Секретом профессии для здоровья души делится фармацевт-рецептар центральной районной аптеки №65 г.п. Кореличи Ирина Пересько

У кожнага карэліччаніна з раённай Дошкі пашаны свой рэцэпт поспеху, правераны гадамі руплівай і плённай працы на карысць і дабрабыт нашай зямлі. Ёсць такая жыццёвая формула і ў фармацэўта-рэцэптара цэнтральнай раённай аптэкі №65 у Карэлічах Ірыны Уладзіміраўны Пярэська.

– З лекамі ўсё прасцей, узяў інструкцыю, прачытаў і дзейнічай, а ў жыцці для кожнага чалавека свой рэцэпт. І ніколі не ведаеш, які інгрэдыент дадасць лёс табе заўтра, – дзеліцца Ірына Пярэська. – Я родам з вёскі Пірачыцы Салігорскага раёна, вучылася на фармацэўта ў Магілёўскім медыцынскім каледжы, год працавала ў Мінску. Потым мужа перавялі па працы ў Карэліцкі раён. І з 1980 года маё жыццё, асабістае і прафесійнае, непарыўна звязана з гэтым прыгожым і гасцінным краем.

Ірына Уладзіміраўна ўжо тры гады як на пенсіі, але любімая праца не адпускае жанчыну на заслужаны адпачынак. Амаль 40 год у прафесіі і практычна на адным месцы, у цэнтральнай раённай аптэцы №65 райцэнтра, – сур’ёзная лічба і нагода для гонару. Толькі спачываць на лаўрах нашай гераіні няма часу. Працоўны дзень распісаны па хвілінах: прыняць і размясціць тавар, праверыць і аформіць дакументацыю, знайсці агульную мову са шматлікімі наведвальнікамі аптэкі, выслухаць кожнага і дапамагчы. А яшчэ трэба сачыць за сучаснымі тэндэнцыямі ў медыцыне, паспяваць за ўсімі інавацыямі, бо цяпер тыя ж рэцэпты сталі электроннымі.

– Так, у нашай сферы трэба пастаянна вучыцца новаму і самаразвівацца, – пацвярджае Ірына Уладзіміраўна. – Я чытаю спецыялізаванную літаратуру, паглыбляю веды па працы з камп’ютарам, бо сёння без яго ніяк, цікаўлюся ў маладых спецыялістаў, чаму іх зараз вучаць, адным словам, трымаю руку на пульсе прафесіі. А будні разбаўляю кветкамі, яны ў мяне і дома, і на дачы. Бо добрае хобі таксама спрыяе плённай працы.

З такім падыходам да справы ў калектыве і сярод наведвальнікаў аптэкі Ірына Уладзіміраўна карыстаецца вялікім аўтарытэтам. Да таго ж, прафесійнай парадай жанчына дапамагла шматлікім маладым калегам, якія і сёння ўдзячныя ёй за падтрымку:

– А мяне моладзь, у сваю чаргу, зараджае сваёй энергіяй. Увогуле, важна, каб у прафесіі была пераемнасць, абмен ведамі, а ў калектыве – паразуменне. І галоўнае  –  справа павінна быць па душы. Я памятаю, як у 10 класе прыехала ў госці да стрыечнай сястры. Яна працавала загадчыкам аптэкі ў Гарадзеі. І варта мне было ўвайсці ў службовыя памяшканні, апрануць белы халат, убачыць дзясяткі рознакаляровых шклянак, ступкі з песцікамі, “вяртушкі”, штанглазы (а тады большасць лекаў гатавалася непасрэдна фармацэўтамі), як я з першага погляду ўлюбілася ў гэтую прафесію. Мінулі дзесяцігоддзі, але і сёння я іду на працу з радасцю і нецярпеннем. А яшчэ, скажу па сакрэту, з марай аб тым, каб нашы людзі былі здаровымі і ў аптэку хадзілі хіба што за вітамінамі.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара