Жыццёвае крэда Галіны Шуліцкай з вёскі Барацін: «Трэба працаваць, сям’ю любіць, з людзьмі ладзіць — і жыццё будзе радаваць»

? Подых вясны асабліва адчувальны ў вёсцы. Зямля чакае клапатлівых рук, і селянін бярэцца за справы. Так было спрадвеку: вясковец шмат і шчыра працаваў — і зямля аддзячвала яго сваімі дарамі.

? Свая хатка як родная матка

Дом пад нумарам 13 у вёсцы Барацін Красненскага сельсавета знайшлі адразу. Гаспадыня Галіна Іванаўна гасцінна запрашае — і мы заходзім у сапраўдную святліцу: у пакоях утульна і чыста.

— Хату будавалі з мужам, — апавядае жанчына. — Нялёгка было, але патрэбны быў свой куточак. На гарышчы таксама адмысловы парадак навяла. Правяраючыя нават здзіўляліся, што так змагла прыбраць. Я люблю ўсё прыгожае на зямлі.

У гэтым доме Галіна Іванаўна пражыла ўсё жыццё. Зведала і жаночае шчасце: абраннік быў добрым і надзейным. Сама не ленавалася працаваць, бралася за любую справу. Калі блізкага чалавека не стала, вучылася жыць у адзіноцтве. У цяжкія хвіліны скіроўвала позірк у неба, прасіла прабачэння ў Бога і дзяцей — і прадаўжала жыць.

На пенсіі жанчына стараецца не сумаваць. Дзеці клічуць у горад: пагасцюе ў іх і зноў вяртаецца дамоў. У вёсцы справа заўсёды ёсць для рук і для душы. «Свая хатка як родная матка. Тут і сцены дапамагаюць», — кажа суразмоўца.

? Скарбонка жыцця

Усё жыццё Галіна Іванаўна Шуліцкая працавала на зямлі. Быў у яе і любімы занятак: вырошчвала памідоры.

— Да дзесяці тысяч штук прапускала праз свае рукі, — успамінае гаспадыня. — Рэкламы асаблівай не рабіла, пакупнікоў заўсёды было ўдосталь.

Галіна Іванаўна працавала звеннявой, паляводам, даяркай — і ўсюды адносіны да працы былі шчырымі і сумленнымі. Работы ніколі не баялася — яна была ў радасць. «Нічым не хварэла, праца давала здароўе і сілы», — прызнаецца жанчына.

Зараз таксама не можа сядзець без справы. Курэй купіла, як-ніяк для састарэлага чалавека занятак ды свежае яйка на стале. Пра любімы занятак не забывае, але ж, праўда, зараз не ў такіх аб’ёмах садзіць памідоры — гады даюць аб сабе ведаць. Вось толькі зямля была і засталася для вясковага чалавека скарбонкай жыцця.

? Надзея і апора

Дзеці для маці — надзея і апора. У дзяцінстве шмат любові аддала ім, каб выраслі дастойнымі і добрымі людзьмі, знайшлі сваё месца ў жыцці і за іх не прыйшлося чырванець. Відаць, не дарэмна старалася. На яе 80-годдзе сёлета, 14 студзеня, завіталі дзеці і ўнукі, каб павіншаваць са значнай падзеяй. Як не радаваццца жыццю, што ўсё ідзе належным чынам і што яно пражыта недарэмна?

З удзячнасцю жанчына гаварыла пра тых, хто па сваім прафесійным абавязку клапоціцца пра людзей састарэлага ўзросту. Ніколі не міне выпадку, каб не пацікаваілася яе справамі старшыня Красненскага сельвыканкама Тамара Мікалаеўна Лейка, па першаму выкліку спяшаецца лечачы ўрач Юрый Арсенцьевіч Цітко. Такая ўвага акрыляе і дае сілы жыць далей.

Напрыканцы нашай сустрэчы Галіна Іванаўна Шуліцкая паведала пра сваё жыццёвае крэда: «Трэба працаваць, сям’ю любіць, з людзьмі ладзіць — і жыццё будзе радаваць».

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Лізаветы МУЦІЛОВІЧ