заваявала трэцяе. Сярод юных добраахвотных дружын першае месца і пераходны кубак дасталіся вучням Цырынскай СШ, другое — Райцаўскай, трэцяе — Мірскай школы.
? 2 жніўня 1975 года
Вялікі аб’ём будаўнічых работ вядзецца ў калгасе «Ленінскі шлях», і большасць з іх — гаспадарчым спосабам. Ужо пабудавана летняя адкормачная пляцоўка на 400 галоў маладняку, бульбасховішча з актыўным вентыляваннем на тысячу тон і склад мінеральных угнаенняў.
? 20 снежня 1975 года
У Малюшыцкім сельскім Доме культуры адбыўся раённы злёт жанчын, прысвечаны Міжнароднаму году жанчын. Выступаючыя на злёце падзяліліся сваімі поспехамі і планамі на будучае, гаварылі аб задачах, якія стаяць перад працаўнікамі калектываў па дастойнай сустрэчы ХХV з’езда КПСС. Быў прыняты зварот удзельніц злёту да ўсіх жанчын раёна.
? 21 верасня 1976 года
У г.п. Карэлічы здадзены пад мантаж абсталявання прыгожы трохпавярховы будынак раённага вузла сувязі.
ПМК-68 уводзіць у райцэнтры буйнапанэльны 16-кватэрны жылы дом для рабочых ільнозавода.
? 30 кастрычніка 1976 года
Кааператары раёна робяць усё магчымае, каб выканаць даведзеныя заданні. Сёлета пачата будаўніцтва 7 магазінаў, гандлёвага цэнтра і сталовай, двух гандлёвых павільёнаў (у г.п. Карэлічы і Мір) з плошчай на 420 метраў квадратных кожны. Да канца дадзенай пяцігодкі на вёсцы ўвойдуць у строй 27 гандлёвых кропак.
? 9 мая 1977 года
«Поле імя Яна Янавіча Фогеля. Тут 8 ліпеня 1944 года ў баі з нямецка-фашысцкімі захопнікамі смяротна паранены камандзір 120-ай гвардзейскай стралковай дывізіі Герой Савецкага Саюза генерал-маёр Я. Я. Фогель». Такі надпіс зроблены на помніку, які ўрачыста адкрыты ўчора слаўнаму сыну латышскага народа на полі непадалёку ад вёскі Малюшычы.
? 20 жніўня 1977 года
Нарыхтоўчая кантора стварыла тры грыбаварныя пункты. З першых дзён іх работы жыхары навакольных вёсак пачалі здаваць баравікі, падасінавікі, лісічкі, масляты і іншыя грыбы. Асабліва мнагалюдна бывае на грыбаварным пункце ў вёсцы Лужа. Вынік работы выдатны: тут засолена ўжо 1,7 тоны высокаякасных грыбоў.
? 25 кастрычніка 1977 года
Другі год Паланаеўская школа прызнана лепшай сярод пачатковых школ раёна па падрыхтоўцы да новага навучальнага года. Сёлета яна капітальна адрамантавана. Лінгафонны кабінет створаны, ёсць магнітафоны і тэлевізар, фільмаскоп і прайгравальнік, а таксама — карціны, плакаты, табліцы, пласцінкі, дыяфільмы. Маецца ў школе і фонд падручнікаў, якімі забяспечаны ўсе вучні, абсталяваны ленінскі пакой.
? 20 снежня 1977 года
На працягу тыдня ў нашым раёне знаходзілася група беларускіх пісьменнікаў: паэты Алесь Ставер і Юрась Свірка, крытык Аляксей Гардзіцкі. Пісьменнікі пабывалі ў працоўных калектывах міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі і райбыткамбіната, раённага аб’яднання «Сельгастэхніка» і райспажыўсаюза, выступілі перад вучнямі ў Міры і Турцы, Трашчычах і Жухавічах — усяго ў дзевяці сярэдніх і васьмігадовых школах.
Падрыхтавала Галіна СМАЛЯНКА
Фотаздымак з фондаў Карэліцкага раённага краязнаўчага музея
⌚ Працяг будзе…