Служба 115 начала работать в Кореличском районе
Калі нумары экстраных службаў 101, 102, 103, 104, 112 карэліччане добра ведаюць і пры неабходнасці карыстаюцца імі, то да адзінага кароткага нумару 115, па якім неабходна тэлефанаваць пры наяўнасці пытанняў жыллёва-камунальнага характару, адносяцца з пэўнай асцярогай. Аднак баяцца не трэба, а пры ўзнікненні бытавых праблем замест ранейшага пяцізнакавага нумару дыспетчарскай службы РУП ЖКГ, які ў хуткім часе будзе адключаны, набіраць 115.
– У канцы снежня 2018 года ў Карэліцкім раёне пачала працаваць служба 115, – адзначае начальнік службы 115 Карэліцкага РУП ЖКГ Наталля Швец. – Па кароткім нумары 115 аператары дыспетчарскай службы кругласутачна прымаюць ад жыхароў раёна заяўкі, якія датычацца вывазу смецця, водазабеспячэння, вулічнага асвятлення, рамонту дарог, добраўпарадкавання тэрыторыі і іншых пытанняў жыллёва-камунальнага абслугоўвання. На кожную заяўку ў аўтаматызаванай сістэме “Дыспетчарская служба” аператарам запаўняецца рэгістрацыйная картка, для чаго звяртальніку неабходна назваць сваё прозвішча, поўны адрас і сутнасць праблемы. Пасля гэтага заяўка перанакіроўваецца майстру на адпаведны ўчастак.
На сённяшні дзень заяўкі ад насельніцтва прымаюць чатыры аператары дыспетчарскай службы: Наталля Саўко, Наталія Арабей, Іна Праваторава і Яніна Мялешка.
– Жыхары раёна паступова прывыкаюць да адзінага нумару 115, на які можна тэлефанаваць у любы час дня і ночы, – дзеліцца Наталля Саўко. – Калі ноччу паступае экстраная заяўка, для яе вырашэння абавязкова будзе накіравана дзяжурная брыгада. Што датычыцца колькасці паступаючых званкоў, то, як кажуць, дзень на дзень не прыходзіцца. Аднак звычайна ў панядзелак людзі актыўней звяртаюцца ў дыспетчарскую службу.
Безумоўна, служба 115 робіць першыя, але ўпэўненыя крокі насустрач карэліччанам. Па словах Наталлі Швец, служба планамерна развіваецца.
У хуткім часе будзе ўведзена форма сіняга колеру з адзіным лагатыпам для ўсіх аператараў. Да таго ж зменіцца адрас службы, якая будзе размяшчацца амаль у самым цэнтры г.п. Карэлічы.
Яшчэ адным ноу-хау ў сістэме ЖКГ з’яўляецца адзіны рэспубліканскі партал 115.бел, які пачаў працу ў Карэліцкім раёне восенню мінулага года.
– Для таго, каб пакінуць заяўку ў электронным выглядзе, неабходна мець пад рукой камп’ютар альбо мабільны тэлефон, на які трэба закачаць мабільны дадатак “Мой горад” 115.бел, – расказвае адміністратар партала Карэліцкага РУП ЖКГ Віталій Камароўскі. – Усе заяўкі канцэнтруюцца на адзіным партале, якія затым перанакіроўваюцца ў раённыя жыллёва-камунальныя гаспадаркі. На сённяшні дзень трыма жыхарамі Карэліччыны пакінуты заяўкі, якія перададзены для выканання на наш партал.
Дарэчы, карыстальнікі мабільнага дадатка “Мой горад” 115.бел, даслаўшы фотаздымак, на якім адлюстравана пэўная праблема, да прыкладу, зламаная лаўка альбо пабіты сметнік, праз некаторы час змогуць убачыць адлюстраванне ўжо вырашанага пытання. Адным словам, асабістымі вачыма ўбачыць, што было і што стала.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара