Всё начинается с любви. Газета “Полымя” прожила один день в ритме кореличской звездочки Анны Кузьмич (фото+видео)

? Што трэба, каб на свеце з’явілася і ярка заззяла новая зорачка? Любоў. Мы ў гэтым цалкам упэўніліся, правёўшы дзень з Ганнай Кузьміч – стыпендыятам спецыяльнага Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

– Кожны мой дзень – радасны і асаблівы. Звычайна ён пачынаецца ў 7.30, а ў восем гадзін я ўжо тут, у школе, – распавядае Ганна і адначасова рыхтуецца да ўрока.

Зараз яна не ў сваёй звыклай для многіх у Карэлічах ролі артысткі, а старанна выконвае абавязкі вучаніцы 2 класа сярэдняй школы №1. Ганна любіць вучыцца. Ёй цікава ўсё на свеце. На адным уроку дзяўчынка з захапленнем малюе, на другім з запалам дэкламуе верш, на трэцім з не меншай цікавасцю рашае задачу альбо выводзіць у сшытку граматычныя правілы. Але школа – гэта не толькі заняткі, а яшчэ і сябры. Нездарма вакол Ганны на перапынках збіраюцца аднакласнікі і не сціхаюць размовы і смех.

– Наша Ганначка ўмее сябраваць, ніколі не здрадзіць, прыйдзе на дапамогу. А яшчэ яна – мастачка і артыстка, – расказваюць наўзахваткі другакласнікі.

– А больш за ўсё мне падабаецца сябраваць з усімі ў класе, – дадае Ганна і абдымае сяброўку Яраславу. – А яшчэ я люблю сваю сям’ю, казкі, адзінарогаў і кацянят.

– Так, Ганна – творчая і адкрытая свету дзяўчынка, – падыходзіць да нашага гаманлівага гуртка класны кіраўнік Любоў Меляняка. – Яе я хачу параўнаць з маленькай дзівоснай кветачкай у букеце нашага другога класа. Яна – мілая, шчырая, вясёлая, прыгожая, разумная, умее падтрымаць размову з дзеткамі і нават дарослымі. Хачу пажадаць, каб і далей усё ў Ганны складвалася выдатна, каб яе блізкія і родныя былі здаровымі і радавалі яе, а яна – усіх нас.

Не паспеў празвінець званок з апошняга ўрока, як мы разам з Ганначкай спяшаемся ў Цэнтр культуры і народнай творчасці. Там маленькую артыстку ўжо чакае кіраўнік тэатральнай студыі “Эксперымент” Міхаіл Башко, гатовы адказаць на ўсе пытанні пра таленавітую выхаванку:

– Першы раз, два гады таму, яе прывяла на занятак мама пасля таго, як закрыўся іх гурток “Скарбонка ” пад кіраўніцтвам маёй калегі Аксаны Басюк. Там дзяўчынка прайшла цікавую школу: яны ігралі, вучыліся трымацца на сцэне і ствараць сваімі рукамі рэчы. Практычна адразу мы з Ганнай пачалі працаваць з творамі, а затым і выступаць на конкурсах. У дзяўчынкі – унікальны ўнутраны свет, жывы характар і багатае ўяўленне, адносна іх мы і падбіраем ёй рэпертуар. Найперш за ўсё я імкнуся не перарабіць маленькіх артыстаў у зорак, а раскрыць іх здольнасці. Бо кожны выхад на сцэну – гэта ўжо вялікі крок, перамога над сабой і прыступка ўверх.

Такі індывідуальны падыход дае плённыя вынікі. Якіх толькі ўзнагарод няма ў маленькай артысткі: Гран-пры міжнароднага культурнага праекту BYFEST, перамогі ў маштабных конкурсах “Беларускія таленты”, “Музыкі святло”, “Новыя вяршыні”, “Вясёлы Жужа” і дзясятках іншых. Таксама наша зорачка з задавальненнем і поспехам удзельнічала ў раённых праектах “Міс Карэлічы” (у якасці артысткі) і “Міс Кідс”, а ў мінулым годзе стала “Міс школы мастацтваў”.

Якраз туды мы і накіроўваемся пасля тэатральнай сустрэчы. Ганна і не думае пра адпачынак, яе перапаўняе энергія. Дзяўчынка выконвае ўсе заданні выкладчыка па вакале Таццяны Кулак і з асалодай спявае любімую песню пра сараканожку.

– Мы займаемся ўжо другі год. Ганулька – вельмі светлы і добры чалавек, якога я заўжды рада бачыць, – на развітанне кажа педагог па вакале. – У ёй спалучаюцца талент, артыстычнасць, чуласць у адносінах да іншых. Асобна хочацца падзякаваць маме і бабулі, якія дапамагаюць дзяўчынцы ва ўсіх творчых пачынаннях, шмат з ёй займаюцца дадаткова. Упэўнена, што з запалам Ганны і клопатам блізкіх у нашай зорачкі ўсё атрымаецца.

– У школу мастацтваў я хаджу на вакал, хор, сальфеджыа, а яшчэ – на харэаграфію. Так што цяпер будзем танцаваць, – рэпліку Ганна кідае ўжо на шляху да Цэнтра культуры і народнай творчасці, на базе якога праходзяць заняткі харэаграфічнага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў. У рухах артысткі ні кроплі стомленасці, жвавая і шчаслівая, яна кружыцца па сцэне.

– У мяне займаецца шмат рознабаковых і адораных дзяцей. Але з Ганнай нас звязвае асаблівая гісторыя, – педагог Людміла Кудрыцкая з цяплом пазірае на выхаванку. – Дзяўчынку я ведаю ўжо не першы год, бо ў маім узорным калектыве “Юнацтва” танцуе яе мама. Яшчэ зусім маленькай Ганначка хадзіла на заняткі да дарослых, уважліва назірала і самастойна спрабавала зрабіць асобныя па. У мінулым годзе прыйшла да мяне на падрыхтоўчае аддзяленне, зараз паступіла ў першы клас. Ганна творча падыходзіць да ўсяго, што бачыць, па-свойму аналізуе і нечакана інтэрпрэтуе. Я шчыра радуюся яе творчым эксперыментам і перамогам. Яна яшчэ зусім маленькая, але мае выключныя здольнасці. Я хачу пажадаць ёй цалкам рэалізаваць сябе ў будучыні, не баяцца цяжкасцяў, у любы момант жыцця адчуваць падтрымку блізкіх.

Нарэшце марафон гурткоў Ганны падыходзіць да фінішу, як і сілы напрыканцы такога насычанага дня ў большасці дарослых, а ў нашай гераіні яны бурляць. Пакуль мы чакаем маму артысткі, а я перавожу дух, Ганулька эмацыйна расказвае пра жыццё.

Аказваецца, што мы наведалі не ўсе гурткі юнай зорачкі. З лічбамі Ганна мае справу на “Матэматычнай вясёлцы” пад кіраўніцтвам сваёй настаўніцы Любові Мелянякі. Гурток “Натхненне”, які вядзе Аліна Маліноўская ад раённага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, вучыць юныя таленты ствараць цуды сваімі рукамі. А ў Маладзёжны цэнтр культуры ў аматарскае аб’яднанне “Фантазія” да Таццяны Коўжуць дзяўчынка разам з класам ідзе за крэатыўнымі ідэямі, як правесці з карысцю вольны час.

Каб усё паспяваць, лічыць наша гераіня, трэба быць паслухмянай і дысцыплінаванай, а яе любімая прымаўка: “Перш папрацуй, а тады й патанцуй”.

– Так, у мяне бываюць моманты, калі я спазняюся ці нешта атрымоўваецца не адразу альбо не так, як хацелася. Вось, напрыклад, здаралася, што я пісала кантрольную не вельмі добра, але затым сур’ёзна рыхтавалася і ўсё выпраўляла. Ці я вельмі хацела іграць на скрыпцы, але мама мне параіла займацца на фартэпіяна, і я палюбіла гэты інструмент.

На пытанне, ці ёсць у такім раскладзе выхадныя, дзяўчынка адказвае станоўча. Але і яны праходзяць у творчым рэжыме. Той жа мультфільм Ганна не проста глядзіць, а дадаткова малюе і выразна расказвае сюжэт. Яе аповед, дзякуючы багатаму ўяўленню артысткі, выходзіць часта лепшым за арыгінал. Нават з цацак Ганулька можа зрабіць лялечны тэатр і разыграць у ім уласную сцэнку. Адным словам, творчая натура.

– І артыстка, – удакладняе дзяўчынка. – Я гэта адчула, калі выступіла ў першы раз з вершам “Дядя Стёпа — милиционер”. У той момант я зразумела, што сапраўдная артыстка павінна рабіць усё – выразна гаварыць, прыгожа танцаваць і спяваць, абавязкова старанна вучыцца, інакш як яна стане тым, кім хоча. Наогул, на сцэне мне так добра. Хаця калі я была маленькай, то нічога не баялася, а зараз, асабліва на конкурсах, хвалююся. Але кажу сабе: “Хай я не перамагу, затое атрымаю галоўную ўзнагароду – апладысменты гледачоў, і, наогул, усё будзе радасна і здорава”. А вось кім я на самой справе стану па прафесіі, яшчэ не ведаю.

Матуля юнай зорачкі Галіна Каляда падтрымлівае дачушку ва ўсім:

– Кім стаць у жыцці, Ганна абярэ сама. Мая задача – быць побач і дапамагаць. Натуральна, у маленькім узросце важна задаць дзецям пэўны творчы імпульс, паназіраць за імі, вызначыць, да чаго яны цягнуцца, і знайсці магчымасці развіць здольнасці. У выпадку з Ганулькай вялікую ролю адыгралі выхавальнікі Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці ў Карэлічах – Ірына Гірыновіч і Людміла Чыркун. Яны першымі заўважылі артыстычны патэнцыял дачкі і запрасілі яе весці экскурсіі і займацца ў тэатральным гуртку. Да таго ж, з маленства Ганна бачыла, што ў сям’і цікавяцца творчасцю: я танцавала, а наша бабуля спявала ў хоры. Акрамя нас, неабходную падтрымку дачка адчула і ад педагогаў, кожны з якіх – спецыяліст у сваёй сферы. А ў цэлым у выхаванні дзіцяці важна прыслухоўвацца не толькі да голасу розуму, але і сэрца.

…На развітанне Ганна па-анёльску, шчыра, ад усяго сэрца ўсміхаецца. У вачах дзяўчынкі ззяюць агеньчыкі любові. Яны ж зіхацяць у вачах яе родных і педагогаў. Маюць рацыю мудрацы, калі кажуць, што вялікі чалавек пачынаецца з вялікай веры ў яго. А яшчэ — з бясконцай любові, якая запальвае талент у дзіцяці і не дае яму згаснуць.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара і з сямейнага архіва Ганны КУЗЬМІЧ
Відэа аўтара