В гуще событий. Кореличчане делятся впечатлениями о II Европейских играх в Минске

Наўрад ці зараз можна знайсці падзею, якая па сваім маштабе перасягае ІІ Еўрапейскія гульні ў Мінску, за якімі сочыць уся краіна. Пахварэць за беларусаў, адчуць атмасферу свята і убачыць на свае вочы тое, аб чым гаворыць уся рэспубліка, вырашылі і жыхары нашага раёна. Дваццаць трэцяга і дваццаць чацвёртага чэрвеня гледачамі спаборніцтваў па боксе і мастацкай гімнастыцы і акрабатыцы сталі работнікі Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы, а таксама выкладчыкі Мірскага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа.

З якімі ўражаннямі яны вярнуліся дамоў?..

Наталля ЛОЙКА,
урач анестэзіёлаг-рэаніматолаг аддзялення гемадыялізу УЗ “Карэліцкая ЦРБ”:

– На мерапрыемствах такога кшталту я ніколі не была, таму ўдвая цікавей было назіраць за тым, як праходзіць галоўнае спартыўнае свята бягучага года. Мастацкая гімнастыка, безумоўна, вельмі прыгожы від спорту, таму і ўражанні ад яго самыя станоўчыя. Мы з калегамі хварэлі за Кацярыну Галкіну, нашу беларускую спартсменку, і вельмі рады, што яны атрымала заслужаны сярэбраны медаль. Таксама нам спадабалася ветлівасць і абыходлівасць валанцёраў, якія дапамагалі арыентавацца ў незнаёмым памяшканні. Нягледзячы на тое, што ў сукупнасці мы прабылі там каля пяці гадзін, стомленасці не адчувалі – настолькі яскрава і фантастычна ўсё было.

Юлія ГРЫГОР’ЕВА,
памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе УЗ “Карэліцкая ЦРБ”:

– Мастацкую гімнастыку і акрабатыку я люблю з самага дзяцінства. І калі выпаў шанец убачыць гэта ўсё ўжывую, я была на сёмым небе ад шчасця. З вялікім задавальненнем мы назіралі за замежнымі спартсменамі, але, вядома, хварэлі за нашых. Спадабаліся таксама інтэрактыўныя пляцоўкі каля Палаца спорту, у якім, дарэчы, я апынулася першы раз у жыцці. Вядучы аднаго са сталічных радыё праводзіў розныя гульні, конкурсы і флэшмобы, якія яшчэ больш спрыялі добраму настрою і святочнай атмасферы ў цэлым. Час прайшоў настолькі хутка, што мы нават і не заўважылі, як прыйшла пара вяртацца дамоў. Калі б у мяне існавала такая магчымасць, то я б з задавальненнем наведала яшчэ спаборніцтвы па бегу з перашкодамі – таксама вельмі цікавая дысцыпліна.

Наталля АТЦЭЦКАЯ, майстар па вытворчаму навучанню УА “Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж”:

– На спартыўных мерапрыемствах такога ўзроўню мне бываць яшчэ не прыходзілася. І ведаеце, спадабалася ўсё: праграма, абстаноўка, атмасфера. Паколькі ў нас з калегамі былі добрыя месцы, то назіраць за баксёрамі, у тым ліку за беларусамі – Мікалаем Шахам, Віктарам Чварковым, Галінай Бруевіч, Антанінай Аксёнавай і іншымі – было вельмі зручна. Нягледзячы на тое, што ў жыцці я не вельмі сачу за спортам, быць у эпіцэнтры Еўрапейскіх гульняў аказалася вельмі цікава. Дарэчы, калі б мне прапанавалі з’ездзіць у Мінск яшчэ раз, то сярод мноства спартыўных дысцыплін я б абрала баскетбол.

Святлана ШВАЙКОЎСКАЯ, майстар па вытворчаму навучанню УА “Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж”:

– Трэба адзначыць, што арганізацыя гульняў была на вышэйшым узроўні. Валанцёры спраўляліся са сваёй задачай на выдатна, паўсюль было чыста і прыгожа. Едучы на мужчынскі бокс, мы адначасова ўбачылі і жаночы, што таксама пакінула добрае ўражанне. Не сапсавала агульны настрой і спёка, бо ў памяшканні была даволі камфортная тэмпература. Хварэлі мы не толькі за беларусаў, але і за ўсіх удзельнікаў спаборніцтва, таму што бокс – тая дысцыпліна, у якой перажываеш абсалютна за кожнага.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота ўдзельнікаў апытання