Карэлічы ўпрыгожылі габіёны і іншыя навінкі ландшафтнага дызайну
Карэліччына квітнее. Менавіта так можна сказаць пра вуліцы райцэнтра, якія дзякуючы старанням брыгады па добраўпарадкаванні і азеляненні Карэліцкага РУП ЖКГ радуюць вока жыхароў і гасцей пасёлка.
Усяго на кветніках у г.п. Карэлічы было высаджана каля 7 тысяч петуній, аксамітак і іншых кветак. Напярэдадні Дня Перамогі набылі адноўлены знешні выгляд кветнікі на мемарыяльным комплексе “Зорка”, каля будынка райвыканкама, гасцініцы. Уладкаваны новы кветнік у выглядзе лічбы «75» каля будынка раённага вузла паштовай сувязі. Каля магазіна “Родны кут” па вуліцы Прытыцкага з’явіліся драўляныя канструкцыі з кашпо. Работа па азеляненні была праведзена і ў г.п. Мір, дзе было высаджана каля 3 тысяч кветак.
Сёлета для ландшафтнага афармлення райцэнтра работнікі Карэліцкага РУП ЖКГ скарысталі новую для раёна форму – габіёны, якія ўяўляюць сабой збудаванні з ацынкаванай сеткі, запоўненыя каменнем. Атрымалася вельмі цікава і арыгінальна. А галоўнае – з экалагічна чыстага матэрыялу. Непадалёк ад гасцініцы па вуліцы Гагарына з’явілася фігура ў выглядзе слімака, па вуліцы Прытыцкага – шары-кветнікі, якія прыцягваюць увагу і аздабляюць адну з цэнтральных вуліц райцэнтра.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара