«Мы не з пустога зерня ўзышлі». Настаўніца Надзея Гурын з Карэліч расказала аб любові да беларускай мовы і прывіцці гэтага пачуцця вучням

Аб любові да роднай мовы і прывіцці гэтага пачуцця вучням журналіст раённай газеты «Полымя» гутарыць з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ДУА «Сярэдняя школа №1 г.п. Карэлічы» Надзеяй Іванаўнай ГУРЫН.

? — Надзея Іванаўна, чым быў абумоўлены выбар Вашай жыццёвай сцяжынкі?

— Нарадзілася ў вёсцы на Карэліччыне, вучылася ў беларускамоўнай школе. Мой бацька марыў, каб я стала настаўніцай: гэта прафесія была ў вялікай пашане. Але галоўную ролю ў выбары будучай прафесіі адыграла мой класны кіраўнік, заслужаны настаўнік Беларусі Марыя Іванаўна Дварэцкая. Чаму аддзяленне беларускай мовы і літаратуры? Люблю сваю мову, ганаруся тым, што мы маем багатую спадчыну, культуру. Мы не з пустога зерня ўзышлі.

? — Што найбольш чытаеце з беларускай класікі?

— Люблю перачытваць І. Мележа «Людзі на балоце». З вялікай павагай адношуся да творчасці В. Быкава. Чытаючы яго творы, разумееш, які жах перанёс беларускі народ. Уладзімір Караткевіч — пісьменнік-гісторык і майстар дэтэктыўнага жанру. Нельга не любіць Коласа, Купалу, Багдановіча… Спіс можна працягваць.

? — Акрамя ўрокаў, што яшчэ праводзіцца ў навучальнай установе, каб далучыць маладое пакаленне да беларускасці?

— Вучні нашай установы, якія захапляюцца беларускай мовай, маюць магчымасць наведваць факультатыўныя заняткі, заняткі алімпіяднай групы, заняткі секцыі «Беларуская філалогія» школьнага вучэбнага таварыства «Юны даследчык», заняткі тэатральнага гуртка (кіраўнік А. І. Гімпель), дадатковыя заняткі на платнай аснове, вывучаць беларускую мову на павышаным узроўні ў 10-11 класах. З задавальненнем удзельнічаюць у рэспубліканскім конкурсе «Буслік», разнастайных творчых і інтэлектуальных конкурсах раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.

Традыцыйна ва ўстанове праводзяцца Дні роднай мовы, Тыдні беларускай мовы і літаратуры, якія адрозніваюцца разнастайнасцю мерапрыемстваў. У час Тыдняў беларускай мовы і літаратуры навучэнцы асабліва ярка рэалізуюць свае творчыя здольнасці і крэатыўнасць: гучыць жывая музыка, старшакласнікі спяваюць сучасныя беларускія песні, праводзяцца конкурсы чытальнікаў, дзеці малодшага ўзросту праглядваюць беларускамоўныя мультфільмы, а старшакласнікі ладзяць фестываль «Гучы, роднае слова». На кірмашы нацыянальнай кухні не толькі смачна накормяць, але і падзеляцца сямейнымі рэцэптамі прыгатавання нацыянальных страў.

21 лютага — Міжнародны дзень роднай мовы. Гэтай падзеі прысвячаецца шэраг мерапрыемстваў для школьнікаў і ўсіх, хто працуе ў школе. Адбудзецца акцыя «Размаўляй са мной па-беларуску». Прадметы выкладаюцца ў гэты дзень на беларускай мове, а ў час перапынкаў дзяўчынкі і хлопчыкі ў нацыянальных касцюмах нязмушана прыцягнуць усіх да размовы і пачастуюць абаранкамі.

? — Наколькі моладзь цікавіцца роднай мовай? Ці ёсць яе прыхільнікі? Што іх захапляе?

— Не магу сказаць, што ўсё даецца лёгка. Школа, у якой я працую, рускамоўная. Большая частка насельніцта размаўляе на рускай мове, а ў пасёлку не столькі на рускай мове, колькі на змешанай. Аднойчы выпускнік, пакідаючы школу, прызнаўся, што калі прыйшоў у пяты клас, то мала разумеў, аб чым я гавару на ўроку. Малы саромеўся гаварыць, але задаваў шмат пытанняў. Кропля за кропляй набываліся веды. У выніку гэты вучань здаў паспяхова ЦТ.

Вельмі прыемна, калі выпускнікі выбіраюць у якасці іспыту на ЦТ беларускую мову і атрымліваюць высокія балы. Так, у 2017 годзе ўсе выпускнікі класа, дзе я выкладала беларускую мову, здавалі гэты прадмет на ЦТ і сярэдні бал склаў 72. Калі праз гады сустракаю сваіх былых вучняў, а яны нязмушана размаўляюць на роднай мове, канешне, прыемна.

? — Ці ёсць у Вас прадаўжальнікі? Тыя, хто марыць выкладаць мову?

— На вялікі жаль, прафесія настаўніка не стаіць у спісе самых прэстыжных. З былых выпускнікоў ёсць настаўнікі беларускай мовы і літаратуры. А вось дзве пляменніцы — мае калегі. Ганаруся сваімі вучнямі, якія дасягнулі поспехаў у алімпіядах і конкурсах, на навукова-практычных канферэнцыях. Гэта творчыя і настойлівыя ў дасягненні сваёй мэты дзяўчаты. Кожны дыплом трэцяга этапу прыносіў задавальненне і ўпэўненасць (чатыры дыпломы ІІІ ступені і два ІІ ступені). За гэтымі ўзнагародамі — вялікая сумесная праца. Мая вучаніца Дар’я Конюх у 10 класе была ўзнагароджана граматай Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, а ў гэтым годзе дыпломам ІІІ ступені. Творчая работа (эсэ) Лапата Маі па тэме «Школа будучыні» адзначана Дыпломам ІІІ ступені завочнай абласной алімпіяды «Открываю мир педагогических профессий» (2017 год), творчая работа Конюх Дар’і «Амаль магічны рытуал» надрукавана на старонках рэспубліканскага выдання «Переходный возраст» і стала фіналістам творчага конкурсу «А ў нашай хаце свята» ў рамках рэспубліканскай акцыі «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся» (2018 год).

Галіна СМАЛЯНКА