9 Мая Карэлічы чакала насычаная вячэрняя праграма
З самай раніцы і да ночы Карэліччына з размахам і душой адзначае Дзень Перамогі.
Вячэрнюю праграму распачаў святочны канцэрт “Песні Перамогі” у межах абласной акцыі “У шэсць гадзін вечара пасля вайны”. Ва ўсім рэгіёне ў адзін час раённыя цэнтры, аграгарадкі і нават спальныя мікрараёны загучалі мелодыямі ваенных гадоў.
Не паспелі спевакі ды танцоры пайсці са сцэны, як госці свята віталі музычна-патрыятычную акцыю “Народны хор Перамогі”.
Канцэрты артыстаў беларускай эстрады і калектыва “Арт-Снеж” таксама ўвайшлі ў лік незабыўных мерапрыемстваў і прыемных сюпрызаў святочнай праграмы.
Падчас канцэрту словы пашаны і ўдзячнасці прагучалі ў адрас Мікалая Іванавіча Дулуба — былога дырэктара Дома культуры, якога не стала роўна дванаццаць гадоў таму. Яго памяці была прысвечана песня «Жураўлі» і запушчаны ў неба белыя шары.
Кульмінацыяй вечара стала акцыя “Спяваем Дзень Перамогі разам”. А самых нястомных гледачоў яшчэ чакала і святочная дыскатэка.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота Вікторыі КАСЦЮК і Лізаветы МУЦІЛОВІЧ