Республиканские соревнования по шотокан каратэ-до принесли кореличским «белым тигрятам» медали и опыт

Ні месяца без перамог. Выхаванцы Карэліцкага маладзёжна-спартыўнага клуба “Белы тыгр” у лютым у чарговы раз даказалі, што ў нашым краі падрастаюць сапраўдныя зоркі па шотакан каратэ-до.

2 лютага “белыя тыграты” Кірыл Арцюх, Ягор Сякач, Кірыл Куліцкі, Аляксей Дораш і Мікалай Касцюк упэўнена выступілі на міжрэгіянальным турніры па каратэ ў Зэльве. Спаборніцтвы сталі для юных каратыстаў своеасаблівай трэніровачнай пляцоўкай перад больш буйнымі змаганнямі.

17 лютага нашых спартсменаў паклікалі на татамі 15-я рэспубліканскія спаборніцтвы па шотакан каратэ-до “Кубак Абаронцаў Айчыны” ў Ваўкавыску. Клуб “Белы тыгр” на іх прадставіла моцнае трыа: Кірыл Арцюх, Ягор Сякач і Кірыл Куліцкі. Усяго ўдзел у спаборніцтвах узялі больш за 120 спартсменаў з 19 клубаў Беларускай федэрацыі шотакан каратэ-до. Змаганне ішло ў 45 раздзелах ката, кумітэ і ўмоўных формах кумітэ.

Кіраўнік Карэліцкага РМСК “Белы тыгр” Аляксандр Абадзінскі адзначыў асаблівы напал барацьбы на татамі: “Спаборніцтвы праверылі не толькі фізічную падрыхтоўку ўдзельнікаў, але і маральную, псіхалагічную. Бо лёгкая перамога не заўжды прыводзіць да далейшага паспяховага развіцця спартсмена. Часам менавіта паражэнне стае лепшым стымулам для будучых выдатных вынікаў. Таму нашы “белыя тыграты” вучацца спраўляцца з любымі сітуацыямі падчас змаганняў і бачыць рост свайго майстэрства ў перспектыве”.

Між тым, ужо зараз нашым юным спартсменам ёсць чым ганарыцца. Па выніках рэспубліканскіх спаборніцтваў Кірыл Арцюх заняў 2 месца ў ката ва ўзроставай катэгорыі 11+.

Серабро ў ката (у групе 10 гадоў) заваяваў і Ягор Сякач. Ён жа перамог адразу ў трох раздзелах кумітэ сярод удзельнікаў 8-10 гадоў.

У агульнакамандным заліку сярод клубаў Гродзенскай вобласці “Белы тыгр” заняў чацвёртае месца.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота Карэліцкага РМСК “Белы тыгр”