«Для нас это была война не в Афганистане, а за Родину», — говорит Сергей Скок

Не салдат абірае вайну, а яна яго. Так здарылася і з тысячамі савецкіх воінаў, якія ў 1979-1989 гадах прайшлі праз пякельны жах Афганістана. Многім з іх было накавана вярнуцца на Радзіму “грузам 200”, а застаўшымся ў жывых – і праз 30 гадоў несці ў сэрцы цені загінулых баявых таварышаў і незгасаючы страшны боль.

– Справа ў тым, што я наогул не магу пра гэта гаварыць. Вельмі цяжка, – такімі словамі пачынаецца размова з ветэранам вайны ў Афганістане, карэліччанінам Сяргеем Іванавічам Скокам.

І сапраўды, ці мог падумаць 19-гадовы юнак з вёскі Тарасавічы пасля заканчэння сельгастэхнікума ў Мар’інай Горцы, што няпросты лёс салдата закіне яго за тысячы кіламетраў ад малой радзімы? Прызваны ў 1987 годзе, ён нёс службу ў воінскай часці 2072 у Чырвоназнамённай Сярэднеазіяцкай пагранічнай акрузе ў туркменскім гарадскім пасёлку Тахта-Базар на мяжы з Афганістанам.

– Тры месяцы “каранціна” (аўт. – курс маладога байца ва Узброеных Сілах) і наперад, на баявыя пазіцыі, – успамінае пачатак службы Сяргей Іванавіч. – Частка нашых салдат засталася на пагранічных заставах, а я трапіў у адну з пяці мотаманёўраных груп пад назвай “Карабах”. Мы размясціліся ў буйной афганскай правінцыі Герат. Мяне прызначылі да мінамётнай батарэі связістам. У мае абавязкі ўваходзіла знаходжанне на назіральный вышцы са спецыяльным біноклем для дапамогі ў каардынацыі “агню”. Камандзір батарэі, камбат – як мы казалі, – абіраў цэлі, я па тэлефону перадаваў іх каардынаты на мінамётную пазіцыю, а там ужо “накрывалі” зададзеныя кропкі з “градаў” і мінамётаў. Выдавалася і “цягаць” (аўт. – суправаджаць) савецкія калоны ў зоне баявых дзеянняў, і пры ўзнікненні пагрозы “прасаваць” (аўт. – абстрэльваць) граніцу. Так праходзілі баявыя будні. Жылі мы звычайна ў зямлянках, але здаралася бываць і ў больш суровых бытавых умовах. Падтрымлівалі адзін аднаго, бо воінская дружба – моцная рэч. Тым больш, калі побач зямляк. Мне пашанцавала, у суседняй з нашай мотаманёўранай групе служыў яшчэ адзін карэліччанін з Вялікай Слабады Коля Карп. Афган мы прайшлі да канца – да вываду адтуль савецкіх войск. А даслужваў я ў самым паўднёвым населеным пункце СССР – горадзе Кушка (аўт. – цяпер Серхетабад у Туркменіі) у некалькіх кіламетрах ад Афганістана. Дэмабілізаваўся ў 1989 годзе.

На некалькі імгненняў размова замаўкае. На развітанне Сяргей Іванавіч ціха жадае “здароўя хлопцам”, якія дзесягоддзі жывуць са спаласованай Афганістанам душой. А на рэпліку “як гэта можна было прайсці?” дадае:

– Быў загад “рабяты, трэба зрабіць” – і мы, савецкія салдаты, яго выконвалі. Мы раслі “ідэйнымі” і верылі ў агульную справу. Для нас гэта была вайна не ў Афганістане, а за Радзіму.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота з сямейнага архіва Сяргея СКОКА