У Карэлічах юныя каратысты прысвяцілі свае перамогі ў межах спаборніцтваў «Зоркі Панямоння» героям Вялікай Айчыннай вайны (фота)
? Пакуль нашы дзеці памятаюць пра подзвіг савецкіх салдат у гады Вялікай Айчыннай вайны, мір будзе на беларускай зямлі. З такім пасланнем прайшло 8 мая ў шосты раз у Карэліцкім РЦКіНТ культурна-спартыўнае свята «Зоркі Панямоння».
Падзея адбылася ў межах рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае» і сабрала 27 юных каратыстаў з Карэліч, Навагрудка і Гродна. Сонечным вясновым днём прадстаўнікі клубаў «Белы тыгр», «Барс» і «Бассай» не толькі паказалі прыгожую барацьбу на татамі, але і разам з артыстамі Карэліцкага РЦКіНТ падарылі гледачам пранізлівую канцэртную праграму. Песні, вершы, інструментальныя кампазіцыі пра подзвіг нашых салдат, гады ваеннага ліхалецця і пераможны май знайшлі жывы водклік у сэрцах кожнага прысутнага.
Не пакінуў нікога раўнадушным і аповед старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Ніны Яфрэмавай пра гераічнае жыццё ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Фёдара Бядрыцкага, памяці якога сёлета і было прысвечана культурна-спартыўнае свята. Ураджэнец Магілёўскай вобласці, ён не толькі годна і мужна змагаўся за родную Беларусь, але і шмат зрабіў у мірныя гады падчас працы ў Карэлічах для прыяднання падрастаючага пакалення да здаровага ладу жыцця.
У прывітальнай прамове з падзякай узгадала герояў, якія падарылі нашай краіне мірную будучыню, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, старшыня РА ГА «Беларускі саюз жанчын» Іна Санчук.
А моцнай падтрымкай для юных спартсменаў стаў зорны госць – талісман II Еўрапейскіх гульняў у Мінску лісяня Лесік.
Вялікі інтарэс у гледачоў і ўдзельнікаў мерапрыемства выклікалі інтэрактыўныя пляцоўкі з яркімі тэматычнымі фотазонамі і выставамі карэліцкіх устаноў культуры: краязнаўчага музея, раённай бібліятэкі, Дома рамёстваў і дзіцячай школы мастацтваў.
А галоўнай падзеяй свята, безумоўна, сталі спаборніцтвы. Ва ўсіх раздзелах канкурэнцыя была моцнай, але жаданне выдатна выступіць і перамагчы яшчэ большым. Баявы характар на татамі яскрава прадэманстравалі як хлопчыкі, так і дзяўчынкі.
Нядзіўна, што ніхто са спартсменаў не застаўся на свяце без падарункаў. А галоўныя ўзнагароды судзейская камісія размеркавала наступным чынам. У раздзеле індывідуальнае ката сярод юнакоў 5-8 гадоў першае месца заняў Іван Касяк, другое — пяцігадовы Данііл Літвін, дарэчы самы маленькі ўдзельнік змаганняў, трэцяе — Раман Аляшкевіч, чацвёртае — Ігнат Дунец. Ва ўзроставай катэгорыі 8-10 гадоў пераможцам стаў Ілья Муха, на другім месцы — Аляксей Дораш, на трэцім — Кірыл Краскоўскі, на чацвёртым — Аляксей Горбік. Лепшым сярод юнакоў 9-11 гадоў названы Ягор Сякач, другое месца заваяваў Дзяніс Анісеня, трэцяе — Кірыл Куліцкі, чацвёртае — Даміян Чычкан. Яшчэ ў адным індывідуальным раздзеле ва ўзроставай катэгорыі 10-12 гадоў перамогу святкаваў Кірыл Арцюх, на другім месцы — Мікалай Касцюк, на трэцім — Яраслаў Кандрусік. Таксама ў іншых раздзелах выдатна выступілі Іван Несцер, Антон Дробыш, Ангеліна Арцюх, Лізавета Царэвіч, Кірыл Каленька, Уладзіслаў Дземянчук, Анатолій Фурса, Аляксандр Барыла, Аляксандр Крапіўніцкі.
У агульнакамандным заліку перамог клуб «Белы тыгр» (Карэлічы), на другім месцы — «Белы тыгр» (Навагрудак), на трэцім — «Барс» (Навагрудак), на чацвёртым — «Бассай» (Гродна).
Як адзначыў галоўны суддзя змаганняў і кіраўнік клуба «Белы тыгр» Аляксандр Абадзінскі, свята атрымалася незабыўным і асаблівым для кожнага і стала важным падрыхтоўчым этапам да 10-х Рэспубліканскіх спаборніцтваў па шотакан каратэ-до «Бастыёны свету», што пройдуць сёлета на Карэліччыне ў жніўні.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара
???? P.S. Шаноўныя сябры, яшчэ больш здымкаў размешчаны ў фотаальбоме «Зоркі Панямоння» | 8 мая 2019 г.», які знаходзіцца ў афіцыйных суполках газеты «Полымя»:
?? ВКонтакте — «Типичные Кореличи»
?? Одноклассники — «Карэлічы па-беларуску I Кореличи на белорусском»