31 мая ў Карэлічах у чацвёрты раз заззялі «Праменьчыкі надзеі» (фота)
? 31 мая самым сонечным месцам Карэліччыны стала сярэдняя школа №1 райцэнтра, дзе ў чацвёрты раз заззяў дзясяткамі юных талентаў раённы фестываль творчасці дзяцей малодшага ўзросту «Праменьчыкі надзеі».
Сёлета гледачоў і журы радавалі аж дваццаць адным яскравым нумарам прадстаўнікі дзесяці устаноў адукацыі — як дашкаляты, так і навучэнцы пачатковых класаў. Гэта сярэдняя школа №1 г.п. Карэлічы, Мірская сярэдняя школа, Жухавіцкая сярэдняя школа, Лукская сярэдняя школа, Райцаўскі ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа, Турэцкі ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа, дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г.п. Карэлічы, яслі-сад №1 г.п. Карэлічы, яслі-сад г.п. Мір, Жухавіцкі дзіцячы сад.
Народныя і сучасныя танцы, інструментальныя кампазіцыі, ладныя спевы здзіўлялі прысутных і дарылі ўсмешкі. Усе нумары адрозніваліся арыгінальнасцю і майстэрствам. Дзеці падыйшлі да сваіх выступленняў па-даросламу сур’ёзна і падрыхтаваліся на ўсе 100 адсоткаў.
Радасна, што большасць нумароў была прысвечана малой радзіме. Хлопчыкі і дзяўчынкі так хораша спявалі па-беларуску і спрытна танчылі ў народным стылі, а калектыў «Непаседы» ўвогуле стварыў цэлую тэатралізаваную кампазіцыю «Куток Беларусі».
Пры гэтым дзеці прадэманстравалі, што іх не спужаць і такімі эксперыментамі, як дынамічны і экзатычны нумар «Лаціна Стайл» у выкананні Яраслава і Дамінікі Мядушэўскіх.
Адмысловую падтрымку юныя артысты атрымалі не толькі ад залы і педагогаў, але і ад сваіх бацькоў. Так на сцэну разам са сваімі дзеткамі выйшлі мамы: Юлія Камароўская з сынам Уладзіславам і Юлія Калеснік з дачкой Ганнай. Сямейнай творчасцю падзяліліся і сястрычкі Ганна і Сафія Шышкір.
Журы ў складзе намесніка начальніка ўпраўлення адукацыі райвыканкама Алы Шэўка, метадыста раённага вучэбна-метадычнага кабінета Наталлі Ардзюк і дырэктара раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ларысы Карась не шкадавала апладысментаў і падарункаў. Выдатны ўзровень падрыхтоўкі і вялікія надзеі на далейшыя творчыя перамогі маленькіх карэліцкіх зорачак выказала падчас узнагароджання і начальнік упраўлення адукацыі райвыканкама Ірына Асташэвіч.
Завяршылася свята імправізаваным караоке з удзелам журы, юных артыстаў, бацькоў, педагогаў і гледачоў. Дарослыя і дзеці з задавальненнем разам праспявалі «Маленькую краіну» і «Антошку».
А яшчэ дружна наведалі невялікую выставу дэкаратыўна-прыкладной творчасці юных майстроў з Баранавіцкай сярэдняй школы, Лукскай сярэдняй школы, Палужскага дзіцячага сада, Аюцавіцкай базавай школы, дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г.п. Карэлічы і ясляў-сада №1 г.п. Карэлічы.
Сапраўды, нашы маленькія таленавітыя сонейкі запалілі ў кожным прысутным праменьчыкі надзеі, веры і любові!
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара
? P.S. Шаноўныя сябры, яшчэ больш здымкаў размешчаны ў фотаальбоме «Праменьчыкі надзеі-2019», які знаходзіцца ў афіцыйных суполках газеты «Полымя»:
? ВКонтакте — «Типичные Кореличи»
? Одноклассники — «Карэлічы па-беларуску I Кореличи на белорусском»