Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь Юрый Сянько разам з калегамі пасадзілі школьны яблыневы сад у Красным падчас рэспубліканскага суботніка (+відэа)

Лепшы падарунак ад дарослых дзецям — гэта светлая і квітнеючая будучыня. Таму ў межах рэспубліканскага суботніка 20 красавіка кіраўніцтва Карэліцкага раёна разам з прадстаўнікамі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага мытнага камітэта завіталі ў ДУА «Красненскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа» і пасадзілі для падрастаючага пакалення яблыневы сад.

Гасцінную карэліцкую зямлю наведаў ганаровы працоўны дэсант: старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь Юрый Сянько, старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэй Наумовіч, начальнік Гродзенскай рэгіянальнай мытні Андрэй Кавальчук, намеснік начальніка мытнага паста «Беняконі» Юрый Чурыла.

Віталі ў Красным і дапамагалі гасцям прадстаўнікі райвыканкама пад кіраўніцтвам старшыні Віктара Шайбака, старшыня суда Карэліцкага раёна Віктар Сянько і калектыў мясцовай школы.

Атмасфера на суботніку панавала радасная, праца ішла бадзёра і шпарка. І праз некалькі гадзін яблыневы сад, аж 96 дрэў, быў пасаджаны.

Як потым падзяліўся старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь Юрый Сянько, гэты вясновы дзень стаў для яго асаблівым:

«Падчас суботнікаў настрой заўжды добры. Бо для кожнага чалавека, які шчыра любіць сваю радзіму, сваіх родных і блізкіх, вялікая радасць зрабіць штосьці важнае дзеля іх карысці. Гэта ж так проста — прыбрацца на зямлі, пасадзіць дрэва. А сёння мяне ўвогуле перапаўняюць эмоцыі, бо я разам са сваімі калегамі ў дружнай кампаніі з мясцовымі ўладамі саджу сад на Карэліччыне — маёй малой радзіме, сам я з вёскі Даўгінава. Я ўпэўнены, што наша справа дасць добрыя плады і будзе радаваць і дзетак, і жыхароў Краснага. Бо яблыневы сад — гэта сімвал квітнеючага жыцця. Але мы павінны клапаціцца пра нашу зямлю не толькі падчас суботнікаў. Мы ў адказе за яе кожны дзень».

Лёсы дэпутата Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэя Наумовіча і намесніка начальніка мытнага паста «Беняконі» Юрыя Чурылs таксама цесна звязаны з Карэліччынай, асабліва з Красным. Таму і для іх удзел у пасадцы яблыневага сада стаў знакавай і запамінальнай падзеяй.

Юрый Сянько і Андрэй Наумовіч. Землякам заўжды ёсць, што ўспомніць.

Правялі красавіцкую суботу ў роднай школе і яе работнікі разам з вучнямі. Хтосьці прыбіраўся на тэрыторыі, іншыя фарбавалі сцены. А падлеткам была даручана самая важная справа — пасадка алеі туй да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Але найбольш за ўсіх суботнік запомніўся першакласнікам, бо ён стаў для іх першым у жыцці.

Першы раз на першы суботнік!

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота і відэа аўтара