Кореличский гений биологии. Выпускница Вероника Шумчик делится секретами своего успеха и планами на будущее

Выпускніца сярэдняй школы №1 Вераніка Шумчык – дзяўчына, якая добра ведае, як дасягнуць сваёй мэты. Пазітыўная і шчырая, сціплая і разумная, яна з кожным днём упэўнена ідзе да сваёй мары, заслугоўваючы не толькі павагу настаўнікаў і бацькоў, але і ўсяго раёна. Малады геній біялогіі, для якога “стараннасць” – гэта не проста слова, упрыгожвае дзіцячую Дошку пашаны і верыць, што самае лепшае толькі наперадзе.

Нарадзілася будучая выдатніца ў Карэлічах. Будучы досыць познім дзіцём у сям’і, Вераніка нібы пацвярджае тэорыю аб унікальных асаблівасцях гэтых дзетак (вынікі абласных алімпіяд гавораць менавіта пра гэта). Да сустрэчы з ёй – навукай усяго жыцця – дзяўчынка займалася ўсходнімі танцамі, маляваннем і спевамі. Разам з сяброўкай хадзіла ў Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, дзе выконвала ўлюбёныя песні, саграваючы тым самым сябе і іншых. Але час дыктуе свае ўмовы, таму на змену адным інтарэсам прыйшлі іншыя, а разам з тым – і выбар будучай прафесіі. Так у жыцці сціплай зоркі Карэліцкага раёна і з’явілася навука аб усім жывым – біялогія.

– У гэтым годзе мне выпаў шанец прыняць удзел у заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі, які праходзіў у Гомелі, – расказвае Вераніка. – Для таго, каб там апынуцца, патрэбна было спачатку ўвайсці ў тройку лепшых на раённым этапе, а пазней і на абласным. Паколькі я займалася дзень і ноч, амаль без выхадных, таму ўсё і атрымалася, – з усмешкай на твары прыгадвае адзінаццацікласніца.

Падчас размовы выдатніца вучобы не забывае дзякаваць сваёй настаўніцы Ганне Канстанцінаўне Шклярж, якая не толькі дае дзяўчыне веру ў сябе, але і прадастаўляе ўвесь неабходны матэрыял, з дапамогай якога юная карэліччанка і займае прызавыя месцы. Цікава, што матэрыял гэты падуладны далёка не кожнаму студэнту…

– Алімпіяды – гэта ўзровень, таму, каб туды трапіць, немагчыма дасканала ведаць толькі адну школьную праграму – гэтага мала. Калі рыхтуемся, пастаянна выкарыстоўваем дадатковую спецыялізаваную літаратуру, прызначаную для лекцый ва ўніверсітэтах. Не сказаць, каб гэта было лёгка, але мэта заўжды апраўдвае сродкі, – разважае будучая студэнтка.

Наконт абранай прафесіі, здаецца, усё зразумела. Згадзіцеся, было б вельмі дзіўна, каб алімпіядніца па біялогіі захацела стаць дызайнерам ці эканамістам. Вераніка расказвае, што аб прафесіі ўрача марыла з пятага класа – так моцна, як медыцына, яе больш нічога не вабіла. Ды і навошта абіраць іншае, калі краіна мае цудоўную магчымасць атрымаць яшчэ аднаго прафесійнага выратавальніка чалавечых жыццяў?..

Літаральна праз некалькі месяцаў у дзяўчыны пачнецца новае жыццё, поўнае шматлікіх падзей і момантаў. Зараз жа Вераніка прыкладае ўсе намаганні, каб на “выдатна” здаць уступныя іспыты і атрымаць доўгачаканае пісьмо з фразай “залічана”. Якім будзе яе першы курс, выпускніца ўжо ведае – цяжкім і адказным. Але, я ўпэўнена, гэтая пазітыўныя прыгажуня зробіць усё дзеля таго, каб выратаваныя ёю людзі не сумняваліся: геніі сярод нас.

– Любімая страва? – Усё, што прыгатавана рукамі матулі.
– Любімы фільм? – “По соображениям совести”.
– Тры галоўныя якасці ў людзях? – Сумленнасць, працавітасць, жыццярадаснасць.
– Любімае свята? – Любое, дзе за адным сталом збіраецца ўся сям’я.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара