Представительница Гродненщины Карина Ольховик завоевала титул лучшей футболистки Чемпионата Беларуси-2018

Лепшую дзяўчыну прызналі па выніках футбольнага чэмпіянату Беларусі сярод жанчын, пад час якога яна забіла 45 галоў. Дарэчы, дзяўчына знаходзіцца ў складзе нацыянальнай зборнай Беларусі і выступае за каманду Рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву.

0ouslkl-4SQ.jpg

Карына з дзяцінства займалася спортам. Лёгкая атлетыка, валейбол, баскетбол, лыжы і нават хакей – усе гэта было пад сілу. Але ж дзяўчына выбрала футбол.

– У дзяцінстве заўсёды з хлопцамі гуляла ў мячык у двары, і добра атрымлівалася. Жаночай каманды ў горадзе не было, таму трэнер вазіў мяне ў Навагрудак у гродзенскую міжраённую ДЮСШАР прафсаюзаў «Фаварыт». Магла выбраць лёгкую атлетыку, пасля адных са спаборніцтваў у Гродне мяне паклікалі ў Мінск вучыцца ў школе алімпійскага рэзерву, але не паехала, – расказвае дзяўчына.

Пазней футбольны талент дзяўчыны ўбачыў трэнер з Ліды, на адных са спаборніцтваў, запрасіў яе гуляць за лідскую каманду. Карына прыняла прапанову і выдатна паказвала сябе на чэмпіянатах. Гэта не засталося незаўважаным – дзяўчыну зноў запрасілі ў Мінск у школу алімпійскага рэзерву, але на гэты раз ужо займацца футболам, а не атлетыкай.

3h4pJANkHYA.jpg

– Мне тады было 11 гадоў. Так не хацела нікуды ехаць. Вельмі удзячна маці, што пераканала мяне. Бацька таксама быў за тое, каб я вучылася ў Мінску і будавала спартыўную кар’еру. Спачатку кожны дзень тэлефанавала да дому і прасілася назад, але бацькі прасілі мяне пацярпець, казалі, што адаптуюся. Так і выйшла, – усміхаецца Карына.

Карына шмат працавала. У футболе і на спецыяльных занятках дзяўчына амаль кожны дзень, дазваляе сабе толькі адзін выхадны ў нядзелю. У дзень абавязкова па дзве трэніроўкі – раніцай і вечарам.

– Калі з раніцы застаюцца сілы, то іду на дадатковую трэніроўку і працую над тым, што на мой погляд развіта недастаткова. Калі хочаш дасягнуць высокіх вынікаў, то павінен старанна працаваць. Але я ўмею і адпачываць, не магу сказаць, што мне не хапае часу на сустрэчы з сябрамі. Калі захочаш, паспееш усё. Тут важна правільна размяркоўваць час, – падкрэслівае спартсменка.

uD1VUD0pZ7c.jpg

Бачна, што Карыне падабаецца тое, што яна робіць. Дзяўчына з захапленнем расказвае пра свае поспехі.

–Спыняцца не збіраюся і буду ўдасканальваць свае навыкі. Ні разу не ўзнікла думкі пакінуць спорт. Наадварот, у галаве заўсёды адно – трэба ісці наперад, – адзначае Карына.

Зоркавая футбалістка не забывае пра сваю малую радзіму, наведвае родную Дзятлаўшчыну і спартыўную школу ў Навагрудку, з якой пачалася яе кар’ера ў футболе. Настаўнікі з цеплынёй успамінаюць таленавітую дзяўчыну.

VrU3-D4CjVI.jpg

– У 2011 годзе ў нашай школе адкрылі аддзяленне футболу для дзяўчат, Карына адна з першых вучаніц. Гэта безумоўна таленавітая спартсменка і нам прыемна, што яе шлях пачаўся ў нашай школе. Вельмі цікава, што ў першага трэнера Карыны Нікалая Ванчука таксама займаліся спортам яе бацькі. Спадзяёмся, што ў хуткім часе арганізуем сустрэчу з Карынай для нашых вучняў, – расказаў намеснік дырэктара міжраённай СДЮШАР прафсаюзаў «Фаварыт» Аляксандр Грыб.

karina.jpg

Тым часам, аматарам футбола здаецца, можна ўжо запісваць прозвішча Карыны ў спіс ігракоў, за кар’ерай якіх трэба сачыць.

Крыніца: «Гродзенская праўда» (тэкст Веранікі КАЗЛОЎСКАЙ)
Фота з уласнага архіву Карыны АЛЬХОВІК