Касцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах радуе хараством у Марыйны месяц май (фота)

? Як толькі не называюць май нашы паэты! Ён і квяцісты, і салодкі, і духмяны, і ласкавы, і лагодны. А яшчэ – Марыйны, гэта значыць прысвечаны асабліваму ўшанаванню Найсвяцейшай Панны Марыі.

Традыцыйна на працягу месяца беларускія католікі збіраюцца ў касцёлах, каплічках, каля прыдарожных крыжоў, у сваіх дамах на маёвыя набажэнствы. Асаблівае хараство святой дзеі надае Ларэтанская літанія – адна з найпрыгажэйшых і старадаўніх (назва ўпершыню сустракаецца ў 1575 годзе) малітваў да Маці Божай.

Само слова “літанія” з латыні перакладаецца як “зварот, просьба”. Узнікла падобная форма малітвы прыкладна ў XII стагоддзі. Што датычыцца назвы “Ларэтанская”, то яна паходзіць ад італьянскага горада Ларэта. Менавіта сюды, згодна паданню, анёлы перанеслі з Назарэта дамок, дзе нарадзілася Панна Марыя і ў якім арханёл Габрыэль звеставаў Ёй Добрую навіну аб цудоўным зачацці Езуса Хрыста. У наш час у Ларэта знаходзіцца знакаміты Марыйны санктуарый.

Увогуле май асаблівым чынам звязаны з асобай матулі. У першую нядзелю месяца католікі Гродзенскай дыяцэзіі адзначалі Дзень маці, а ў другую, 12 мая, прымалі віншаванні незалежна ад канфесій мамы ўсяго свету.

Шчодрая ў маі і маці-прырода, якая ўпрыгожвае зямлю чароўным убраннем. Вясновы настрой пануе і ў касцёлах. Там, асабліва каля вобразаў Панны Марыі, радуюць вока вернікаў россыпы кветак. Нездарма ў малітве да Маці Божай Маёвай ёсць такія радкі:

“О найцудоўнейшая Маці Божая, Каралева свету, Суцяшэнне наша! Ля Тваіх ног мы складаем зеляніну і букеты розных найпрыгажэйшых кветак, каб яны былі шматколернай, пахучай аздобай сэрцаў і думак нашых. Астры няхай будуць узорам праўды, прыкметай цярплівасці, браткі – сяброўства, фіялкі – прыкладам сціпласці, лілеі – сімвалам нявіннасці, незабудкі – сардэчнай памяці аб Табе, павой – адзнакай трываласці, а самыя пахучыя ружы – адлюстраваннем нашых гарачых пачуццяў да Цябе”.

Мы зазірнулі адным майскім днём у касцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах у госці да а. Ежы Саковіча і а. Ануфрыя Альховіка, каб падзяліцца з вамі тутэйшым квяцістым хараством і вясновай атмасферай.

Бэз для Маці Божай. Айцец Ануфрый Альховік і юная парафіянка Мілана Кудрыцкая.

Любімец айца Ежы Саковіча Рыкі таксама радуецца квяцістаму маю.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара

Паводле catholic.by (аўтар: кс. Аляксандр Улас), газеты «Слова Жыцця», малітоўніка «Бог Добры»