«Дедовщины не было, со старослужащими дружили». Афганец Валентин Богуш делится воспоминаниями о войне

Далёкі і чужы, жудасны і спякотны – гэтымі і іншымі словамі можна апісаць месца, дзе трыццаць гадоў таму вялася неаб’яўленая вайна. Для большасці Афганістан стаў праклёнам, які загубіў тысячы хлапечых лёсаў, навекі адабраўшы ў іх галоўнае – права на жыццё. Але былі і тыя, каму пашчасціла вярнуцца дамоў і зноў убачыць вочы сваіх родных і блізкіх. Валянцін Васільевіч Богуш – адзін з іх.

Нарадзіўся будучы салдат 9 чэрвеня 1968 года ў вёсцы Вялікая Мядзвядка ў шматдзетнай сям’і, дзе сярод траіх дзяцей ён быў самым малодшым. Атрымаўшы сярэднюю адукацыю, юнак быў накіраваны ад раённага ваенкамата на вучобу ў Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту (ДТСААФ), якое знаходзілася ў Гродне. Там на працягу трох месяцаў ён вучыўся на катэгорыю С, а разам з тым – і на кіраванне бронетранспарцёрам. Потым прыйшла павестка, і 9 лістапада 1986 года хлопца забралі ў армію. Дарэчы, ні бацькі, ні сам Валянцін Васільевіч да апошняга не ведалі, у якім пекле прыйдзецца аддаваць доўг радзіме…

– Першым пунктам прызначэння стаў туркменскі горад Керкі, і вось тады мы ўсё зразумелі, – сумным голасам узгадвае былы афганец. – Але прыйшлося змірыцца, бо іншага выхаду, на жаль, не было.

У Туркменістане ён разам з такімі ж васямнаццацігадовымі юнакамі праходзіў баявую падрыхтоўку, а потым іх верталётам даставілі ў Афганістан.

– Першыя дні ніяк не маглі прызвычаіцца да надвор’я, бо раней мы такога не бачылі: ноччу – невыносны холад, а днём – спякота. Прыходзілася апранаць тулупы, каб неяк перажыць цяжкія гадзіны, седзячы ў халоднай зямлянцы, – расказвае Валянцін Васільевіч.
Акрамя бясконцых дзён смутку і цяжару, якія з’яўляюцца адвечнымі спадарожнікамі вайны, былі і тыя, хто ўвесь час дапамагаў і падтрымліваў. Гэта – сябры і таварышы, такія ж маладыя хлопцы, на чый лёс выпала сур’ёзнае выпрабаванне. Валянцін Богуш успамінае, што ў Афганістане нават не ведалі, што такое дзедаўшчына – усе былі на роўных.

– Вось прыйдзе стараслужачы апоўначы са службы, – я яму гарбату зраблю. А потым, калі скончыцца мая змена, – ён мне. Так і жылі. Іначай бы не вытрывалі, – дзеліцца мужчына.

Сярод бесперапынных афганскіх бамбёжак былі і святы, калі можна было паласавацца чым-небудзь смачным. Так, напрыклад, на дзень нараджэння хлопцы рабілі сапраўдны торт з печыва і згушчанага малака, якія прыходзілі ў пасылках. Але часам адбывалася так, што не хапала ежы і нават вады. Сапраўдным паратункам у такіх выпадках былі верталёты, якія скідвалі агромністыя гумавыя фляжкі з вадой.

– Адразу, вядома, было цяжка, але з часам прывыклі, – гаворыць мужчына, а жонка дадае: – Прывыкнуць-то прывыклі, але ў прыбіральню ўсё роўна хадзілі з аўтаматамі…

Сярод адвечнага суму па роднай хаце, мабыць, самым доўгачаканым момантам былі лісты. У родную Мядзвядку, да бацькоў Валянціна Васільевіча прыходзілі вестачкі аб тым, што сын добра і паспяхова служыць у… Туркменіі. Вядома, хлопцу не хацелася лішні раз турбаваць сям’ю, але, як аказалася пазней, бацька здагадваўся. Але маўчаў.

Вяртанне на Радзіму было доўгім, але радасным. Ды і як іначай, калі па другі бок – сапраўднае мірнае жыццё?.. Савецкія войскі ішлі дзень і ноч, праз граніцу і небяспечную Амудар’ю. Ішлі з надзеяй убачыць тых, каму таксама было няпроста жыць усе гэтыя гады…

– З Афганістана мы выйшлі самыя апошнія. Помню, як у Мінску апынуліся каля дзевяці вечара, таму не ведалі, як і на чым дабрацца дадому. Раптам бачым – таксі. Не паспелі падыйсці, як вадзіцель усё зразумеў і пагадзіўся нас развезці па дамах, нягледзячы на тое, што шлях складаў больш за сто кіламетраў, – з радасцю прыгадвае герой Афгана. – Прыехалі, стаім на парозе. Я стаіўся, першым зайшоў брат і гаворыць: “Ну што, бацька, прывёз табе падарунак на 23 лютага, сустракай!” А бацька ўздыхнуў і толькі прамовіў з палёгкай: “Дачакаліся…”

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара і з архіва Валянціна Богуша