Память в веках: Ян Фогель, легендарный комдив, под командованием которого освобождали Кореличский район
Наш народ заплаціў дарагую цану за Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. Кожны імкнуўся ўнесці свой уклад у гэту вялікую справу. Беларусы паказалі ўсяму свету, што значыць згуртаванасць, адвага і мужнасць.
Нам вядомы імёны людзей, само жыццё якіх з’яўляецца подзвігам. Усе іх гераічныя ўчынкі і здзяйсненні яднае адзіная рыса – гарачая любоў да сваёй Радзімы. Такім быў Герой Савецкага Саюза Ян Янавіч Фогель, пад камандаваннем якога вызвалялі Карэліцкі раён.
Ян Фогель — камандзір 120-й гвардзейскай Рагачоўскай Чырвонасцяжнай стралковай дывізіі 41-га стралковага корпуса 3-й арміі 2-га Беларускага фронту гвардыі, генерал-маёр.
Нарадзіўся 24 снежня 1898 г. у Латвіі. Сваю баявую дзейнасць пачынаў з удзелу ў рэвалюцыйным руху. З лютага 1917 г. служыў у рускай арміі, а пазней – у атрадзе Чырвонай Гвардыі Рыгі. У Чырвонай Арміі з красавіка 1918 г.
Ян Янавіч таксама прымаў удзел у Грамадзянскай вайне 1919 г. — быў намеснікам начальніка асобага аддзела 14-й арміі Паўднёвага фронту.
Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны Ян Фогель займаў шмат адказных ваенных пасад. У 1933 г. скончыў Ваенную акадэмію РККА імя М. В. Фрунзе. З лістапада 1933 г. — камандзір 38-й стралковай дывізіі.
11 лютага 1938 г. камбрыг Фогель быў неабгрунтавана рэпрэсаваны, арыштаваны і звольнены з РККА за нібыта контррэвалюцыйнае злачынства. Паколькі следчай справы па абвінавачванні Я. Я. Фогеля ў архівах не захавалася, дакладна невядома, у чым і заключалася яго віна. Ваенным трыбуналам Паўночна-Каўказскай акругі 9 мая 1941 г. ён быў апраўданы і вызвалены. Але ў Чырвонай Арміі яго не ўзнавілі і ён быў залічаны ў запас. Толькі ў кастрычніку 1941 г. камбрыг Ян Фогель быў адноўлены ў РККА, але на фронт не трапіў. Ён быў прызначаны начальнікам ваеннай кафедры Адэскага інстытута інжынераў воднага транспарту.
На франтах Вялікай Айчыннай вайны палкоўнік Фогель з ліпеня 1943 г. і з лістапада 1943 г. камандаваў 120-й гвардзейскай стралковай дывізіяй Беларускага фронту. Удзельнічаў у Рагачоўска-Жлобінскай і Калінкавіцка-Мазырскай наступальных аперацыях.
Дывізія генерал-маёра Я. Я. Фогеля 24 чэрвеня 1944 г. фарсіравала Друць і да 8 ліпеня 1944 г. з баямі вызваліла звыш за 250 населеных пунктаў, з боем фарсіравала 3 водныя мяжы. За гэтыя дні байцамі дывізіі было захоплена 2800 палонных, шмат ваеннай тэхнікі і маёмасці.
7 ліпеня дывізія Яна Фогеля падышла да нашага раёна з абарончай аперацыяй за вёскі Пясочная, Загор’е, Некрашэвічы, Любанічы, Малюшычы, паспяхова авалодваючы наступнымі межамі: Мір, рака Уша і Сэрвач. Каб не даць замацавацца ворагу, камандаванне павінна было прыняць меры для працягу імклівага наступлення. Ведучы баявыя дзеянні і кіруючы часцямі, Фогель часта знаходзіўся сярод салдат і афіцэраў на пярэдняй лініі і сваім прыкладам мужнасці і адвагі натхняў падначаленых на дасягненне перамогі.
Ён загінуў на Карэліцкай зямлі ў ходзе Беларускай наступальнай аперацыі “Багратыён”. 8 ліпеня 1944 г. камдыва смяротна раніла фашысцкая куля.
Вось як аб тых падзеях успамінае ветэран Вялікай Айчыннай вайны палкоўнік у адстаўцы Анатолій Саламатаў: “Камандзір 120-й гвардзейскай стралковай дывізіі генерал-маёр Фогель падчас пераследу адыходзячага ворага знаходзіўся ў перадавых падраздзяленнях аднаго з гвардзейскіх стралковых палкоў. У раёне вёскі Малюшычы ён, заняўшы пазіцыю, назіраў за становішчам у бінокль, стоячы на адным калене. Наперадзе яго знаходзіўся маёр са штаба палка, які таксама глядзеў у бінокль. Прагучаў адзіны стрэл — з нейкага дома … Куля прабіла руку маёру — і ўвайшла ў калена генералу Фогелю. Ён паваліўся набок… Гэта мне распавядаў ад’ютант камандзіра дывізіі старшы лейтэнант Баранаў, які знаходзіўся за камандзірам у 10-15 метрах і вёў перамовы па радыёстанцыі разам з радыстам. Выратаваць генерала не ўдалося, бо не было машыны. Куля ўвайшла ў калена і ў пахавую вобласць… Пакуль перавязвалі, шукалі машыну — ён памёр”.
Ян Фогель пахаваны ў г. Дзятлава на брацкіх могілках савецкіх воінаў і партызан, дзе яму ўстаноўлены абеліск.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР у 1945 г. Яну Фогелю было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Кожны год у агр. Малюшычы і г. Дзятлава адбываюцца мітынгі, каб аддаць даніну павагі Яну Фогелю.
Яго імем названы вуліцы у г. Валміера (Латвія), Мінску, Дзятлаве, агр. Малюшычы. У гэтым жа населеным пункце ў 1976 годзе Яну Фогелю пастаўлены помнік.
Храните в памяти все имена бойцов,
Солдат полей невидимого фронта,
Которым смерти заглянуть в лицо
Пришлось, победы не дождавшись звонкой…
Валянціна КОШУР,
бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка»
Фота з архіваў Карэліцкага раённага краязнаўчага музея і рэдакцыі газеты «Полымя»